
У аўторак бягучага тыдня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Наркевіч і старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец з рабочым візітам наведалі г.п. Шарашэва.
Спачатку ў Шарашэўскім сельвыканкаме быў праведзены сумесны выязны прыём грамадзян, падчас якога да Юрыя Іосіфавіча звярнулася выбаршчыца па пытанні кампенсацыі расходаў за выкананне работ па падключэнні электраацяплення ў доме. Яно ўзята на кантроль, дадзены адпаведныя даручэнні.
Пасля прыёму адбылася сустрэча з актывам сельсавета. Якія высновы зроблены пасля размовы? Толькі ў нашых руках зрабіць Беларусь яшчэ прыгажэйшай, выбраць правільную дарогу для развіцця нашай краіны, быць заўсёды адзіным народам, гатовым у любы час стаць на абарону інтарэсаў Радзімы.
Канечне, не абмінулі ўвагай Юрый Іосіфавіч і Мікалай Пятровіч Шарашэўскую сярэднюю школу імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Хацімскага, дзе сустрэліся з працоўным калектывам. Галоўнай тэмай сустрэчы былі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Як было адзначана, калектыў установы адукацыі вызначаецца высокай грамадзянскай адказнасцю, а ўдзел у такой важнай для ўсёй краіны падзеі лічыць самай яркай яе праявай. Таксама адбылося знаёмства з работай выбарчай камісіі, якая будзе працаваць у школе.
Праца народных абраннікаў мела працяг і ў наступныя дні мінулага тыдня. Падрабязнасці работы дэпутатаў будуць апублікаваны ў наступным нумары газеты.
Алена Зубко, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрыя Наркевіча
