
У мінулым годзе прамысловы сектар эканомікі нашага раёна папоўніўся яшчэ адным прадпрыемствам: у строй уступіў філіял райспажыўтаварыства — цэх па вырабе мясных кансерваў. Пакуль гэта падраздзяленне толькі раскручвае вытворчыя абароты, аднак першая прадукцыя ўжо сышла з канвеера і атрымала станоўчыя водгукі ад спажыўцоў. Пра што мы вырашылі даведацца падрабязней, пабываўшы на вытворчасці.
Як расказвае дырэктар філіяла Сяргей Сіплівы, будаўніцтва новага корпуса, які размясціўся на вул. Макаранкі, пачалося напрыканцы 2023 года, калі быў зацверджаны праект і адкрыта фінансаванне. Дарэчы, узвядзенне вялося за кошт крэдытных сродкаў, а сума ўсяго інвестпраекта склала 4,2 мільёна рублёў. Выкананнем будаўнічай часткі занялася ПМК-21, работнікі якой паспяхова справіліся з задачай, да таго ж, у вызначаныя тэрміны. Паралельна вырашалася пытанне з аснашчэннем цэха мясных кансерваў, набывалася новае абсталяванне, у тым ліку і айчыннай вытворчасці.
— Толькі трэць апаратаў з Расіі, штосьці было пастаўлена з Кітая, а астатняе наша, айчыннае,— зазначае Сяргей Анатольевіч.— Сыравіну ўвогуле пастаўляюць сельскагаспадарчыя таварыствы Пружаншчыны, а бляшаную банку — Ляхавічы.
Адначасова рэгістравалася тэхналогія вырабу мясных тушонак, якая хоць і адпавядае ўстаноўленым у Беларусі стандартам і тэхумовам, але ж усё-такі мае «мясцовы каларыт». І ў чым жа сакрэты прыгатавання?

У якасці асноўнага напаўняльніка выкарыстоўваюцца толькі натуральныя інгрэдыенты, спецыі і прыправы. Дарэчы, згодна з ТНПА, напаўняльнасць пружанскай тушонкі мясам складае 97,5 % (для параўнання, расійскі ГОСТ дазваляе 60%). Зараз ідзе актыўны выраб аднаго з трох дэклараваных відаў прадукцыі — «Тушонка гавяджая рубленая», пры дастатковасці сыравіны тут жа могуць запускаць на канвеер «Тушонку гавяджую» вышэйшага і 1 гатункаў. Вось толькі сыравінныя пастаўкі яшчэ ў працэсе ўладкавання, пасля чаго можна будзе смела пераходзіць на поўную магутнасць. А магчымыя аб’ёмы вытворчасці, па словах кіраўніка прадпрыемства, на сучаснай лініі кансервацыі дазваляюць за змену вырабляць да тоны гатовай тушонкі, або тры тысячы банак.
Трэба адзначыць, што калектыў цэха, як і кіраўніцтва райспажыўтаварыства, па першых выніках продажу пераканаліся ў наяўнасці попыту. Першыя пастаўкі ажыццяўляліся па сетках магазінаў пружанскай кааперацыі, а таксама па Брэсцкай вобласці. І рэзультат выйшаў ашаламляльны: напрыклад, у Баранавічах хуткасць разбору пружанскай тушонкі склала амаль 400 банак за гадзіну! На што, у прыватнасці, уплывае і кошт прадукту, які ўстаноўлены на самай нізкай рысе.
Безумоўна, дасціпны чытач можа выказаць сумненне: ці можна гэту падзею 2024 года лічыць знакавай для эканомікі нашага рэгіёна? Маўляў, прадпрыемства нельга назваць вялікім, усяго 14 працоўных месцаў, з якіх 5 — новыя. Аб’ёмы вытворчасці — кропля нават на ўзроўні вобласці. Ды і канкурэнтаў у пружанскай тушонкі ўжо хапае (інтэрнэт сцвярджае, што ў Беларусі амаль 2 дзясяткі вытворцаў). Натхняе ў гэтай навіне іншае: паступова пружанская прамысловасць выходзіць на больш паглыблены ўзровень перапрацоўкі сыравіны. Раней мы маглі перапрацоўваць толькі садавіну, агародніну. Цяпер можна набыць мясцовыя мясныя паўфабрыкаты, дзякуючы пашырэнню вытворчых магчымасцей ААТ «Жураўлінае», «Ружаны-Агра» і іншых арганізацый. А зараз да спіска дадалася яшчэ і тушонка пад маркай «Зроблена ў Пружанах», якая будзе рабіць свой уклад у напаўняльнасць раённага бюджэту. А як рост апошняга звязаны з дабрабытам кожнага пружанца, мяркуем, растлумачваць не трэба.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
