Среда, 20 мая 2026

Што рабіць з «хатнім шкоднікам»?

613

Мы з мужам зараз знаходзімся ў шлюбаразводным працэсе, але пакуль жывём разам у адной кватэры. Што мне рабіць, калі ён пачынае наўмысна руйнаваць і агульную маёмасць, і мае ўласныя рэчы?

Адказвае старшы ўчастковы інспектар Дзмітрый Казарэнка:


— Пачну з банальнай фразы: трэба ўмець дамаўляцца. Зразумела, што далёка не заўсёды гэта атрымліваецца зрабіць, асабліва калі чалавек мэтанакіравана імкнецца нашкодзіць іншаму, у тым ліку жонцы, дзецям, бацькам. Калі маёмасць з’яўляецца сумесна нажытай, то можна звяртацца з іскам у суд. Гэта грамадзянска-прававыя адносіны і прыцягнуць грамадзяніна да адказнасці супрацоўнікі РАУС не змогуць.

У тым выпадку, калі маёмасць была набыта да шлюбу або падорана жонцы, то яна мае права звярнуцца ў міліцыю з заявай для прыцягнення грамадзяніна да адміністрацыйнай адказнасці. Паводле арт. 11.3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, якія пацягнулі прычыненне шкоды ў невялікім памеры, цягнуць накладанне штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь.