Нядаўна стала сведкам, як двое падлеткаў ламалі збудаванне ў гарадскім парку. Ці лічыцца гэта вандалізмам і якая прадугледжана адказнасць?
Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі Дзяніс Касцюк:
— Вандалізм – гэта не толькі разбурэнне гістарычных помнікаў і культурных каштоўнасцей. Супрацьпраўным учынкам такога кшталту лічыцца любое пашкоджанне грамадскай маёмасці. У тым ліку нанясенне надпісаў, іерогліфаў, малюнкаў на фасадах будынкаў, збудаванняў, на вокнах грамадскага транспарту ці навучальных устаноў.
Арт. 341 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь усталявана крымінальная адказнасць: пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства (хуліганства, наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці і інш.)прадугледжаны грамадскія работы, штраф, арышт, папраўчыя работы да 2 гадоў, абмежаванне ці пазбаўленне волі да 3 гадоў. Пры вызначэнні памеру прычыненай шкоды ацэньваецца рынкавы кошт выдаткаў на аднаўленне (замену) пашкоджанай маёмасці. Адказнасць за дадзенае злачынства настае з 14 гадоў.
