Каму, як ні ёй, трэба пакланяцца, рабіць усё магчымае, каб жылося хоць крышачку лягчэй. Яна па праве заслужыла спакою, каб вочы заўжды свяціліся шчасцем, не было ў іх гора і смутку. Няма на свеце больш пяшчотных рук, чым у яе. А хто яшчэ так любіць сваіх дзетак, ахвяруе сабой, толькі каб ім жылося добра, каб не ведалі бяды? Каму яшчэ падуладна сумяшчаць сямейныя справы і працу, часам і зусім нялёгкую, у той жа сельскай гаспадарцы ў якасці жывёлаводаў, аператараў машыннага даення? Канечне, нашай самай абаяльнай, мілай, непаўторнай, адзінай жанчыне, якая прызвана быць стваральніцай жыцця і захавальніцай міру і шчасця.

Не трэба чакаць поваду, каб выказаць любоў да нашых матуль, бабуль. Кожны новы дзень — магчымасць сказаць «дзякуй» нашым дарагім за шчаслівае дзяцінства, летуценнае юнацтва, падтрымку падчас сталення і бязмежную веру ў сваіх дзяцей.
Бясспрэчна, заслужылі самых цёплых слоў за сумленнае жыццё, адкрытасць да людзей, жаданне даць гэтаму свету больш цяпла і дабрыні, адданасць працы ў тагачасным калгасе «Іскра» жыхаркі невялікай і ўжо малалюднай вёскі Галены, якая прыхавалася ў Белавежскай пушчы.
Чаго толькі вартыя дзве родныя сястры Ганна Данкевіч і Таццяна Пакала! Яны не патрабуюць нейкіх пахвал, не чакаюць узнагарод, не зайздросцяць нікому, проста ціха жывуць, бачачы сябе ў дзецях, унуках і ўжо нават праўнуках. Жанчыны ўжо даўно на пенсіі, таму часу цяпер дастаткова, каб надоечы ўспомніць, як усё было напачатку, чаму радаваліся, а што пакідала ў сэрцы і смутак.

Нарадзіліся ў гэтай жа вёсачцы, у шматдзетнай сям’і Мікалая Савельевіча і Лідзіі Піліпаўны Казарэзаў, якіх, на жаль, няма ўжо на гэтым свеце. Зразумела, змалку даводзілася ўцягвацца ў работу, працаваць на агародзе, хадзіць у лес па грыбы і ягады, дапамагаць матулі па навядзенні парадку ў доме, пасля і брацца за гатаванне ежы. На спачын часу было не вельмі многа, але ўсё роўна выбіралі хвілінку, каб павесяліцца, заспяваць любімую песню, паслухаць спеў птушак і палюбавацца кветкамі, якія самі вырасцілі.
Усё гэта было, але неяк ужо хутка праляцела. І самае галоўнае, што выраслі працавітымі людзьмі ды яшчэ стварылі сапраўдную працоўную дынастыю. Мікалай Савельевіч многа гадоў адпрацаваў у калгасе «Іскра» будаўніком, дзе шчыравала жывёлаводам і Лідзія Піліпаўна. Калі матулі прыйшоў час ісці на пенсію, на яе месца заступіла 16-гадовая Ганна. А праз чатыры гады перавялася ў аператары машыннага даення, дзе адпрацавала 22 гады да выхаду на заслужаны адпачынак. Адвеку работа на ферме не была лёгкай, а запомніўся той час, калі яшчэ даілі ў бачкі, а то і рукамі, калі хацелася хутчэй пайсці дадому. За гэты перыяд толькі тры разы і схадзіла ў адпачынак, а так усё каля сваіх каровак, з якімі сустракалася два разы на дзень (напачатку было і тры!). Добра, што ферма была ў тым жа населеным пункце. На змену ж сястры прыйшла ў 1995 годзе Таццяна Мікалаеўна і каля 10 гадоў таксама аддала сельскай гаспадарцы. Працягу дынастыі не атрымалася. Але ж гэта не бяда, проста, відаць, у старэйшага пакалення любові да працы на вёсцы было ў крыві больш, генетыка была мацнейшай. Куды важней заўсёды па жыцці заставацца чалавекам, даказана часам.

Дарэчы, аб дзецях. Вось тут жанчынам сапраўды ёсць пра што расказаць, і вочы адразу загараюцца. Бо гэта ж іх самае вялікае шчасце, нягледзячы на тое, што сыны і дочкі ўжо самі сталі дарослымі. Для сваіх матуль яны назаўжды застануцца малымі гарэзамі, якіх патрэбна аберагаць і настаўляць на шлях ісціны. Ганна Мікалаеўна падняла на ногі сына Сяргея і дачку Ірыну, якая падарыла ўнукаў. А яшчэ прымі, калі ласка, прабабуля, букецік з руж — праўнучак! Уцеха для Таццяны Мікалаеўны — Алена, Марына, Вольга і Аляксей, яе гонар і шчасце. А яшчэ 15 унукаў! Сумаваць бабулі адназначна не даводзіцца, асабліва ў летнія месяцы. Але ж шумна ў хаце — значыць жыццё не спыняецца, набывае новае значэнне. Праўнукам таксама ёсць месца ў добрым сэрцы Таццяны Мікалаеўны.
Зразумела, што не ўсё ахоплена з таго, што хацелася б расказаць пра гэтых сціплых жанчын. Яны — доказ таго, што такія ёсць сярод нас, сарамяжлівыя, мяккія душой і гатовыя заўжды падзяліцца пяшчотай і дабрынёй.
З вялікай сям’і, у якой гадавалася шасцёра дзяцей, і жыхарка Гален Марыя Арустовіч. Для бацькоў Аляксандра Мікалаевіча і Юліі Мікіцічны Тарасевічаў было ў радасць бачыць, як падрастаюць дзеці, выходзяць у самастойнае жыццё. Яны змаглі ўсіх адарыць ласкай, прывіць любоў да роднай старонкі, працы на зямлі. Таму і цяпер, у свае 82 гады, Марыя Аляксандраўна і не думае сядзець склаўшы рукі. Мае дагледжаны агарод, на якім пасаджаны бульба (куды без яе!), агуркі, памідоры. Карацей кажучы, будзе што ў слоік пакласці і ў склеп засыпаць.

Усяго па жыцці хапала. Цяжкавата, але весела і дружна жыла сям’я Тарасевічаў, з Богам у душы. Як успамінае Марыя Аляксандраўна, у дзяцінстве і лазу даводзілася дзерці, і па ягады з матуляй хадзілі. Нават у Пружаны пешшу за хлебам дабіраліся. Але ж бацькі заўжды вучылі: калі сёння цяжка, то заўтра абавязкова будзе палёгка.
У 18 гадоў выйшла замуж. І пачалося самастойнае жыццё, напоўненае і радасцю, а недзе і засмучэннем, бо гладкім яно быць і не можа. Так жывуць усе добрыя людзі, пераадольваючы перашкоды, каб потым адчуць асалоду шчасця. У сям’і на свет з’явіліся Зінаіда, Святлана і Аляксандр. Яны і сталі для Марыі Аляксандраўны мэтай жыцця, для іх і цяпер жыве, хвалюецца. А там і ўнукі з праўнукамі парадавалі жанчыну. Наведваюць, дапамагаюць і хату прыбраць, і ў агародзе прапалоць.

За шчасце ў свой час палічыла працаўладкаванне на ферму ў Галенах аператарам машыннага даення ў 1992 годзе. Да гэтага 20 гадоў адпрацавала прадаўцом у магазіне. Але ж без выхадных, калі і дома работы хапае, і дзеці чакаюць матулінай ласкі… А тут і дні свабодныя з’явіліся. Яшчэ і на пенсіі 4 гады адпрацавала, грошы ж лішнімі ніколі не бываюць.
У клопатах і жыццё імкліва пранеслася, але Марыя Арустовіч ні аб чым не шкадуе, іншага і не хоча. Бо што наканавана звыш, ніхто не адменіць. Ёй сэрца не баліць аб пражытым, там усё будавалася на сумленні і шчырасці. Таму і жывецца ў роднай хаце спакойна і прывольна.
Гледзячы на натруджаныя рукі гэтых жанчын, хочацца сказаць велізарны ім дзякуй за сумленнае жыццё, шчырую працу, чалавечнасць і любоў да ўсяго жывога. Яны — сапраўднае ўпрыгажэнне сваёй краіны!
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік
