Суббота, 12 октября 2024

Узворваюць глебу пад азімую сяўбу і сеюць азімы ячмень у ААТ «Ліноўскае»

167

У Пружанскім раёне патрэбна правесці асноўную апрацоўку глебы пад сяўбу азімых збожжавых на 25150 га, у тым ліку на зерне — на 21850 га. На аўторак бягучага тыдня апрацавалі 21520 га, што складае 86%.

Праязджаючы ўздоўж палеткаў, можна заўважыць, што работа на іх і не думае сціхаць. Праводзіцца асноўная апрацоўка глебы, яе падрыхтоўка і непасрэдна сяўба азімых збожжавых культур.

Сонейка, нягледзячы на верасень, грэе ва ўсю моц. Мала хто і ўспомніць такі гарачы пачатак восені. Вось цяпер каб дажджоў, спорных, на дзень-другі. І грыбы пайшлі б, хаця б познія, і земляробам было б куды лягчэй апрацоўваць глебу. Пыл за сеялкай стаіць неймаверны, але нашы сельскія працаўнікі не здаюцца і робяць старанна сваю справу.

Каля вёскі Араб’і ўзворваннем глебы займаецца трактарыст-машыніст Васіль Яроцкі.

Гэта мы і ўбачылі на мінулым тыдні, у пятніцу, падчас наведвання ААТ «Ліноўскае». Разам з дырэктарам сельгаставарыства Васілём Казмерчуком апынуліся каля вёскі Араб’і, дзе на адным палетку механізатар Васіль Яроцкі займаўся ўзворваннем глебы пад азімую сяўбу, а на другім — трактарыст-машыніст Аляксандр Дзямчук сеяў азімы ячмень.

У ААТ «Ліноўскае» апрацаваць патрэбна 1345 га (на 24.09.2024 года — 92%). Перад узворваннем у гаспадарцы абавязкова ўнеслі калій, які рэгулюе водны баланс раслін і актывуе ферменты для здаровага росту. За дзень на трактары «Беларус 3522» з паўнавесным абаротным плугам «Kverneland» той жа Васіль Яроцкі падымае зямлю прыблізна на 25 га. Дарэчы, механізатар праз месяц будзе святкаваць юбілей — 20 гадоў непарыўнай працы ў сельскай гаспадарцы.

Механізатар ААТ «Ліноўскае» Аляксандр Дзямчук сцвярджае: святая справа —любіць сваю зямлю.

Пружаншчына на сённяшні аўторак паспела засеяць 60% азімых збожжавых культур, на зерне — 66%. Перасягнула экватар і ААТ «Ліноўскае». Унеслі перад сяўбой фосфар, як незаменнае мінеральнае ўгнаенне, якое ўплывае на будучы ўраджай. І наперад! Да 50 га засейвае Аляксандр Дзямчук за змену сеялкай «HORSCH». Маючы за плячыма пятнаццацігадовы стаж працы на зямлі, любую работу механізатар выконвае бездакорна і на сумленне. На сёння сельгаставарыства на 100 % справілася з сяўбой азімых жыта і ячменю. Так што нашым земляробам усё пад сілу, мы народ такі — цягавіты і працавіты.

І ў заключэнне дадам: вось дзе трэба паказваць сваю моц і нязломнасць духу, у слаўнай працы на зямлі. Тады мы і надалей спакойна будзем жыць у родным краі.

Вадзім Раўнейка.

Фота Кацярыны Масік