Суббота, 17 января 2026

Семінар-нарада кіраўніцтва раёна з дырэктарамі і галоўнымі інжынерамі гаспадарак прайшоў на базе філіяла «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга»

902

Пасля завяршэння палявых работ адна з самых важных задач аграрыяў — забеспячэнне захаванасці і падрыхтоўкі сельскагаспадарчай тэхнікі да новага сезона. Гэтаму і быў прысвечаны семінар-нарада кіраўніцтва раёна з дырэктарамі і галоўнымі інжынерамі гаспадарак, які прайшоў у аўторак бягучага тыдня на базе філіяла «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга».

Як адзначылі старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і яго першы намеснік — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Глушко, у дадзеным напрамку павінна весціся планамерная работа, каб падчас той жа падкормкі і сяўбы сельгаскультур не разводзіць рукамі, не шукаць запчасткі і не зрываць графік. А для гэтага не абысціся, канечне, без жадання працаваць на рэзультат, згодна з распрацаваным у раёне планам, ставіць тэхніку на захаванне, своечасова прыступаць да яе рамонту. Заклад добрага ўраджаю ў спраўнасці кожнага трактара і агрэгата, як пасееш, скажам, тое і пажнеш.

Гаспадарлівасць ва ўсім. Таму перад пастаноўкай на захаванне абавязкова ачыстка, мыйка і сушка. Праводзім дыягностыку тэхнічнага стану і рамонт пры неабходнасці. Акумулятары адназначна здымаем і абследуем іх, герметызуем адтуліны, змазваем ланцугі, фарбуем, калі ёсць патрэба, аслабляем або зусім здымаем рамяні, каб не адбылося растрэскванне і расцягванне. Гаруча-змазачныя матэрыялы павінны быць зліты ў асобныя ёмістасці.

Па словах загадчыка сектара механізацыі, аховы працы, транспартнай і пажарнай бяспекі раённага ўпраўлення Аляксандра Ільіна, фронт работ немалы, але адпрацаваць яго патрэбна з усёй сур’ёзнасцю, не дапускаючы нават самай малой халатнасці.

На прыкладзе мехдвара філіяла можна было назіраць, што частка тэхнікі захоўваецца на роўнай бетоннай і крытай пляцоўцы. У такім выпадку колы абавязкова пакрываем белай фарбай (а не вапнай, якая змываецца ад ападкаў), так працягваем тэрмін іх эксплуатацыі. А вось зернеўборачныя камбайны стаяць у крытых боксах, і доступ туды мае толькі старшы камбайнер, які замацаваны за тэхнікай. Ён і нясе адказнасць за спраўнасць і захаванасць агрэгатаў. Адходы масла, маторы ў асобных памяшканнях. Калі кожная рэч знаходзіцца на сваім месцы, тады пры неабходнасці яе можна хутка знайсці.

Экскурсію па рамонтнай майстэрні для ўдзельнікаў семінара правёў галоўны інжынер сельгаставарыства Аляксандр Хаян. Для рамонту тэхнікі важным момантам з’яўляецца тэхніка бяспекі, калі кожны з работнікаў ведае свае працоўныя абавязкі. Немалаважна, калі тыя ж слесары ведаюць расцэнкі працы, гэта для іх стымул. Камфортныя ўмовы, якія складаюцца з цёплых памяшканняў, раздзявалак, пакояў прыёму ежы, умывальнікаў, апарата газіраванай вады, для людзей таксама важныя. Калі да цябе з увагай, тады і аддача будзе ўдвая большай. Зноў жа тэрміны, калі работа павінна быць скончана, інакш не чакай парадку ў гаспадарцы. Неаднаразова гаварылася ўжо, што рукі павінны слухацца галаву, а не наадварот.

На пленарным пасяджэнні Аляксандр Ільін расказаў прысутным аб рабоце мабільнай групы, якая працавала над выяўленнем недахопаў пры рамонце і пастаноўцы тэхнікі на зімовы перыяд. Мэта яе — не наказваць, а дапамагчы знайсці прабелы. Таму аператыўна выкараняем праблему і рухаемся далей. Не забываем падаваць ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі акты па выхадзе спраўнай тэхнікі, каб ужо зараз складвалася карціна па вясенніх работах. Рамонт энерганасычаных трактароў таксама будзе праведзены своечасова, бо без іх цяпер ужо цяжка ўявіць і ўзворванне, і сяўбу. Пачатак лютага — праходжанне тэхагляду. І, канечне, прытрымліваемся графіка па пагашэнні выдзеленых сродкаў на закупку паліва, бо ў апошні момант будзе куды цяжэй гэта зрабіць. Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч агучыў таксама тэму абслугоўвання заправак: тэхніка дарагая, і вельмі не хацелася б, каб яна прастойвала з-за няякаснага бензіну ці саляркі. Тыя ж акумулятары лепш перадаць на захоўванне ў ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», дзе спецыялісты іх абслужаць, пры неабходнасці правядуць зарадку. І яшчэ раз пра бяспеку: вогнетушыцелі павінны прайсці паверку, жыццё — самае дарагое ў чалавека, таму і не трэба ім рызыкаваць.

Здаецца, толькі пагаварылі. Але ў простай размове нараджаюцца планы, прыходзіць усведамленне таго, што ад нас і ад кожнага залежыць зыход любой справы. Калі рухацца, дык наперад, да высокіх ураджаяў!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік