
Падарожжа з сям’ёй — гэта не толькі выдатны спосаб правесці час, але і добрая магчымасць умацаваць сувязь паміж дзецьмі і бацькамі, атрымліваючы ў падарунак мноства незабыўных успамінаў. Так лічаць Аляксандр і Аляксандра Стэльмах, для якіх сямейныя падарожжы — гэта ўжо добрая традыцыя. Яшчэ з дзяцінства маленькая Саша кожнае лета любіла ездзіць з бацькамі. І цяпер, калі ў яе ўжо свая сям’я, дзеці заўсёды пытаюць перад пачаткам канікул: «А куды мы паедзем? У Мінск, Віцебск, а можа, яшчэ куды?».

— Мы пачалі падарожнічаць па Беларусі, калі я была ў дэкрэтным адпачынку з нашым першынцам, ніколі не глядзела на ўзрост, не чакала зручнага моманту. Муж спачатку амаль не ездзіў з намі з-за работы, але з нядаўняга часу змяніў месца працы і з’явілася магчымасць далучацца да нашых паездак, — дзеліцца Аляксандра.
У скарбонку ўспамінаў гэтым летам сям’я дадала яшчэ і горад з унікальнымі славутасцямі — Гродна. У іх не было вызначанай мэты, не ехалі ў пэўнае месца, хацелася проста адпачыць, пагуляць і пабыць разам. «У Гродне мы былі ўпершыню. Адразу адчулі сябе турыстамі якога-небудзь еўрапейскага горада.
І гэта выдатная магчымасць убачыць усё сваімі вачыма, не выязджаючы за межы нашай сінявокай Беларусі».

Горад зачароўвае сваёй прыгажосцю і непаўторнай атмасферай. Тут нібы пераносішся ў мінулае. Стары замак, велічная Каложская царква, вытанчаны Фарны касцёл — гэтыя архітэктурныя шэдэўры напамінаюць пра багатую спадчыну Гродна. А з высокага берага Нёмана адкрываецца захапляльны від на раку і наваколле. Таму і вырашылі героі нашага артыкула ў гэтым падарожжы аддаць перавагу гістарычнай частцы горада. Як адзначыла Аляксандра, усё кампактна, насычана, размешчана побач і шмат гістарычных і архітэктурных помнікаў.
— Але што спачатку кінулася ў вочы — рэльеф. Для нашага раўніннага гарадка гэта не ўласціва, канечне, пад уражаннем былі не толькі дарослыя, але і дзеці. Агнія ўсё казала, што мы едзем з горкі, — успамінае мама.
Першае, што прыцягвае турыстаў у гэтым горадзе — замкі. Іх тут захавалася два — Стары і Новы. У кожнага свая гісторыя і свая прыгажосць. З-за перапынку сям’я не трапіла ў Стары замак, вырашылі тады наведаць гісторыка-археалагічны музей у Новым замку.
— Некаторыя бацькі мяркуюць, навошта туды везці дзяцей, яны ўсё роўна нічога не запомняць, толькі перашкаджаць будуць. На мой погляд, ёсць дэталі, якія дзецям кідаюцца ў вочы, гэта іх развівае, пашырае кругагляд і выпрацоўвае ўседлівасць — быць уважлівым у той момант, калі хочацца бегчы. Гэтаму таксама трэба павучыцца, — адзначыла жанчына.
У спісе славутасцей абавязкова трэба згадаць і Каложскую царкву XII ст., і пажарную каланчу, паслухаць, як кожны дзень у 11.58 з яе даносіцца мелодыя — жывы гук трубы. Дарэчы, для кожнага дня тыдня яна гучыць свая, а ў пахмурнае надвор’е выбіраюцца весялейшыя матывы.
— Заўсёды, калі гуляеш, думаеш, з якім горадам можна параўнаць… Уражвае тое, што ў якіх бы гарадах мы ні бывалі, яны заўсёды вельмі чыстыя. Вуліцы прыбраныя, усюды азеляненне. Вельмі ўтульна!
Гродненская вуліца Савецкая таксама зачароўвае сваёй прыгажосцю, але, у параўнанні з Брэстам, сям’і не хапіла месцаў для адпачынку, тых жа лавачак, якіх у нашым абласным цэнтры дастаткова.
«Не быў у «Цудоўні» — не быў у Гародні», — так кажуць гродзенцы пра мясцовую краму сувеніраў і падарункаў. Аляксандра як настаўніца беларускай мовы і літаратуры была пад уражаннем, з ёй размаўлялі па-беларуску: «Сапраўды цудоўня, маленькі магазінчык, напоўнены беларускім духам». І ў падарунак на памяць купіла сабе завушніцы з вышыванкай і «ў» нескладовым.
Мая суразмоўца пад кубачак гарбаты правяла як быццам міні-экскурсію па маляўнічым горадзе. Але пра ўсё казаць не будзем, пакінем загадку, каб у вас саміх было жаданне яго наведаць.
Калі я спытала пра выпадак, які запомніўся больш за ўсё ў падарожжах, Аляксандра з цеплынёй расказала.
— Адразу згадваецца мінулы год і пушча. Мы хацелі пакатацца на веласіпедах, вось толькі пачаўся моцны дождж. Канечне, усе пачалі сумаваць, што не атрымалася рэалізаваць задуманае. Але вырашылі арганізаваць своеасаблівы кінатэатр у машыне і ўключылі дзіцячы фільм-казку, потым дзяліліся ўражаннямі. За вокнамі такі лівень, а мы ўсе разам… Не заўсёды ж гэта атрымліваецца, работа, затым хатнія клопаты. Але мы ў стане павярнуць сітуацыю ў лепшы бок. Дзеці гэта ўспамінаюць і хочуць паўтарыць.
Дарэчы, у нядзелю сям’я зноў адправілася ў паездку — наведалі ў Баранавічах парк жывёл «Дыпрыз».
Адпачынак з любімай сям’ёй — гэта выдатная магчымасць захаваць моманты радасці, смеху і шчасця, якія застануцца ў памяці на доўгія гады. Далучайцеся да сям’і Стэльмах, не спыняйцеся на дасягнутым і наведвайце мноства цікавых мясцін нашай Беларусі.
Анастасія МІХЕЕВА
Фота з асабістага архіва сям’і
