Вторник, 17 ноября 2026

Савецкія ваеннапалонныя на Пружаншчыне летам 1941 года

587

На працягу гісторыі палонныя з’яўляліся спадарожнікамі ўсіх войнаў. Але найбольшай іх колькасцю вызначылася Другая сусветная вайна, падчас якой у палон трапіла каля 30 мільёнаў ваеннаслужачых розных армій. Асабліва цяжкія выпрабаванні выпалі на долю салдатаў і афіцэраў Чырвонай арміі. Па розных падліках у нямецкай няволі апынулася ад 4 069 600 да 5 754 000 савецкіх ваеннаслужачых, прычым 3 355 000 у першы год вайны. Генеральны пракурор СССР Р.А. Рудэнка, галоўны абвінавачвальнік на Нюрнбергскім працэсе супраць ваенных злачынцаў нацысцкай Германіі, сцвярджаў, што ў канцлагерах загінула 3 912 283 палонных.

Брэст. Перавозка палонных. 1941 г.

Яшчэ напярэдадні агрэсіі супраць Савецкага Саюза А.Гітлер неаднаразова заяўляў, што вайна з бальшавізмам будзе вайной на знішчэнне. Фашысцкая Германія адразу адмовілася прытрымлівацца нормаў міжнароднага права ў адносінах да зняволеных чырвонаармейцаў, матывуючы гэта тым, што СССР не далучыўся да Жэнеўскай канвенцыі 1929 г. і не з’яўляўся пераемнікам царскай Расіі, якая прыняла Гаагскія канвенцыі 1899 і 1907 гадоў. Такім чынам, лёс савецкіх ваеннапалонных і антыгуманнае стаўленне да іх былі перадвызначаны загадзя.

За два з паловай месяцы вайны Беларусь была захоплена ворагам. Падчас кровапралітных і жорсткіх баёў загінула шмат чырвонаармейцаў, многія трапілі ў палон. Прычыны зняволення былі розныя: раненні, кантузіі, хуткае наступленне вермахта, якое прывяло да акружэння – Беластоцкага, Навагрудскага «катлоў», добраахвотная здача і іншыя.

Аранчыцы. Пахаванне ваеннапалонных і мірных жыхароў. Фота 2025 г.

Германская палітыка ў адносінах да савецкіх палонных была распрацавана яшчэ да пачатку баявых дзеянняў. Для ўтрымання ваенных зняволеных нацыстамі ствараліся спецыяльныя ўстановы: дулагі — перасыльныя лагеры, шталагі — лагеры для радавых і сяржантаў, афлагі — лагеры для афіцэраў і сетка армейскіх зборна-перасыльных пунктаў, якія прымалі палонных ад воінскіх часцей. Ахову ў лагерах ажыццяўлялі спецыяльныя ахоўныя батальёны. У пачатковы этап вайны (чэрвень – верасень 1941 г.) адбываўся падзел палонных на катэгорыі: «палітычна непажаданыя», «палітычна бяспечныя», «схільныя да супрацоўніцтва» і выпрацоўвалася палітыка ў адносінах да кожнай з іх. Тэрміновай ліквідацыі сярод зняволеных падлягалі палітработнікі, камуністы, яўрэі, жанчыны.

У дырэктыве Вярхоўнага камандавання ўзброеных сіл Германіі ад 12 мая 1941 г. «Абыходжанне з захопленымі ў палон палітычнымі і ваеннымі рускімі кіруючымі работнікамі» ўказвалася: «Адказныя палітычныя работнікі і палітычныя кіраўнікі не лічацца палоннымі і павінны знішчацца самае апошняе ў транзітных лагерах. У тыл не эвакуіруюцца. У тыле войскаў кіруючыя палітычныя работнікі і камісары перадаюцца айнзацкамандам. Тыя з іх, якія аказваюць супраціўленне нямецкім войскам, разглядаюцца як партызаны і належаць знішчэнню».

Аранчыцы (Лінова). Дулаг 130. Ліпень 1941 г.

Згодна «Загаду аб камісарах» ад 6 чэрвеня 1941 г., гэта катэгорыя павінна была расстрэльвацца на месцы, так як прадстаўляла пагрозу для германскай бяспекі.

Доўгі час аб месцах прымусовага зняволення ваеннапалонных на Пружаншчыне і ў Беларусі было вядома мала. Адной з прычын такой «непамятлівасці» з’яўлялася шматгадовае адмоўнае стаўленне савецкай улады да палонных, якіх лічылі здраднікамі і ворагамі. Яно склалася ў час вайны і падтрымлівалася больш за дзесяцігоддзе пасля яе заканчэння. Тэма палонных сярод савецкіх гісторыкаў лічылася «нязручнай», да таго ж, яна патрабавала працы з сакрэтнымі і замежнымі крыніцамі, доступ да якіх быў абмежаваны. Яе распрацоўка актывізавалася з 1980-х гг. Акрамя таго, на Пружаншчыне лагеры для палонных былі часовымі і існавалі першы месяц вайны, таму ў памяці сведкаў інфармацыі аб іх амаль не захавалася. Дакументаў таксама выяўлена няшмат. У выніку пошукавай работы на сённяшні дзень было ўстаноўлена, што месцаў прымусовага зняволення палонных у нашым рэгіёне было не менш за шэсць.

Самым буйным пунктам змяшчэння ваеннапалонных з’яўлялася чыгуначная станцыя Аранчыцы (у дакументах Лінова), дзе ў чэрвені–ліпені 1941 г. існаваў перасыльны лагер — дулаг 130. Задачай яго была разгрузка фронту і перавод палонных у тыл. Чырвонаармейцаў тут раззбройвалі, адбіралі іншыя рэчы, рэгістравалі. Па меры загрузкі дулагаў палонных пераводзілі ў стацыянарныя лагеры ў іншыя месцы. Трэба адзначыць, што ў пачатку вайны для этапіравання палонных з франтавых раёнаў транспарт выкарыстоўваўся рэдка, таму людзям даводзілася пешшу пераадольваць дзясяткі і сотні кіламетраў. Змучаныя, галодныя, параненыя і хворыя, яны не вытрымлівалі знясільваючых пераходаў, а ахова бязлітасна расстрэльвала іх.

Для аператыўнага кіравання лагерамі тэрыторыя Беларусі была падзелена акупантамі на акругі. Ліноўскі дулаг уваходзіў у акругу «Я», якую ўзначальваў палкоўнік Ота Маршал, вартавала лагер 221-я ахоўная дывізія са штабам у Белавежы. Камендантам (камандзірам) дулага 130 з’яўляўся маёр Глаўнінг, яго ад’ютантам — капітан Беегер, непасрэдным начальнікам лагера ў Лінове — капітан Люфт, выкарыстаннем палонных на работах кіраваў маёр Хосефельд, контрразведкай — капітан Бельман, аператыўным аддзелам — капітан доктар Кунцэ.

У «Данясенні камендатуры лагераў ваеннапалонных акругі «Я» аб інспекцыі лагераў савецкіх ваеннапалонных (г. Беласток)» ад 7 ліпеня 1941 г. захаваліся наступныя звесткі аб дулагу ў Лінове: «Лагер у цяперашні час заняты 4500 ваеннапалоннымі, з іх 63 хворыя. 50 афіцэраў і 2000 ваеннапалонных два дні таму назад накіраваны ў тыл (на захад). Пры гэтым высветлілася, што Брэст-Літоўск адхіліў адпраўку ваеннапалонных па чыгунцы, прымаючы да ўвагі моцную загружанасць для дастаўкі забеспячэння і харчавання і з-за небяспекі эпідэмій і заражэння вошамі чыгуначных вагонаў, калі апошнія будуць выкарыстоўвацца для перавозкі ваеннапалонных. …Работа іх у поўным разгары, аднаўленню важнейшых пад’язных шляхоў удзяляецца асаблівая ўвага. Камандзір дулага мае ў распараджэнні для аховы лагера і для выкарыстання на работах толькі 54 нямецкія ахоўнікі. Таму неабходна прыняць меры па далейшым умацаванні ахоўных атрадаў. У гэтых адносінах з’яўляюцца вялікія цяжкасці, так як прадугледжаныя ахоўныя атрады выкарыстоўваюцца для шмат якіх іншых мэт».

Колькасць зняволеных хутка расла. Ужо 12 ліпеня ў дулагу ўтрымлівалася «6900 ваеннапалонных, якія працавалі ў рабочых камандах па рамонце і аднаўленні чыгункі».

Палонныя ў Аранчыцах знаходзіліся за калючым дротам пад адкрытым небам ці ў перапоўненых бараках, якія засталіся з ранейшых часоў. Пэўны час яны ўтрымліваліся без ежы і вады. Мясцовыя жыхары спрабавалі перадаваць зняволеным прадукты, аднак за гэта маглі пакараць. У канцы ліпеня 1941 г., пасля пераводу дулага 130, каля Лінова некаторы час дзейнічаў лагер ваеннапалонных галоўнай чыгуначнай дырэкцыі «Цэнтр» у колькасці 150 чалавек з нумарам роты 228с. Зняволеныя рамантавалі дарогу і разгружалі вагоны. Трэба адзначыць, што ў першыя месяцы вайны вываз на тэрыторыю Рэйха з-за недахопу транспарту, колькасных абмежаванняў і абыякавасці да лёсу палонных ажыццяўляўся нерэгулярна. Скучанасць, антысанітарныя ўмовы, хваробы, адсутнасць медыкаментаў, голад, бескантрольнае прымяненне зброі вартаўнікамі прыводзілі да вялікай смяротнасці. Слабых і хворых, а таксама камісараў і палітработнікаў расстрэльвалі.

Дакладная колькасць загінуўшых у ліноўскім дулагу невядома. Лічыцца, што ў брацкай магіле каля станцыі Аранчыцы пахавана каля 400 савецкіх ваеннапалонных і мірных жыхароў. Паводле звестак, устаноўленых на сённяшні дзень, вядомы імёны 42 мірных жыхароў вёсак Варотнае, Лінова, Аранчыцы і іншых населеных пунктаў, у тым ліку Кобрынскага раёна, якія былі расстраляны каля магіл палонных у лістападзе–снежні 1942 г. Імёны загінуўшых чырвонаармейцаў не выяўлены. Магчыма, палонным быў «салдат» (так занатавана на помніку) Андрэй Мухаветаў, звесткі аб якім пакуль не знойдзены. У 1971 г. на месцы масавых расстрэлаў палонных і мірных грамадзян (воінскае пахаванне № 211) быў пастаўлены бетонны помнік-піраміда. У 2006 г. на памятны знак у в. Аранчыцы, які знаходзіцца насупраць храма Узвіжання Крыжа Гасподня, былі нанесены імёны загінуўшых падчас вайны землякоў і 17 ваеннапалонных, з іх 7 жанчын, якія ўтрымліваліся ў дулагу 130 у Лінове і, згодна тагачасным звесткам Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, тут загінулі. На сённяшні дзень, паводле дакументаў, змешчаных на інфармацыйным партале «Память народа», устаноўлена, што 11 чалавек з пералічаных выжылі, 6 загінулі ў канцлагерах у іншых месцах.


(Працяг у наступным
суботнім нумары)


Наталля ПРАКАПОВІЧ

Фота з адкрытых
інтэрнэт-крыніц і
ўласнага архіва аўтара