Вторник, 17 ноября 2026

Савецкія ваеннапалонныя на Пружаншчыне летам 1941 года

510
Ружаны. Палонныя каля храма святых апосталаў Пятра і Паўла (ліпень 1941 г.)

Месцамі прымусовага зняволення ў Пружанах таксама былі дзве турмы — «белая» (сёння на яе месцы знаходзіцца цэнтральная раённая бібліятэка імя Міколы Засіма) і «чырвоная» (захаваліся 2 будынкі, у якіх дзейнічае стаматалагічная паліклініка). У асноўным у іх утрымліваліся мірныя жыхары — савецкія і партыйныя актывісты, удзельнікі падпольнай і партызанскай барацьбы. Значная частка вязняў пружанскіх турмаў у 1941 – 1944 г.г. былі расстраляныя ва ўрочышчах Яцкаўшчына каля Слабудкі і Песчына каля Пружан.
У канцы чэрвеня – пачатку ліпеня 1941 г. ваеннапалонныя ўтрымліваліся ў г.п. Ружаны. Падначаленасць і класіфікацыя лагера не высветлена. Пэўнае ўяўленне аб гэтым месцы прымусовага зняволення дае дакументальнае апавяданне легендарнага дзеяча партызанскага руху ў Беларусі, Украіне і Польшчы Антона Пятровіча Брынскага (1906–1981) «Партызанскі доктар» з кнігі «Баявыя спадарожнікі мае» (Горкі, 1964 г.). Асновай для яго сталі ўспаміны Віктара Аляксеевіча Лякомцава (1909 – 1970) — урача медыка-санітарнай часці 7-га аўтатранспартнага батальёна 7-й танкавай дывізіі 6-га механізаванага корпуса, удзельніка партызанскай барацьбы. 23 (па іншых звестках 24) чэрвеня ён разам з абозам параненых, які накіроўваўся з Беластока ў Ваўкавыск, трапіў у палон у раёне Ружан.

Лякомцаў узгадваў, што «пасля допыту іх павялі ў будынак, дзе раней змяшчаўся Ружанскі райвыканкам, … тут ужо знаходзілася каля 200 параненых савецкіх салдатаў і камандзіраў».

ДРужаны. Палонныя на прыступках храма (ліпень 1941 г.)

Колькасць палонных увесь час расла. У Ружанах знахо-дзілася шмат зняволеных (называецца лічба ў 600 чалавек), што ўскосна пацвярджаюць нямецкія фотаздымкі. На сайце «Память народа» знойдзена больш за 400 імёнаў ваеннаслужачых, якія былі зняволены пад Ружанамі і ўтрымліваліся ў канцлагерах. Ваеннапалонных і ўсіх «падазроных» асоб акупанты змяшчалі на тэрыторыі мясцовага храма святых апосталаў Пятра і Паўла.

Ружаны. Пахаванне савецкіх ваеннапалонных (май 2025 г.)

В.А. Лякомцаў успамінаў: «Усіх параненых загналі ў царкву і зачынілі. Пяць сутак пакутавалі яны там без хлеба і вады. Спрабавалі стукаць у дзверы, але фашысты адказвалі аўтаматнымі чэргамі. 17 чалавек былі забіты. 120 памерлі ад ран і пакут. На шостыя суткі адчынілі дзверы, і перакладчык закрычаў, што прыйшла камісія: бурмістр, камендант, поп, ксёндз і настаўнік. Яны толькі зазірнулі ў дзверы і павярнулі назад».
У гэты час святар храма Іаан Уладзіміравіч Наўродскі (1900 – 1961) дамогся ад акупацыйных улад дазволу на пахаванне забітых і памерлых, каб прадухіліць эпідэмію, і дапамогу параненым.

Калона савецкіх ваеннапалонных
(1941 г.)

Трэба адзначыць, што сітуацыя ў ваколіцах Ружан была складанай. На працягу некалькіх дзён тут ішлі баі (да 30 чэрвеня адбываліся сур’ёзныя сутычкі ў раёне Зэльвы на стратэгічнай шашы Беласток – Ваўкавыск – Слонім), загінула шмат людзей, значна пацярпелі населеныя пункты.

Лідзія Вікенцьеўна Батырхонава ўспамінала: «Чырвоная армія адступала з боку Беластока. Быў крывавы бой непадалёк ад пасёлка. Нават, не бой, а бойня. Нашых было вельмі многа, тысячы, і невядома, колькі іх палягло». Марыя Сяргееўна Чулкова сведчыла: «У першая дні немцы не дазвалялі хаваць забітых. Не дазвалялася дапамагаць і параненым чырвонаармейцам. А спякота ў канцы чэрвеня стаяла жудасная. І вось Ружаны і ваколіцы накрыў смурод ад трупаў. … Усюды па кустоўі і пералесках ляжаць масы цел, а з розных бакоў яшчэ раздаюцца слабыя стогны».

Мясцовыя жыхары некалькі дзён хавалі загінуўшых, а пакалечаных прывозілі ў царкву. Ружанцы пасля адкрыцця храма павыносілі памерлых, дапамаглі прыбраць памяшканне, прывезлі вады, прадуктаў і саломы на падсцілку.

М.С. Чулкова ўспамінала: «Мая мама і тата, і дзядзька, і суседзі з вуліцы – усе ўсцілалі царкву саломай і сцягвалі на насілках параненых».

Палонным дазволілі выходзіць на царкоўны двор.
Лідзія Іванаўна Наўродская, жонка святара, згадвала: «Усім жанчынам аб’явіла, каб бялізну старую рвалі на ласкуты, сшывалі іх падаўжэй, сціралі і прасавалі гарачым прасам, а потым скручвалі, як бінты, і ў апараных вёдрах з накрыўкамі прыносілі ў царкву. … Дзе бралі лекі, невядома, але раны ва ўсіх былі апрацаваны і перабінтаваны».
У вёдрах людзі патаемна прыносілі палонным ежу. Лякомцаў (у пасляваенны час заслужаны ўрач РСФСР) з дапамогай фельчара Аркадзя Піліпенкі, святара Наўродскага і «жонкі к-ра Маргунова» здолелі выратаваць шэраг параненых.

Лагер на тэрыторыі ружанскай царквы існаваў да пачатку — сярэдзіны ліпеня 1941 г. У лісце Наўродскага да Лякомцава ад 1 чэрвеня 1945 г. датай пераводу лагера названа 8 ліпеня. У асабістым лістку па ўліку партызанскіх кадраў В.А. Лякомцава ўказваецца, што палонным у Ружанах ён быў з 23 чэрвеня па 16 ліпеня, а потым да 9 лістапада 1941 г. знаходзіўся ў Брэсцкім лагеры параненых ваеннапалонных, адкуль уцёк, а потым уступіў у партызанскі атрад.

Святар не толькі дапамагаў палонным, але і вёў дакументацыю. Пасля вызвалення раёна ён перадаў начальніку Ружанскага раённага аддзялення Народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі Барысу Русанаву спісы і дакументы воінаў Чырвонай арміі, якія памерлі ад ран у Ружанах. Наўродскі паведаміў, што памерлых ён асабіста пахаваў на могілках і каля царкоўнай агароджы (у 2011 г. астанкі некаторых былі выяўлены 52-м пошукавым батальёнам Міністэрства абароны Беларусі і перапахаваны на воінскіх могілках № 172 (в. Сла-будка)), аднаго – у калоніі Канстанцінава. 5 красавіка 1945 г. Русанаў адправіў згаданыя дакументы ў Маскву начальніку ўпраўлення па ўліку індывідуальных страт Чырвонай арміі. Частка дакументаў трапіла ў Цэнтральны архіў Народнага камісарыята абароны, дзве чырвонаармейскія кніжкі – гісторыка-архіўны аддзел Народнага камісарыята, а пропуск у ваенны гарадок на імя Гардзеева і пасведчанне шафёра Пятрова былі спалены. Толькі ў пачатку 2000-х гг. так званы «спіс айца Іаана», у якім утрымліваліся звесткі аб 26 загінуўшых палонных, быў знойдзены ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расіі (г. Па-дольск) і ўведзены ў навуковы абарот. Пазней было знойдзена месца пахавання палонных на ружанскіх могілках. У 2016 г. на брацкай магіле быў усталяваны помнік, у 2019 г. воінскае пахаванне было ўзята на дзяржаўны ўлік пад № 7891.

У дакументах таксама захаваліся звесткі аб знішчэнні савецкіх палонных на тэрыторыі былога Шарашоўскага раёна. Згодна «Акту № 1 аб выніках расследавання зладзействаў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых за перыяд акупацыі на тэрыторыі Шарашоўскага раёна Брэсцкай вобласці БССР» ад 30 студзеня 1945 г., складзеным Андрэем Ягоравічам Царыкавым (сакратар Шарашоўскага РК КП(б)Б), Іванам Нікіфаравічам Крывабародавым (загадчык раённага фінансавага аддзела), Рыгорам Паўлавічам Хлебародавым (бухгалтар фінансавага аддзела), Надзеяй Аўксенцьеўнай Васілеўскай (загадчык агульнага аддзела райвыканкама), Уладзімірам Мікалаевічам Качатковым (начальнік міліцыі), «у ліпені 1941 года нямецкія варвары ў м. Шарашова расстралялі 18 чалавек ваеннапалонных, а ў в. Крыніца … расстраляна 6 чалавек». Астанкі забітых у Шарашове пасля вайны былі перанесены ў воінскае пахаванне № 197 у цэнтр пасёлка. У рукапісным «Летапісе Крыніцкага сельсавета» занатавана, што «ў чэрвені 1941 г. немцы гналі нашых палонных па вёсцы Купічы. Аднаго з іх яны расстралялі тут жа, другога — за рэчкай». Іх астанкі разам з забітымі ў Крыніцы пасля вайны перанеслі ў воінскае пахаванне № 181 (в. Купічы). 31 ліпеня – 2 жніўня 1941 г. масавыя расстрэлы мірных грамадзян і ваеннапалонных гітлераўцы праводзілі ў 369, 370, 399 і 619 кварталах Белавежскай пушчы. Дакладная колькасць знішчаных лю-дзей невядома. Злачынствы ў Шарашоўскім раёне, ваколіцах Белавежы і Гайнаўкі (Польша) здзяйснялі часці паліцэйскага палка «Цэнтр», якія выконвалі розныя задачы на акупіраваных землях: ахоўвалі камунікацыі, ваеннапалонных і ваявалі з партызанамі пад эгідай тылавога армейскага камандавання, а таксама «ўціхамірвалі» насельніцтва – забівалі яўрэяў, каму-ністаў, актывістаў. У пачатку вайны падраздзяленні палка вартавалі буйное месца прымусовага зняволення – дулаг 185 у Беластоку (на 5 ліпеня ўтрым-лівалася 7 000 зняволеных, 24 ліпеня – 890 чалавек, 19 ліс-тапада 1941 г. – 30 000 палонных). З іх фарміравалі рабочыя каманды па 250 чалавек, якія рамантавалі дарогі, масты, збіралі ўраджай, выконвалі іншыя прымусовыя работы. Хутчэй за ўсё, сярод расстраляных у пушчы і ваколіцах Шарашова былі зняволеныя менавіта з беластоцкага лагера.

Такім чынам, паводле сучасных дадзеных, летам 1941 г. на тэрыторыі сучаснага Пружанскага раёна існавала не менш за шэсць месцаў прымусовага зняволення ваеннапалонных – тры філіялы дулага 130 (Пружаны, Аранчыцы, Слабудка), адзін перасыльны лагер неўстаноўленай падначаленасці ў Ружанах, дзве турмы ў Пружанах.


Наталля ПРАКАПОВІЧ