Воскресенье, 16 августа 2026

Савецкія ваеннапалонныя на Пружаншчыне летам 1941 года

701

(Працяг. Пачатак у № 47
ад 20.06.2026)

Філіял дулага 130 змяшчаўся таксама ў былым савецкім ваенным гарадку «Кашарка» (в. Слабудка), дзе ў даваенны час дыслацыравалася 30-я танкавая дывізія. Дарэчы, нацысты часта практыкавалі выкарыстанне савецкай ваеннай інфраструктуры для памяшчэння лагераў. У данясенні 221-й ахоўнай дывізіі ад 4 ліпеня 1941 г. (г. Белавежа) указвалася, што «дулаг 130 у Слабодцы, на поўнач ад Лінова, застаецца ў падначаленні дывізіі». Частку палонных з Слабудкі расстралялі непадалёк ад месца прымусовага ўтрымання — ва ўрочышчы Яцкаўшчызна (Ліноўскі лес). Масавыя расстрэлы палонных і мірных жыхароў праводзіліся тут у чэрвені 1941 — ліпені 1944 гг.


Сведкай аднаго з першых расстрэлаў у ліпені 1941 г. была Вера Фёдараўна Курбатава (Заікіна) (в. Палоннае). Яна ўспамінала: «Да свежай ямы пад’ехала некалькі машын. Немцы сталі выганяць з першага грузавіка людзей з лапатамі, а потым адагналі іх убок. Далей наступіла чарга наступных, якіх таксама пасцягвалі з машын, але паставілі каля ямы. Там былі мужчыны, на некаторых з іх ледзь трымалася падраная ваенная форма, а таксама жанчыны і дзеці. Карнікі сталі аддзяляць ад натоўпу па 15 – 20 чалавек. Першых падвялі да ямы, раздаўся кароткі загад на чужой мове, а потым — аўтаматныя чэргі. … Стаяў страшэнны крык, часта гучала нямецкая лаянка і стрэлы. … Затым загадалі тым, што стаялі з лапатамі (потым гаварылі, што гэта былі яўрэі з пружанскага гета), закапаць вялікую магілу, а самі стаялі і назіралі».


За 3 гады ў лесе каля Слабудкі было знішчана ад 3 да 10 тысяч чалавек — гэта грамадзянскае насельніцтва: жыхары Пружанскага і суседніх раёнаў, якіх падазравалі ў сувязях з партызанамі альбо ў дапамозе акружэнцам ці яўрэям, вязні пружанскіх турмаў, яўрэйскага гета, савецкія актывісты, партызаны і падпольшчыкі, ваеннапалонныя. Асноўным дакументам, які адлюстроўвае згаданыя падзеі, з’яўляюцца ўспаміны відавочцаў і «Акт № 1 аб зладзействах нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых на тэрыторыі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці БССР» ад 5 сакавіка 1945 г., складзены камісіяй у складзе Сцяпана Піліпавіча Пацярухі (старшыня), Сцяпана Паўлавіча Казлова (сакратар), Мірона Емяльянавіча Крыштафовіча, Аляксандра Аляксандравіча Абрамава, Івана Аляксандравіча Кухарчука. У ім пазначалася, што на месцы расстрэлаў ва ўр. Яцкаўшчызна у 6 км ад Пружан былі выяўлены «14 магіл масавага пахавання трупаў памерам: 10 м, шырыня 2,5 м і глыбіня 1,7 м», дзе знаходзіліся астанкі «больш за 10 тысяч чалавек, у тым ліку каля 1 тысячы ваеннапалонных каманднага саставу». У 1945 г. была ўскрыта адна магіла, дзе знахо-дзіліся астанкі людзей рознага ўзросту і полу. Шэраг забітых, якіх пазналі родныя, былі перавезены і перапахаваны ў іншыя месцы. У злачынствах каля Слабудкі ўдзельнічалі не толькі немцы, але і паліцаі. У 1965 г. каля аднаго з пахаванняў у лесе (воінскае пахаванне № 4800) быў усталяваны помнік. На сённяшні дзень знойдзены імёны больш 350 расстраляных мірных жыхароў. Прозвішчы палонных не вядомы

Іншыя філіялы дулага 130 з першых дзён вайны знаходзіліся ў Пружанах (пасля 23 ліпеня — у Мінску). Паводле фактаў, выяўленых падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады вайны, у горадзе іх было некалькі. Першым месцам утрымання ваеннапалонных быў двор ранейшай польскай гімназіі (сёння на яе месцы знаходзіцца Палац культуры).
Алена Мікалаеўна Куроўская (в. Загор’е) ўспамінала аб падзеях 24 чэрвеня: «Калоны палонных чырвонаармейцаў вялі па цэнтральнай вуліцы Пружан, цяперашняй Савецкай. Гэта была жудасная карціна. Параненыя, акрываўленыя, паўраспранутыя, многія ў адной сподняй бялізне, босыя, панурыя і галодныя. Маці сказала, каб я кінула няшчасным хлеба — яны хапалі гэтыя кавалачкі, а немцы білі іх палкамі».


Гараджанам забаранялася дапамагаць і карміць зняволеных. Праз пэўны час палонных з цэнтра горада перавялі ў часова абсталяваны лагер у паўночнай частцы Пружан (раён былой бальніцы на вул. Кастрычніцкай). Месца ўтрымання палонных прадстаўляла сабой адкрыты ўчастак поля абнесены калючым дротам.

У розных пошукавых базах дакументаў, змешчаных у сетцы Інтэрнэт, знойдзены імёны больш за 1000 ваенна-служачых, якія былі зняволены пад Пружанамі і знаходзіліся ў лагерах. Сярод іх — малодшы лейтэнант 49-га асобнага сапёрнага батальёна 5-га стралковага корпуса 10-й арміі Аляксандр Дзмітрыевіч Транін, які ўвесь перыяд вайны знаходзіўся ў нямецкім палоне.

У пратаколе яго допыту, складзеным оперупаўнаважаным 3-га аддзела контрразведкі «СМЕРШ» малодшым лейтэнантам Цяцерыным 30 ліпеня 1945 г., занатавана: «23 чэрвеня 1941 г. камандзір батальёна … даў загад адступаць ад мяжы (г. Замброў Беластоцкай вобласці). Пры адступленні наша калона была разбіта нямецкай авіяцыяй. Задача застаўшыхся часцей была — выхад з акружэння. … Выходзілі з акружэння дробнымі групамі. Са мной аказаліся пяць чалавек байцоў і лейтэнант Сушко. Мінавалі г. Ваўкавыск. Дасягнулі мястэчка Пружаны 10 ліпеня і ўбачылі немцаў, якія адкрылі … агонь. Мы забеглі ў лес і прынялі абарону. Абараняліся да апошняга патрона. Калі ў нас выйшлі боепрыпасы і мы былі акружаны немцамі, я даў каманду ламаць зброю і хаваць у акопах дакументы. У акопах нас захапілі немцы ў палон, выбіўшы … прыкладамі. Нас прывялі ў вёску (назву не памятаю). Правялі ў нас вобыск і адразу ж, далучыўшы да іншых ваеннапалонных, павялі ў накірунку Ваўкавыска, дзе афіцэрскі склад аддзялілі ад радавога і накіравалі ў Беласток».

Дакумент у многім з’яўляецца паказальным і адлюстроўвае агульную карціну зняволення соцень тысяч воінаў Чырвонай Арміі на заходніх рубяжах СССР.

Дарэчы, да Пружан і Слабудкі імкнуўся шэраг вайскоўцаў, якім удалося вырвацца з Брэсцкай крэпасці. Адзін з першых даследчыкаў абароны крэпасці над Бугам С.С. Смірноў пісаў: «Калі палонных гналі да Бяла-Падляскі, Бытко разам з камандзірам 4-й роты 455-га стралковага палка малодшым лейтэнантам І.В. Згібневым збеглі з калоны. Дасягнушы Буга, яны кінуліся да яго, … спрабуючы пераплыць на ўсход. … Згібнеў пачуў стрэлы там, дзе плыў Бытко. … Больш аб камандзіры палкавой школы 455 сп нічога не вядома — Згібнева ж схапілі ў Кашарцы (ваенны гарадок каля Пружан, дзе ў чэрвені яшчэ жылі сем’і многіх камандзі-раў 44 сп, полк быў пераведзены са Слабудкі ў крэпасць толькі ў красавіку 1941 г. – заўв. аўт.), збіўшы, накіравалі назад у лагер, дзе ён прапаў без вестак (памёр?) 27.12.1941».

Такім чынам, на Пружаншчыне ў палон траплялі ваеннаслужачыя розных часцей, у тым ліку тых, якія дыслацыраваліся на нашай зямлі — 33-га знішчальнага і 74-га штурмавога авіяпалкоў (в. Куплін), 30-й танкавай дывізіі (в. Слабудка), падраздзяленняў 9-й чыгуначнай брыгады (в. Смаляны) і іншых, а таксама мясцовыя жыхары, якіх напярэдадні вайны прызвалі на зборы, розныя «падазроныя» асобы. Як успамінаюць відавочцы, тутэйшых ураджэнцаў немцы хутка адпусцілі дамоў з загадам перыядычна пацвярджаць рэгістрацыю ў камендатуры. Гэтым скарысталіся мясцовыя людзі, якія выратавалі сваіх родных і шэраг чырвонаармейцаў. Але такія факты вельмі хутка спыніліся. Яны былі характэрны толькі для самага пачатку вайны і сведчылі аб фактычнай непадрыхтаванасці нацыстаў да велізарнай колькасці палонных, якіх немагчыма было забяспечыць ежай, дахам і аховай. Вельмі хутка акупацыйная сістэма была адладжана, удасканалена праверка адпушчаных палонных, каб не дапусціць вызвалення афіцэраў і іншых ваеннаслужачых, якія імкнуліся перайсці праз лінію фронту ці стварыць партызанскія атрады.

Месцам, дзе ў першыя дні вайны знаходзіліся параненыя чырвонаармейцы, таксама быў унутраны двор штаба 33-га знішчальнага авіяпалка і будынак, дзе ў пасляваенны час знаходзіўся кінатэатр «Беларусь». Пасля 23 чэрвеня, калі горад быў акупіраваны немцамі, параненыя трапілі ў палон і ў большасці загінулі.
Колькасць загінуўшых у лагеры ў Пружанах невядома. Паводле адной з крыніц іх лік можа складаць да 4 000 чалавек. Вядома, што расстрэлы палонных праводзіліся каля в. Слабудка, сярод мяркуемых – паўднёва-заходняя ўскраіна горада (раён перакрыжавання вуліц Горка і Еўфрасінні Полацкай).
(Працяг у наступным суботнім нумары)

Наталля ПРАКАПОВІЧ