На трэцяй сесіі раённага Савета дэпутатаў 29 склікання быў разгледжаны шэраг пытанняў, асноўнае з якіх тычылася рэалізацыі ў Пружанскім раёне дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі.
Перад пачаткам работы сесіі дэпутацкі корпус на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Кудраўцом прыняў удзел у акцыі па сборы сродкаў пацярпелым жыхарам Курскай вобласці Расійскай Федэрацыі ў рамках акцыі «Спіна да спіны». Арганізатарам і каардынатарам акцыі выступіла РГА «Белая Русь».
Пасля адкрыцця сесіі Мікалай Кудравец уручыў пасведчанні дэпутатам раённага Савета дэпутатаў 29 склікання.
З дакладам «Аб рэалізацыі ў Пружанскім раёне асноўных напрамкаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі» выступіў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч.
Аналізуючы стан рэалізацыі ў раёне дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, Руслан Васільевіч адзначыў, што разам з выканаўчай уладай дэпутацкі корпус павінен шчыльна працаваць з людзьмі, расказваць ім аб той дапамозе, якую дзяржава аказвае грамадзянам па розных накірунках. Наша краіна — сацыяльна арыентаваная, і тая палітыка, якую дзяржава ажыццяўляе, накіравана на інтарэсы і запатрабаванні людзей. У Беларусі пабудавалі сваю ўнікальную мадэль: дзяржава — для народа, справядлівасці, абароны простага чалавека. Наша мадэль даказала сваю эфектыўнасць і ў параўнанні з многімі краінамі выглядае вельмі годна. Далей Руслан Супрыновіч спыніўся на праблемных пытаннях, якія месцамі носяць утрыманскі характар, калі людзі патрабуюць яшчэ большай увагі, чым тая, што належыць. Самі ж не заўсёды належным чынам выконваюць свае абавязкі.
Занятасць насельніцтва
Найважнейшая ўвага ў рэалізацыі сацыяльнай палітыкі беларускай дзяржавы надаецца забеспячэнню эфектыўнай занятасці насельніцтва, гарантуецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Грамадзянам даецца права на працу як найбольш дастойны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць — права на выбар прафесіі, род заняткаў у адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцяў. Дзяржава гэтаму спрыяе. У 2023-2024 гадах ва ўпраўленне па працы, занятасці, сацыяльнай абароне райвыканкама па садзейнічанні ў працаўладкаванні звярнулася 1384 чалавекі, з іх 602 было зарэгістравана як беспрацоўныя. Аказана садзейнічанне па працаўладкаванні 1117 грамадзянам, у тым ліку 215 беспрацоўным. Руслан Васільевіч даў тлумачэнні заканадаўства ў гэтым плане. Асобная ўвага ўдзяляецца працаўладкаванню тых, хто адбыў пакаранне і вярнуўся ў раён, былых пастаяльцаў лячэбна-працоўных прафілакторыяў, абавязаных грамадзян. Але з усёй гэтай катэгорыяй грамадзян не так усё і проста. Іх уладкоўваюць на працу, але ненадоўга. Усімі праўдамі і няпраўдамі гэтыя грамадзяне стараюцца не выйсці на работу, прагуляць. Прыходзіцца іх, як паноў, дастаўляць да месца працы, адсочваць іх рабочы працэс. На гэта трацяцца чалавечыя і фінансавыя рэсурсы. Дзяржава ставіць задачу сацыялізаваць гэтых людзей у грамадства, дапамагчы ім. Але рабіць гэта трэба для тых, хто сам да гэтага імкнецца. Калі ж няма аніякага жадання працаваць, то яно і не з’явіцца прымусова. Аб чым зрабіў рэмарку старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.
Комплекс мер падтрымкі сем’яў
Цэлы комплекс мер падтрымкі дзяржава аказвае сем’ям, выхоўваючым дзяцей. Розныя выплаты, дапамогі, надбаўкі.
Падрабязна Руслан Супрыновіч спыніўся на выкарыстанні сямейнага капіталу.
Цікава, што не ўсе шматдзетныя сем’і прыходзяць, каб атрымаць аднаразовыя дапамогі, напрыклад, да навучальнага года. Некаторыя адгаворваюцца, маўляў, далёка ісці, няма часу. Відаць, не так і патрэбна ім дапамога.
Паведаміў дакладчык аб выкарыстанні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. Ёсць асобная катэгорыя грамадзян, якой не прадугледжана такая дапамога, але яны ўсялякімі спосабамі стараюцца яе атрымаць, каб выкарыстоўваць не па прызначэнні.
Былі ў дакладзе закрануты і іншыя аспекты дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, якія рэалізоўваюцца ў раёне.
На сесіі разглядаўся і шэраг іншых пытанняў, па якіх прыняты адпаведныя рашэнні.
Віктар Ільюшчанка
Фота аўтара