Четверг, 13 февраля 2025

Сацыяльнае партнёрства толькі на карысць

512

Новы калектыўны дагавор на 2025-2028 гг. падпісалі галоўны ўрач і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Брэсцкай абласной псіхіятрычнай бальніцы «Магілёўцы».

Дакумент, які завізавалі Максім Сцепанюк і Ліка Гусак, прайшоў неабходную экспертызу. Ён пацвердзіў высокі ўзровень сацыяльнага партнёрства ва ўстанове.

— Пры рабоце над праектам калектыўнага дагавора неацэнную дапамогу аказалі спецыялісты абласнога камітэта Брэсцкай абласной арганізацыі БПРЗ, — адзначыла старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Ліка Гусак. — Новы праект уступіў у сілу з 1 лютага. Ён змяшчае базавыя патрабаванні і нормы заканадаўства аб аплаце працы. Напрыклад, прадугледжвае выплату надбавак маладым спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія прыбылі ў бальніцу па размеркаванні, у памеры 20% акладу на працягу двух гадоў з дня заключэння з імі працоўнага дагавора. Таксама маладыя спецыялісты могуць разлічваць на грашовую дапамогу ў памеры трох базавых велічынь для свайго бытавога ўладкавання.

Новая рэдакцыя дакумента таксама прадугледжвае выплату надбавак за працу ўрачам-спецыялістам у памеры 140% і сярэднім медыцынскім работнікам — у памеры 85%, за работу ў прыёмнымпакоі ўрачам-спецыялістам — 190%, а сярэдняму медперсаналу там жа — у памеры 100%, надбаўкі за складанасць і напружанасць працы — да 300% акладу ўключна.

Дадаткова наймальнік, згодна з калдагаворам, устанавіў узнагароджанні — аднаразовыя выплаты і матэрыяльную дапамогу ў памеры пяці базавых велічынь супрацоўнікам, якія адпрацавалі ў бальніцы не менш за 10 гадоў, да іх юбілейных дат (50, 60, 70 гадоў), а таксама моладзі да 31-го года, урачам-інтэрнам, членам прафсаюза, якія ўпершыню ўступаюць у шлюб, а таксама пры нараджэнні дзяцей.

Да прафесійнага свята, Дня медыцынскага работніка, усе супрацоўнікі атрымліваюць аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў памеры паловы базавай велічыні. А члены прафсаюза са стажам працы ў бальніцы 25 гадоў — яшчэ і каштоўны падарунак са сродкаў прафбюджэту.

Ірына Велясевіч. Фота з архіва РБ