У трэці, апошні дзень правядзення спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі» гарадскі парк «прачнуўся» задоўга да пачатку афіцыйнага старту мерапрыемстваў.
Аднаўляліся пасля ночы лакацыі, выстаўляліся вітрыны з прадукцыяй вытворцаў знакамітых беларускіх брэндаў. Асаблівую ўвагу прыцягвалі гандлёвыя палаткі з прадукцыяй пад маркай «Мерч Першага», спартыўнага адзення IRОS, Пружанскага малочнага камбіната, Пружанскага райспажыўтаварыства, ААТ «Жураўлінае», ААТ «Ружаны-Агра» і многіх-многіх іншых.
Цікавымі былі лакацыі Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа і іншых устаноў адукацыі Брэстчыны.
Тут жа ў парку, ды і на стадыёне, можна было адведаць узбекскі плоў, шашлыкі, усялякія бургеры з хот-догамі, стравы беларускай кухні, выпіць кавы, квасу… Застацца галодным, пайсці дадому без сувеніра было проста немагчыма.
Толькі ў самім парку можна было патраціць нямала часу, каб, хаця б на пяць мінут, спыніцца каля ўсіх прадстаўленых лакацый і гандлёвых кропак.
Асноўнае ж дзейства разварочвалася на стадыёне «Мухавец». Нават прадстаўнікі прэс-службы Нацыянальнага алімпійскага камітэта з упэўненасцю гаварылі, што нашаму стадыёну можна прысвоіць званне «алімпійскі». Бо ў гэты дзень тут было столькі знакамітых атлетаў, чэмпіёнаў і прызёраў Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы, вядомых футбалістаў, што, здавалася, нібы само зорнае неба спусцілася на Пружаны.
Стартаваў трэці дзень фестывалю з алімпійскага квізу. Лепшыя каманды Брэсцкай вобласці спаборнічалі за званне самых эрудзіраваных. Дарэчы, у гэты раз удзел у інтэлектуальным спаборніцтве на веданне спартыўнай гісторыі маглі прыняць не толькі дзеці, але і дарослыя, якія змагаліся за прыз у другім этапе квізу. Пытанні былі даволі складаныя. Таму тым, хто не цікавіўся сусветнай і нацыянальнай гісторыяй спорту, даць правільныя адказы было проста немагчыма. У выніку ў дзіцячым конкурсе перамогі дабілася каманда з Брэсцкага раёна, а ў дарослым каманда «Волаты», большасць удзельнікаў — настаўнікі СШ № 4 г. Пружаны.
Дарэчы, члены гэтай каманды Вольга і Аляксандр Магільныя разам са сваімі двума сынамі напярэдадні атрымалі перамогу ў спартыўна-гістарычным квэсце.
У час правядзення квізу першы алімпійскі чэмпіён у гісторыі Беларусі Сяргей Макаранка прэзентаваў свае мемуары, выдадзеныя пры садзейнічанні Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі і Беларускай алімпійскай акадэміі. Першыя экзэмпляры кнігі з рук легендарнага спартсмена — весляра на байдарцы атрымалі прэзідэнт НАК Віктар Лукашэнка, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. Таксама кнігі былі перададзены ў школьныя бібліятэкі (іх атрымала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Казарэз), рэдакцыю раённай газеты. Выданне з з аўтографам Сяргея Дзмітрыевіча змаглі атрымаць і аматары спорту.
Яскравым, цікавым, захапляльным атрымалася адкрыццё Алімпійскага квэсту. Сімвалічны агонь на галоўнай сцэне фестывалю запалілі праслаўленыя спартсмены нашай краіны: Кацярына Карстэн, Юлія Несцярэнка, Андрэй і Аляксандр Багдановічы, Ірына Курачкіна, Максім Недасекаў.
Першая ў гісторыі суверэннай Беларусі алімпійская чэмпіёнка Кацярына Карстэн перадала кіраўніку НАК Беларусі Віктару Лукашэнку сваю першую ўзнагароду — бронзавы медаль XXV гульняў у Барселоне. Гэтая ўзнагарода будзе захоўвацца ў выставачнай экспазіцыі НАК.
Вялікі ажыятаж у дзяцей і іх бацькоў выклікаў сам Алімпійскі квэст.
Да кожнай лакацыі (трэнажоры па плаванні, татамі для дзюдо, каратэ, баксёрскія рынгі, стэндавая стральба, веласпорт і інш.) стаялі доўгія чэргі.
Хлопчыкі і дзяўчынкі, выканаўшы неабходныя ўмовы, атрымлівалі ў свае квіткі залацістыя пячаткі і беглі далей, каб поўнасцю прайсці квэст.
Колькі за гэта было атрымана прызоў, а самае галоўнае — добрага настрою, не перадаць словамі. Эмоцыі білі праз край.
Завяршыўся культурна-спартыўны фестываль «Вытокі» ў Пружанах кавер-батлам, вялікім святочным канцэртам, піратэхнічным шоу і дыскатэкай да самай раніцы.
Падчас канцэрта выступілі такія зоркі беларускай эстрады, як Алёна Ланская, Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка, Аляксандр Саладуха, Аляксандра Гайдук, Жанэт, арт-гурт «Беларусы», Аляксандр Варанішча, гурт «Дразды» і многія іншыя любімыя публікай выканаўцы. Энергетыка выступленняў была на вышэйшай кропцы.
Своеасаблівыя вынікі ўбачанага і пачутага падвёў старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, дзякуючы якому наш слаўны горад і прыняў юбілейны, дваццаты па ліку спартыўна-культурны фестываль «Вытокі». Дарэчы, фестываль — дваццаты, а праходзіў у такім фармаце — тры дні ў адным горадзе, упершыню.
— Фестываль атрымаўся, — кажа Міхаіл Міхайлавіч. — Самі бачыце, колькі людзей размеркавалася па шматлікіх лакацыях. І ў першую чаргу гэта свята рабілася для дзяцей. Зразумела, напярэдадні была праведзена вялікая карпатлівая работа: трэба было прывесці ў належны парадак дамы, школы, вуліцы, сам парк, стадыён і многае іншае. Заўсёды трэба наводзіць чысціню, калі чакаеш у дом гасцей. Будзем працягваць у гэтым плане работу і далей. Гонарам нашага горада стала першая на Брэстчыне вялікая скейт-пляцоўка.
Міхаіл Грышкевіч звярнуў увагу, што пляцоўка коштам у 550 тыс. рублёў пабудавана за сродкі НАК.
— Асобна выказваю словы падзякі Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту ў асобе яго прэзідэнта Віктара Аляксандравіча Лукашэнкі, старшыні Брэсцкага аблвыканкама Юрыю Вітольдавічу Шулейку за тую дапамогу, якая была аказана ў арганізацыі, падрыхтоўцы гэтага свята, — падкрэсліў кіраўнік раёна.
Развітальныя фанфары, салюты фестывалю адгучалі. А горад працягвае жыць, успамінаючы грандыёзнае свята.
Віктар Ільюшчанка.
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з «Вытокаў» глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_302969448 і https://ok.ru/budni/album/979734712200