Воскресенье, 16 августа 2026

На базе ОАО «Шени-агропродукт» прошел семинар-совещание, посвященный предупреждению производственного травматизма в организациях агропромышленного комплекса во время уборочной кампании 2026 года

478

На гэтым свеце чалавек жыве адзін раз. Іншага не дадзена нікому. Таму трэба берагчы гэтую неацэнную магчымасць, не падвяргаць небяспецы. Гэта датычыцца як знаходжання дома, так і падчас выканання работ на працоўным месцы. І сельская гаспадарка — адна з траўманебяспечных галін эканомікі, асабліва ў гарачую пару сяўбы і ўборкі. Тады як пазбегнуць няшчасных выпадкаў? Гэтаму і быў прысвечаны рэспубліканскі семінар-нарада на тэму «Папярэджанне вытворчага траўматызму ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу падчас правядзення ўборачнай кампаніі зерневых культур у 2026 годзе».

Практычная частка мерапрыемства была наладжана на базе ААТ «Шані-аграпрадукт», дзе дадзенаму пытанню надаецца вельмі пільная ўвага, і не перыядычна, а на пастаяннай аснове. Першая лакацыя — машынны двор сельгаставарыства. Кароткую інфармацыю аб гаспадарцы даў яе дырэктар Аляксандр Якімавец. А пасля больш дэталёва аб эканамічных складніках паведамілі гасцям семінара спецыялісты ААТ «Шані-аграпрадукт». Тэхніка гатова да ўборкі, наладжаны санітарна-бытавыя ўмовы для работнікаў.


Не засталіся ўбаку ад разгляду такога важнага пытання і прадстаўнікі розных службаў: хуткай дапамогі Пружанскай ЦРБ, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўтаінспекцыі, элетрасетак і газавай службы. Кожны са спецыялістаў падрабязна расказаў, як паводзіць сябе ў экстраных і непрадбачаных сітуацыях: ніколі не панікаваць, захоўваць тэхніку бяспекі, адказна ставіцца да працоўных абавязкаў, сачыць за станам свайго здароўя і заўсёды помніць, што жыццё — галоўнае багацце кожнага.


Расказалі ў ААТ «Шані-аграпрадукт» і пра арганізацыю харчавання падчас уборачнай кампаніі. Ніводзін працаўнік не застаецца без смачных і каларыйных абедаў і вячэры. Усё дастаўляецца на месца выканання работы, тым самым зберагаючы каштоўныя мінуты на жніве. Абавязкова выкарыстанне спецадзення, поўнае ўкамплектаванне тэхнікі вогнетушыцелямі, медыцынскімі аптэчкамі, рэспіратарамі, пальчаткамі, нават вадой, што ў спёку вельмі неабходна. Калі з’яўляецца патрэба ў хуткім рамонце, значыць, павінна быць перасоўная электразварка. Ды мала што можа здарыцца! Таму загадзя ўлічваем усе неспадзяванкі, каб потым не ламаць галаву над невырашальнай задачай, калі чакаюць палеткі з залацістым зернем.


На другой лакацыі — зернесушыльным комплексе — намеснік дырэктара гаспадаркі па раслінаводстве Аляксандр Скрыпко азнаёміў гасцей з тым, як ідзе падрыхтоўка насення да пасяўной, як праходзіць апрацоўка палеткаў пестыцыдамі і якая тэхніка для гэтага выкарыстоўваецца. Таксама можна было прайсціся па зернесушыльным комплексе, здзівіцца чысціні на ўсёй тэрыторыі і заглянуць на склад, дзе будзе захоўвацца будучы ўраджай.
Тэарэтычная частка семінара была перанесена ў Палац культуры. Аб важнасці мерапрыемства вялі гутарку старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Шчуплянкоў, старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, сакратар Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па міжнароднай рабоце Ганна Варфаламеева, галоўны тэхнічны інспектар працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Павел Манько, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Хвацік, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу і энергетыкі, дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам машын і абсталявання Аляксандр Матвяйчук і старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Леанід Мартынюк. Выступоўцы таксама падкрэслівалі важнасць стварэння бяспечных умоў працы для кожнага работніка. Мы ўсе павінны імкнуцца да выкаранення прычын траўматызму. Гэтая задача нам пад сілу.


Што і паказала ААТ «Шані-аграпрадукт», якой ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі быў уручаны сертыфікат на 10 тыс. рублёў. Галоўнае — толькі захацець.


Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік

Больше фото тут