Суббота, 7 ноября 2026

Рэспубліканская акцыя «За бяспеку разам»

314

Беражыце сваё здароўе і жыццё. Менавіта гэтаму вучыць рэспубліканская акцыя «За бяспеку разам», асноўны этап якой праходзіць у краіне з 24 кастрычніка па 1 лістапада бягучага года (асенні перыяд).

Колькі здараецца выпадкаў, калі чалавек па халатнасці, нявопытнасці ці нейкай іншай прычыне калечыць сябе, знішчае маёмасць, а то наогул пазбаўляе сябе магчымасці хадзіць па гэтай зямлі і дыхаць гаючым паветрам . Гэтага ўсяго можна пазбегнуць, калі захоўваць элементарныя правілы бяспечных паводзін. Быць асцярожным з агнём, электрычнасцю, газавым абсталяваннем…

Пра дадзеную акалічнасць мы павінны помніць кожную мінуту, не дапускаючы нават думкі, што можна зрабіць інакш. Для нашай жа бяспекі ў краіне на пастаяннай аснове праводзяцца мерапрыемствы, мэтай якіх з’яўляецца якаснае жыццезабеспячэнне грамадзян. Арганізатарам выступае МНС Беларусі сумесна з Міністэрствамі ўнутраных спраў, працы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, энергетыкі, аховы здароўя, адукацыі і Беларускім дабравольным пажарным таварыствам.

Асноўная ўвага ўдзяляецца адзінокім і адзінока пражываючым пажылым людзям, інвалідам, шматдзетным сем’ям і тым, у адносінах да якіх прынята рашэнне аб прызнанні наяўнасці крытэрыяў і паказчыкаў сацыяльна небяспечнага становішча, а таксама грамадзянам, якія злоўжываюць спіртным. Мерапрыемствы ў выглядзе рэйдавых праверак асабліва актуальны перад зімовым перыядам, калі прыходзіць час ацяпляльнага сезона. Важны момант: любы жыхар Беларусі можа звярнуцца ў тэрытарыяльны орган МНС па месцы жыхарства і бясплатна запрасіць спецыялістаў для абследавання супрацьпажарнага стану свайго дома або кватэры (штраф за знойдзеныя парушэнні выносіцца не будзе, толькі рэкамендацыі). Так што, ніхто не застаецца па-за ўвагай, кожнаму па жаданні можа аказвацца кваліфікаваная дапамога.

На кантролі дадзенае пытанне трымаецца і на Пружаншчыне. Пацвярджэннем гэтаму — чарговая работа на бягучым тыдні рэйдавай групы. Пад кіраўніцтвам старшыні камісіі па папярэджанні правапарушэнняў, якія садзейнічаюць гібелі людзей ад знешніх прычын у жыллёвым фондзе Пружанскага райвыканкама Руслана Супрыновіча прадстаўнікі РАНС, міліцыі, сацыяльнай службы і дзяржэнергагазінспекцыі правялі агляд домаўладанняў і прафілактычныя гутаркі з іх гаспадарамі ў раённым цэнтры.

Спецыялісты звярталі ўвагу на пячное ацяпленне (спраўнасць пячэй і наяўнасць прытопачнага ліста), электраправодку і прыборы, газавае абсталяванне. Было рэкамендавана пры адсутнасці набыць сігналізатар угарнага газу і аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Апошні рэагуе нават на нязначнае задымленне і выдае рэзкі гукавы сігнал, які здольны разбудзіць чалавека, які моцна спіць. Прыбор дае каштоўны час на эвакуацыю, выклік выратавальнікаў і тушэнне агню напачатку яго ўзгарання. Працуе ад звычайнай батарэйкі, якую мяняць патрэбна раз у год. Для прыкладу, з пачатку бягучага года ў Беларусі, дзякуючы яму, выратавана 90 чалавек, уключаючы 25 дзяцей. І па цане аўтаномны пажарны апавяшчальнік не такі і дарагі ў параўнанні з коштам чалавечага жыцця або згарэлага дома. Таксама ўсім раздаваліся памяткі, якія будуць з’яўляцца напамінкам аб тым, што жыццё ў нас адно, іншага дадзена не будзе.

Што па заканчэнні рэйда? Як расказаў намеснік начальніка раённага адзела па надзвычайных сітуацыях Канстанцін Хованец, пры выяўленні парушэнняў будуць давацца рэкамендацыі па іх выпраўленні. Калі грамадзянін не можа самастойна гэта зрабіць, тады будуць накіраваны прадпісанні яго дзецям або адпаведным службам. Канечне, паўторнае абследаванне па такіх адрасах таксама будзе праводзіцца. Бо нехта адразу прыслухаецца да парад, а некаму даводзіцца і сто разоў напомніць аб бяспецы жыцця.
Вельмі добра, што пра цябе думаюць, не пакідаюць з праблемамі сам-насам. За гэта вялікі дзякуй усім службам. І хочацца спадзявацца, што дадзеныя мерапрыемствы будуць прыносіць толькі станоўчы рэзультат. Але і самі пра сябе не забываем клапаціцца.
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік