Суббота, 11 апреля 2026

Рэпартаж з ААТ «Ружаны-Агра»: як ідуць справы з вывазам арганікі і зяблевай апрацоўкай глебы

419

Нягледзячы ні на поры года, ні на надвор’е, ні на выхадныя, працы ў сельгаставарыствах не спыняюцца ні на мінуту. Цяпер вось вывозіцца на палеткі і ўносіцца арганіка пад яравую сяўбу, праводзіцца зяблевая апрацоўка глебы.

Механізатары Анатоль Круглей, Сяргей Бацяк і Аляксандр Плашэй падчас вывазу арганічных угнаенняў з МТК «Варанілавічы».

Унясенне мінеральных угнаенняў несумненна ўплывае на ўраджай. Даказана навукоўцамі. Але не трэба забываць і пра арганіку, якую выкарыстоўвалі яшчэ нашы прадзеды. Яе кожны дзень з фермаў і комплексаў транспартуюць на палеткі: і гігіену захоўваем для пагалоўя, і карысць для зямлі.

Апошняе нам пацвердзілі і ў ААТ «Ружаны-Агра»: арганічныя ўгнаенні станоўча ўплываюць на састаў глебы, паляпшаюць яе паветра- і водапрапушчальнасць. Раскладаючыся ў зямлі, арганіка развівае гумусны слой глебы, чым значна павышае яе ўрадлівасць і ўтрыманне пажыўных рэчываў. Дарэчы, план сельгаставарыства па вывазцы дадзеных угнаеннях пад яравую сяўбу — 172 тыс. т (па раёне — 926 тыс. т). На чацвер бягучага тыдня гаспадарка дасягнула амаль 50%-нага рубяжа ў гэтай рабоце і, несумненна, выканае план у вызначаныя тэрміны. За дзень жа ўдаецца даставіць на палеткі 1200-1300 тон арганікі.

Пасля складзіравання арганікі праводзіцца яе ўнясенне. Работа даручаецца вопытным механізатарам: размеркаванне ўгнаення на зямельных плошчах павінна быць раўнамернае і ў пэўнай дозе. А для зручнасці ўнясення ў ААТ «Ружаны-Агра» выкарыстоўваюцца шматфункцыянальныя паўпрычэпы «Амкадор» ПМФ-20. Гаспадарцы ж у асенні перыяд ад агульнай колькасці патрэбна ўнесці пад яравую сяўбу 103 тыс. тон арганічных угнаенняў (па факце на 26 кастрычніка 35,1 тыс. тон — 34% ад плана ўнясення на восень, у дзень — прыкладна 35 га).

Максім Быкоўскі.

А што ж пасля ўнясення арганікі? Падышлі да асенняга ўзворвання зябліва, якое здольна забяспечыць павышэнне ўраджайнасці ад 5 ад 45%, правядзенне дадзенай работы ў агранамічныя тэрміны прыводзіць да павелічэння ўвільгатнення і пажыўнасці глебы за кошт захавання асенняй, а таксама зімовай вільгаці. Пасля правядзення восеньскага ўзворвання з’яўляецца магчымасць вясной у больш раннія тэрміны правесці пасяўныя работы.

Чаму яшчэ важна зябіць? А гэта ж і падаўленне пустазелля, і барацьба са многімі шкоднікамі і хваробамі раслін, і насычэнне глебы арганічнымі ўгнаеннямі. Бачыце, колькі плюсаў!

Сяргей Фішчанка.

У Пружанскім раёне патрэбна правесці зяблевую апрацоўку глебы на 23000 га. Сярод гаспадарак самая вялікая плошча ў ААТ «Ружаны-Агра» — 3500 га, на 26 кастрычніка паднялі зябліва на 1573 га. Узворванне ў сельгаставарыстве праводзіцца энерганасычанымі трактарамі з абаротнымі механічнымі навяснымі 8-корпуснымі плугамі, якія дазваляюць правесці работу якасна і паскоранымі тэмпамі. Ды і людзі не падводзяць: працуюць на сумленне, усведамляючы сваю адказнасць за будучы ўраджай.

Што нам снег, што нам спёка, што нам дожджык праліўны…

Магутная тэхніка і такія бравыя хлопцы, як Максім Быкоўскі і Сяргей Фішчанка — вялікая сіла падчас узворвання зябліва, якое праводзіцца каля вёскі Бярэзніца.

Прыблізна так можна ахарактарызаваць работу працаўнікоў ААТ «Ружаны-Агра». Няхай жа надвор’е пасылае на іх галовы ўсяго і ў меру. Гэтыя людзі, як ніхто, заслужылі сваёй працай павагу і разуменне.

Вадзім Раўнейка. Фота Уладзіслава Шпарлы