
Так можна сказаць пра галоўнага агранома ААТ «Ружаны-Агра». Ілья Аляксандравіч Юнаш на гэтай пасадзе працуе трэці год. Спецыяльнасць «Аграном» атрымаў у Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце і ў 2022 годзе прыйшоў у гаспадарку. Паралельна ў гэтай жа навучальнай установе атрымаў другую вышэйшую адукацыю на факультэце «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці ў галінах АПК».
Да ўніверсітэта скончыў Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж. Яшчэ ў студэнцкія гады Ілья Юнаш праходзіў практыку ў гэтым сельгаставарыстве.
ААТ «Ружаны-Агра» — гаспадарка даволі вялікая. У агранамічнай службе задзейнічана 11 спецыялістаў. Працуе больш за 700 работнікаў, плошча палёў звыш 20 тысяч гектараў.
— Што паўплывала на выбар прафесіі?
— Я нарадзіўся ў вёсцы Паўлава, і любоў да зямлі, можна сказаць, у мяне ў крыві. Хоць бацькі ў сельскай гаспадарцы ніколі не працавалі, толькі татава мама была паляводам. Спачатку марыў стаць праграмістам. Але іх у нашай краіне хапае, а камусьці трэба вырошчваць хлеб. Сельскагаспадарчая галіна з’яўляецца вядучай у раёне і ў рэспубліцы, таму без працы не застанешся. Бацькі спачатку мой выбар прынялі неадназначна, але цяпер разумеюць, што гэта маё.
— Як прыняў Вас калектыў?
— Усё склалася добра. Не ўсіх ведаў, але за паўгода пазнаёміліся. У агранамічнай службе працуюць амаль адны мужчыны. Калектыў дружны, заўсёды адзін аднаго падтрымліваем, дапамагаем, калі трэба. Кіраўнік гаспадаркі Андрэй Іванавіч Босак таксама заўсёды выслухае, дасць слушную параду.
— Якія цяжкасці ўзнікаюць на працы?
— Пытанні, праблемы, канечне, ёсць. Вынік нашай працы ў многім залежыць ад надвор’я, на якое, на жаль, паўплываць мы не можам. Усё астатняе вырашаецца. Самае складанае — гэта праца з людзьмі: кожны чалавек са сваім характарам, да кожнага трэба знайсці падыход.
— Ілья Аляксандравіч, ці не шкадуеце аб зробленым выбары?
— Ніколі не шкадаваў. А сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі прыйшлі і ў сельскую гаспадарку: камп’ютар — надзейны памочнік. Уся база ў ім. Перш чым ісці ў поле, усё разлічваем. Праца вельмі цікавая. Кожны дзень не падобны на папярэдні і наступны. Няма аднастайнай руціны.
— У Вас такая складаная і адказная праца. А ці ёсць у ёй рамантыка?
— А як жа без рамантыкі?! Чаго варты нашы ружанскія світанкі і заходы сонца! А калі камбайны ідуць у поле стройнымі радамі, дык аж дух займае! А душу перапаўняе пачуццё гонару. Праца ўвесь час на прыродзе, на чыстым паветры! Я лічу, што аграном — сапраўдны віртуоз. Аглядае палетак, вырашае, што на ім пасадзіць ці пасеяць… Работа ў нас кіпіць круглы год. Вось і зараз, зімой, закладваем арганічнае ўгнаенне пад будучы ўраджай. Менавіта ад агранамічнай службы залежыць, якім будзе наш каравай з новага ўраджаю.
Дарэчы, па выніках 2024 года, ААТ «Ружаны-Агра» заняло першае месца па нарыхтоўцы кармоў у раёне, а гэта — плён нашай сумеснай зладжанай працы. Прыемна адчуваць сваю далучанасць да агульнага поспеху.
На развітанне Ілья Аляксандравіч параіў і мне падумаць над тым, каб звязаць сваё працоўнае жыццё з сельскай гаспадаркай.
ААТ «Ружаны-Агра» зацікаўлена ў папаўненні добрымі кадрамі. Для гэтага варта заключыць дагавор з гаспадаркай (кіраўніком). Да стыпендыі будзе налічвацца значная даплата, гарантаванае месца працы, кар’ерны рост, годная заработная плата, пры неабходнасці можна атрымаць жыллё. Вучыцца можна ў Пружанскім каледжы, Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце або Горкаўскай сельскагаспадарчай акадэміі.
Але вельмі важная ўмова — трэба, каб было жаданне! Я ўдзячна Ільі Аляксандравічу за тое, што ён знайшоў час для гутаркі, а таксама за цікавы аповед і слушныя парады. Хочацца пажадаць яму і ўсёй агранамічнай службе гаспадаркі добрага надвор’я і высокіх ураджаяў!
Калі ў сельскай гаспадарцы ў нас працуюць такія адданыя сваёй справе людзі, то харчовая бяспека гарантавана!
Алена Шыла, юны карэспандэнт Ружанскай СШ імя Казіміра Марача