Суббота, 13 декабря 2025

«Рэактыўны» дырэктар — Мікалай Макарэвіч

683

Пружанскі край славіцца многімі імёнамі выбітных дзеячаў, сярод якіх ёсць асобы, вядомыя далёка за межамі нашага раёна. А ёсць і «мясцовыя» знакамітасці, якія за сваю адданую працу шануюцца толькі землякамі. І хаця мы гаворым «толькі», але не пра кожнага згадваюць праз 10, 20 і больш гадоў. Напрыклад, імя Мікалая Іванавіча Макарэвіча на ліноўскай зямлі памятаюць і зараз. За той спачын, што гэты няўрымслівы і сапраўды «рэактыўны», як яго называлі пры жыцці, дырэктар саўгаса «Ліноўскі» пакінуў пасля сябе.

Роўна 20 гадоў таму «раёнка» віншавала Мікалая Іванавіча з 75-годдзем, якое ён адзначыў 3 сакавіка. Сёлета яму споўнілася б 95 гадоў, але пасля атрыманых віншаванняў тагачасны юбіляр не змог больш змагацца з каварнай хваробай і ў 2006 годзе яго не стала… Але і праз дзесяцігоддзі дырэктара Макарэвіча ўспамінаюць лінаўчане.

Жыццёвы шлях Мікалая складаўся, як і ва ўсіх, у тыя пасляваенныя гады. Аднаўляемай эканоміцы Беларусі былі патрэбны працоўныя рукі ў любой галіне. А Макарэвіч вырашыў, што самай пачэснай справай будзе расціць хлеб. Таму і адвучыўся ў Пінскай сельскагаспадарчай школе, адкуль быў накіраваны ў пружанскі край. У калгасе «30 год БССР» в. Лінова быў патрэбны аграном, пасаду якога заняў М.І. Макарэвіч. І за 9 наступных гадоў адказнасцю і добрасумленнасцю заваяваў важкі аўтарытэт сярод вяскоўцаў. Што пацвярджае аднадушны вынік выбараў дырэктара новастворанага ў 1965 годзе саўгаса «Ліноўскі»: усе прагаласавалі за Макарэвіча.

Чвэрць стагоддзя ён кіраваў гаспадаркай. Можна нямала прывесці дасягненняў саўгаса, згадаць пераходны Чырвоны Сцяг (1979) РК КПБ, дыплом ВЦСПС, ЦК ВЛКСМ і Дзяржзабеспячэння СССР (1984), Ганаровыя граматы ЦК КПСС, Саўміна СССР, ВДНГ (1985-1987) і многія іншыя высокія адзнакі. А яшчэ і асабістыя ўзнагароды кіраўніка – ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалі. Можна пералічваць вытворчыя аб’екты, дзіцячыя садкі, школу, жылыя дамы, якія былі пабудаваны пры Макарэвічу, пракладзеныя па ліноўскай зямлі дарогі, рэкорды па ўраджайнасці і ў асваенні новай тэхнікі. Нават тое, што пры ўпамінанні «Ліноўскага» заўсёды дабаўлялася «саўгас-мільянер». Успомніць можна многае, але самае галоўнае з яго здзяйсненняў тое, што ён прыкладаў усе намаганні, каб у вёску прыязджалі людзі. Дзякуючы яго ініцыятыўнасці і клопату пра людзей, Лінова стала адным з буйнейшых сельскіх населеных пунктаў на Пружаншчыне. Згодна з вынікамі перапісу насельніцтва ў 1990 годзе, калі Мікалай Іванавіч пайшоў на заслужаны адпачынак, колькасць мясцовых жыхароў
набліжалася да 3,5 тысяч чалавек. Падмурак быў закладзены настолькі трывалы, што і зараз аграгарадок лічыцца адным з самых прыгожых населеных пунктаў раёна.

А вось у асабістым жыцці Мікалая Макарэвіча можна было назваць сапраўдным «бяссрэбранікам». Ён выхоўваўся ва ўмовах сялянскага аскетызму, бо ў 30-я, 40-я і нават 50-я гады мінулага стагоддзя ні адна вясковая хата не магла пахваліцца багаццем. Таму і ў сваім жыцці кіраваўся прынцыпамі «мінімалізму». Ёсць сям’я, дзеці, дом, дзе ўсе жывуць разам. Заробленага хапае на хлеб і малако, адзенне. Золата, катэджы, шыкоўныя рэчы — усё гэта было не пра Макарэвіча. Усе сілы і нават думкі ён аддаваў саўгасу. Так што і не адпачываў ніколі, і ў вольную мінуту дома планаваў пасяўную ці жніво, тэлефанаваў спецыялістам. А мог сесці за руль службовага «бобіка» і адправіцца па аб’ектах з праверкай.

Такія парадкі былі прыняты ў сям’і Макарэвічаў, такімі разам з жонкай, сапраўднай саратніцай ва ўсіх працоўных і сямейных справах Вольгай Антонаўнай, выхавалі і сваіх двух сыноў, якія па жыцці ніколі не чакалі «хаўтур», а самастойна будавалі ўласны лёс. Дзякуючы чаму абодва сталі таксама паважанымі ў сваім коле людзьмі. Увогуле, жыццёвыя прынцыпы родапачынальніка Макарэвічаў працягваюцца і ў наступных пакаленнях, яны перадаліся чатыром унукам, ад якіх, пэўна, пяройдуць і праўнукам.

12 кастрычніка 2006 года Мікалай Макарэвіч памёр. У гэтага чалавека яшчэ хапала жыццёвай энергіі, ён мог бы сустрэць і сёлетні юбілей. Толькі лёс распарадзіўся па-свойму, як ураган, які заўсёды першым ломіць тыя дрэвы, якія стаяць непахісна і растуць вышэй за навакольных. Аднак і падаюць такія волаты настолькі шумна, што іх трагедыя не застаецца незаўважанай. А потым пустое месца доўга не зарастае, нагадвае пра магутнага асілка, які стаяў тут. Так і з памяццю пра Мікалая Іванавіча, якая і па сённяшні дзень не згасае сярод старажылаў Лінова. І перакананы, што 3 сакавіка, калі «рэактыўны» дырэктар саўгаса «Ліноўскі» адзначыў бы свой 95-гадовы юбілей, знойдуцца тыя, хто падыме памінальную чарку за гэтага сапраўды гераічнага чалавека.


Алег Сідарэнка.

Фота з сямейнага архіва роду Макарэвічаў