
У Беларусі кожны кавалачак зямлі пад увагай, не ўпускаецца ніводная дробязь. Усюды пануе чысціня і парадак. І гэта датычыцца не толькі населеных пунктаў. Гэта ж можам назіраць і ў лясах, і на неабсяжных палетках. Таму зусім не сорамна запрашаць гасцей, ёсць што паказаць, чым пахваліцца. У гэтым вялікая заслуга нашага УП «Пружанскае ПМС», якое ўжо на працягу многіх гадоў старанна праводзіць меліярацыйныя работы, будуе і займаецца рэканструкцыяй водагаспадарчых аб’ектаў і іх інфраструктуры. Стараюцца людзі, каб не было сорамна за зробленае. Вось так працуюць нашы меліяратары з года ў год, якія, дарэчы, у гэтую нядзелю будуць адзначаць сваё прафесійнае свята, у чарговы раз гэта стане нагодай адчуць важнасць таго, чым займаюцца, пажадаць адзін аднаму сіл фізічных і маральных, шчасця на асабістым фронце і ў рабоце.

— У нашай краіне адной з крыніц прыбытку з’яўляецца сельская гаспадарка, якая дае нам усё неабходнае для жыцця. Таму на ўзроўні рэспублікі адсочваецца павелічэнне пасяўных плошчаў, у тым ліку і раскарчоўванне дзікай расліннасці. Меліярацыйнае прадпрыемства, кожны год уводзіць у зварот новыя плошчы, пры чым пасля сябе абавязкова пакідае ўзорны парадак. Бяром прыклад і стараемся працаваць не менш адказна і сумленна.
— Што штурхае наперад прадпрыемства, дае магчымасць развівацца, упэўнена глядзець у будучыню?
Мне вельмі прыемна працаваць з людзьмі, якія шчыра вераць у поспех даручанай справы, душой прыкіпелі да арганізацыі. Многія ўжо больш за дваццаць гадоў робяць магчымае і немагчымае, каб у роднай Беларусі жылося прыгожа, усё прыцягвала вока. Хоць праца наша зусім не лёгкая, але людзі ніколі не падводзілі: і з задачамі справяцца, а то яшчэ і перавыканаюць план. Адно задавальненне быць кіраўніком такога прадпрыемства!
— Вашы словы як пацвярджэнне зробленаму за 2024 год…
— У мінулым годзе выкананы аб’ём работ на суму каля 6,5 млн рублёў (124% да 2023 года). Гэтыя сродкі амаль пароўну былі выдзелены з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Праводзіліся рамонт і тэхнічнае абслугоўванне, рэканструкцыя меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм, удзялялі ўвагу і культуртэхнічнай меліярацыі — расчышчалі зямлю ад драўніннай і травяністай расліннасці, пнёў, разраўноўвалі зямельныя кучы, засыпалі ямы і равы.
— Работа, канечне, прынесла плён…
— Чысты прыбытак па прадпрыемстве склаў за 2024 год 314 тыс. рублёў, рэнтабельнасць продажу — 11,2%. Што да сабекошту рэалізаванай прадукцыі, то гэта 4651 рубель. Па фондзе аплаты выйшлі на 1713,6 руб. І працаўнікоў заработнай платай не пакрыўдзілі, бо гэта было б недаравальна, улічваючы іх непадробнае старанне, — у сярэднім атрымалася 1986 рублёў. І гэта не мяжа, бо работы хапае, яна выконваецца якасна і ў вызначаныя тэрміны. Тэхніку таксама не забываем абнаўляць для камфорту людзей, збіраемся купіць новы трактар «Беларус». У 2024 годзе набылі тэхнікі на 1800 тыс. рублёў.
— А калі больш дэтальна расказаць пра выкананыя работы?
— У мінулым годзе ачышчалі каналы ад заілення і пустазелля, гэта амаль 2700 км, можна даехаць на аўтамабілі да Варкуты. Таксама праводзілі тэхнічнае абслугоўванне і бягучы рамонт водарэгулюючых і пераезных збудаванняў. Уводзіліся ў эксплуатацыю асушаныя землі пасля правядзення
рэканструкцыі ў філіяле «Айчына» ААТ «Белавежскі», ААТ «Ліноўскае», «Агра-Калядзічы», «Пружанскі льнозавод», «Велікасельскае Агра», «Радзіма», «Пружанскі райаграсэрвіс». Мы займаліся і культуртэхнічнай меліярацыяй. Адным словам, работы хапала круглы год, і працаўнікі прадпрыемства годна яго завяршылі са шчырымі падзякамі ад кіраўнікоў гаспадарак за сур’ёзнае стаўленне да працоўных абавязкаў.
— У сур’ёзных людзей і адпаведныя планы на будучыню.
— Мы не кідаемся, як бачна, пустымі словамі, а робім сваю справу на карысць прадпрыемства і краіны, не шкадуем сіл і часу, хаця калі-нікалі хочацца і адпачыць, усе ж людзі. Ужо на сённяшні дзень ідзём па апераджальным графіку, хаця план на 2025 год у 2,5 разы большы, чым у мінулым. За 5 месяцаў паспелі ўвесці ў эксплуатацыю 928,9 га зямлі. Згадзіцеся, гэта не мала, а аддача ў будучым для нашых сельгаставарыстваў будзе адчувальная: і пасееш больш, адпаведна можна разлічваць і на больш важкі ўраджай. А ўвогуле, будзем займацца звыклай для нас работай. Усяго план па рэканструкцыі зямель — 1080,20 га, па культуртэхнічнай меліярацыі — 682,9 га. Але нас лічбамі не спужаеш, бо работа кожнага меліяратара адладжана да аўтаматызму, людзі ведаюць цану кожнай гадзіне, без прычыны не прастойваюць. Таму, упэўнены, справімся з любымі задачамі, а то і перавыканаем даведзены план.
— Вашы пажаданні з нагоды прафесійнага свята.
— Наша зямля любіць клопат і догляд, дзякуючы вашым, паважаныя меліяратары, клапатлівым рукам, яна пераўтвараецца і дорыць нам багаты ўраджай. Вы паказваеце сучасны навуковы вопыт, кваліфікаваную работу ў асваенні і захаванні прыродных багаццяў. Няхай жа ваш дом будзе напоўнены шчасцем і здароўем. Велізарнага цярпення ў няпростай, але такой важнай для ўсіх справе. Няхай заўсёды спадарожнічае ўдача і не пакідае ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Усяго самага найлепшага!
Гутарыў Вадзім Раўнейка.
Фота Кацярыны Масік
