Среда, 14 октября 2026

Разам да галоўнай мэты

473

Любое прадпрыемства, арганізацыя трымаецца на чалавеку. Ніводнае не зможа без людскіх рук, розуму, вопыту выпускаць прадукцыю, рабіць нейкія разлікі, складаць чарцяжы, будаваць прыгожыя дамы. Ды не зможа тэхніка так любіць сваю родную зямлю, якая цябе поіць і корміць. З ласкай і пяшчотай адносіцца да ўсяго жывога на зямлі могуць толькі людзі, укладаць у абраную справу душу. Сельскую гаспадарку наогул нельга ўявіць без шчырых працаўнікоў, якія разам робяць агульную справу, падтрымліваюць адзін аднаго, стараюцца забяспечыць харчовую бяспеку сваёй непаўторнай Беларусі.

Трактарысты, ветурачы, заатэхнікі, аператары машыннага даення, вадзіцелі… І пры гэтым усе яны, па словах дырэктара ААТ «Шані-аграпрадукт» Аляксандра Якімаўца, заслугоўваюць павагі, бо кожны працуе на рэзультат, з’яўляецца часцінкай цэлага. Хоць і застаецца ў цені, але ж сумленна адносіцца да працоўных абавязкаў, неабыякава ставіцца да даручэнняў, перажывае з усімі за нечаканыя перашкоды і цяжкасці.

У іх рубель пад стол не закоціцца: а гэта галоўны бухгалтар Сяргей Ханіла і бухгалтары Юлія Борсук, Марына Вярэніч і Ірына Страдомская.

Неацэнны ўклад у кожнае таварыства ўносяць бухгалтары. Гэта ж праца з фінансамі, якія маюцца ў абароце гаспадаркі. Патрэбна граматна імі распарадзіцца, улічыць кожную капейку. Бо ад гэтага залежыць далейшае эканамічнае развіццё, устойлівасць і канкурэнтаздольнасць сельгаставарыства. У ААТ «Шані-аграпрадукт» шчыруе 10 бухгалтараў, якія ведаюць сваю справу, дапамагаюць адзін аднаму. Бо фронт работ сапраўды ўнушальны: пярвічны ўлік, удзел у фарміраванні ўліковай палітыкі, вядзенне касавых аперацый, фарміраванне падатковай базы і многае іншае. Але за што мы ім вельмі ўдзячны, дык гэта за выдачу заработнай платы. І немалую, як, напрыклад, ва ўзгаданым таварыстве, — у сярэднім амаль 3000 беларускіх рублёў. Годная плата за нялёгкую працу.

Для юрысконсульта Таццяны Бойдзіч і інспектара па кадрах Наталіі Касьян сельская гаспадарка як дом родны.

Калі ўладкоўваешся на працу, абавязкова трапіш у кабінет інспектара па кадрах. І гэтую работу таксама павінен нехта выконваць, увесці ў курс справы новага работніка, азнаёміць з правамі і абавязкамі. Тут патрэбна праяўляць ветлівасць і карэктнасць, каб чалавек з парога адчуў, што яму рады, яго чакалі і прымаюць у сваю каманду.

Здараюцца такія моманты, калі без юрыдычнай кансультацыі ніяк не абысціся, калі патрэбны талковыя адказы па заканадаўстве. І на дапамогу прыходзіць юрысконсульт. Ён займаецца прававым суправаджэннем дзейнасці сельгаставарыства. Неад’емная частка яго працы — работа з дамовамі, разгляд прэтэнзій, іскаў, калі патрэбны халодны розум, разважлівы ход думак, цвёрдая пазіцыя, падмацаваная законам. Зусім нялёгкая справа, асабліва калі яна ўскладваецца на кволыя жаночыя плечы.

Маладосць праграмісту Кірылу Кабрынцу ніяк не перашкаджае спраўляцца з працоўнымі абавязкамі.

Але ж у цяперашні час і без камп’ютараў мы ўжо ніяк не абыдземся, і без інтэрнэту жыцця не ўяўляем. Каб нішто не выходзіла са строю і не прападала невядома куды, і працуе праграміст. Абслугоўвае тэхніку, у яго абавязкі ўваходзіць і відэаназіранне на ўсіх аб’ектах гаспадаркі. У падведамстве і сайт, які, дарэчы, у ААТ «Шані-аграпрадукт» мае сваіх шматлікіх прыхільнікаў. Тут нядаўна набылі сервер, таму цяпер спецыялісту даводзіцца займацца ўкараненнем 1С (бухгалтэрыя). Без грунтоўных ведаў будзе цяжка працаваць на гэтай пасадзе.

Працуй сумленна — і будзе табе павага. Упэўнена эканаміст па працы Алена Талакнянік.

Эканоміка павінна быць эканомнай. Каб не траціліся абы-куды грошы, каб складаліся фінансавыя планы і прагнозы. А можна пашукаць спосабы зніжэння выдаткаў, разлічыць сабекошт прадукцыі і паслуг. Правесці ацэнку работы падраздзяленняў. У наш час ёсць многа варыянтаў, як зрабіць для сябе выгаду звычайнай справай, каб рубель пераўтварыць у два. Было б толькі жаданне. А яго ў эканамістаў сельгаставарыства куды як многа. Яны табе зробяць і аналіз акупляльнасці новых кірункаў, інвестыцый, калі можна смела ўкладаць грошы, не баючыся з імі развітацца назаўсёды.

У такіх прыгожых дзяўчат, як заатэхнік-селекцыянер Вікторыя Гарабец, спецыялісты па ідэнтыфікацыі жывёл Соф’я Кот і Вікторыя Апарэнка, абавязкова ўсё атрымаецца.

Адзін з асноўных кірункаў дзейнасці любога сельгаставарыства — гэта жывёлагадоўля, якая ў якасці малака і мяса прыносіць адчувальны прыбытак. Але, каб яго атрымаць, патрэбна правесці вялікую работу, укласці душу ў яе, знайсці падыход да кожнай каровы. І, зразумела, не выключаецца навука, калі разлічваецца рацыён, ажыццяўляецца кантроль за якасцю кармоў. Праводзіцца праверка чысціні ў памяшканнях фермаў і комплексаў. Вядзецца кантроль узнаўлення статка, улік колькасці і вырошчвання маладняку. Усё патрэбна рабіць своечасова, з веданнем справы. У ААТ «Шані-аграпрадукт» дадзенай работай займаецца заатэхнічная служба ў складзе 7 чалавек, адказных, мэтанакіраваных. Яны гатовы кожнай з 7721 (2500 дойных) кароў падарыць свой клопат і ўвагу. У адказ — сярэднясутачныя надоі амаль у 30 кг. Гэта другі паказчык у раёне.

Дыспетчар Людміла Макарук заўжды на сувязі і гатова прымаць інфармацыю.

А хто ж займаецца выдачай пуцявых лістоў, апрацоўкай інфармацыі па палявых работах жывёлагадоўлі і адпраўкай яе ў раённае ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні? Дыспетчар, які, працуючы з лічбамі, павінен праяўляць скрупулёзнасць, каб не дапусціць няправільнай інфармацыі, якая можа негатыўна паўплываць на стан спраў усёй гаспадаркі.

Эканаміст Дзмітрый Козел можа доўга расказваць пра перавагі лічбавізацыі.

Лічбавізацыя — гэта дакладнае земляробства праз укараненне перадавых ІТ-рашэнняў. Аналіз глебы, дэферэнцыраванае ўнясенне ўгнаенняў, кантроль за палівам, прымяненне аўтапілотаў на тэхніцы. Усё разам павінна працаваць на прыбытак гаспадаркі. Бо час, калі рабілі на вока, прайшоў. Трэба ісці ў нагу з распрацоўкамі. І ўсё гэта ў падначаленні аднаго чалавека — эканаміста. Ён пільна сочыць за рухам тэхнікі: колькі зрабіў — столькі і заплацяць. А гэта дысцыплінуе і надае імпэту працаваць шчыра, без агрэхаў.

За бяспеку адказвае інжынер па ахове працы
Аляксандр Марчук.

Канечне, за сваё жыццё, у першую чаргу, мы павінны адказваць самі. Але на працы зусім не лішнім будзе чалавек, які правядзе з новым работнікам уводны інструктаж. Праверыць умовы на рабочым месцы. Складзе інструкцыі па ахове працы. Адным словам, будзе стаяць на варце твайго здароўя, каб кожны дзень дадому вяртаўся жыццярадасны, поўны сіл і энергіі. Адказны ўчастак работы для інжынера па ахове працы, на гэтую пасаду падбіраюць спецыяліста граматнага, сур’ёзнага, які не дапусціць пралікаў і заўсёды будзе стаяць на варце бяспекі.

Інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка Дзмітрый Глушко і галоўны інжынер Павел Рыбачок за свой участак работы спакойныя.

Пашанцавала ААТ «Шані-аграпрадукт» і з інжынернай службай. Работа адладжана да дробязей, кожны займаецца сваёй справай, выходзіць на сувязь. Таму ў гаспадарцы няма праблем з запчасткамі і інвентаром. Тэхніка своечасова рамантуецца слесарамі, штогод абнаўляецца аўтапарк. А што яшчэ трэба вадзіцелям і трактарыстам-машыністам для таго, каб з задавальненнем ісці на працу?

Сельгаставарыства павінна займацца не толькі вытворчасцю, але і вывучаць рынак збыту, каб выгадна прадаць сваю прадукцыю. Не на апошнім месцы і вывучэнне канкурэнтаў, добра, калі ведаеш, што робіцца па-за межамі сваёй гаспадаркі і аператыўна рэагуеш на змены ў эканоміцы. Нядрэнна, калі на належным узроўні арганізавана рэкламная кампанія, чым больш людзей пра тваё сельгаставарыства ведае, ад таго павялічваецца кола рэальных пакупнікоў. І ўсім гэтым прафесіянальна ў ААТ «Шані-аграпрадукт» займаецца маркетолаг Сяргей Мілясевіч. Чалавек на сваім месцы, таму ўсё ў яго спорыцца.


А вось Эдуард Лаўрусік — галоўны энергетык у гаспадарцы. Згодна сваёй пасадзе, ён займаецца кантролем за сістэмамі электра-, цепла-, газа- і водазабеспячэння. Вельмі важны ўчастак, дзе нельга дапусціць самага малога збою, бо гэта не толькі фінансавыя страты, але напрамую ўплывае на работу людзей на той жа ферме ці машынна-трактарным парку. А яшчэ патрэбна арганізаваць планавыя рамонты, мадэрнізаваць энергетычнае абсталяванне. І вось жа атрымліваецца ў Эдуарда Мікалаевіча спраўляцца з працоўнымі абавязкамі, бо адказны спецыяліст.

Любіць непаўторную Радзіму — гэта вельмі важны момант у жыцці кожнага беларуса. Працаваць дзеля яе дабрабыту — святая справа. Умацоўваць яе суверэнітэт, павышэць прэстыж — задача кожнага. Для гэтага ў гаспадарках працуюць спецыялісты па ідэалагічнай рабоце. Яны падтрымліваюць здаровы маральна-псіхалагічны клімат у калектыве. Заўжды гатовы падняць настрой і садзейнічаюць умацаванню працоўнай дысцыпліны. Вядуць за сабой людзей і даюць упэўненасць, што заўтра абавязкова будзе лепш, чым сёння.

І атрымліваецца, што толькі разам — хто на палетку, нехта ў кабінеце ці майстэрні, а другі на ферме або комплексе — можна дамагчыся таго, для чаго мы і ходзім на працу. А гэта працвітанне свайго прадпрыемства. ААТ «Шані-аграпрадукт» пашанцавала ў гэтым плане, бо тут кожны на сваім месцы, пры сваёй справе і ідзе смела ў кірунку дабрабыту роднай гаспадаркі.


Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік