Воскресенье, 9 августа 2026

Расследуюцца факты генацыду

316

Падчас расследавання крымінальнай справы, узбуджанай Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, пракуратурай Пружанскага раёна былі ўстаноўлены раней невядомыя месцы магчымага пахавання расстраляных нямецкімі захопнікамі мірных жыхароў у 1941-1944 г.г.

Гэта ўрочышча Песчына паблізу вёскі Плябанцы, участак мясцовасці паблізу вёскі Баравікі, участкі лясных масіваў паблізу вёсак Дабучын і Манчыкі (два апошнія — мяркуемыя месцы расстрэлу асоб яўрэйскай нацыянальнасці).

Пракуратурай раёна зроблены агляды вызначаных месцаў, зафіксаваны іх геаграфічныя каардынаты. Па накіраванай намі інфармацыі вызначаныя месцы ўключаны ў план правядзення палявых пошукавых работ бягучага года.

Таксама намі праведзены агляды з мэтай дакладнай фіксацыі межаў размяшчэння ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны гета ў г. Пружаны і г.п.Ружаны.

У рамках расследавання вызначанай крымінальнай справы праведзены і агляды месцаў прымусовага ўтрымання палонных (ваеннапалонных) у часы Вялікай Айчыннай вайны:

—у г.Пружаны паблізу вул. Кастрычніцкай на тэрыторыі УАЗ «Пружанская ЦРБ» (філіял лагера Дулаг 130);
—у г.Пружаны, паблізу вул. Новай і Савецкай, на тэрыторыі цяперашняга Палаца культуры (філіял Дулаг 130);
—у г.п.Ружаны (на тэрыторыі храма святых апосталаў Пятра і Паўла);
—у аг. Лінова, на тэрыторыі ТАА «Экалагічныя матэрыялы» (Дулаг 130);
—у г.Пружаны, па вул. Савецкай, 30 («белая турма»);
—у г. Пружаны, па вул. Чырвонаармейскай, 27 («чырвоная турма»).

Пракуратурай раёна праводзіліся таксама агляды месцаў здарэння, устаноўлены больш за 130 спаленых нямецкімі захопнікамі ў часы Вялікай Айчыннай вайны населеных пунктаў Пружанскага раёна.

Дапытана больш за сотню асоб у якасці сведкаў і пацяпелых. Гэта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, былыя вязні лагераў, старажылы, старасты населеных пунктаў, а таксама іншыя асобы, якім вядомы нейкія абставіны па дадзенай крымінальнай справе.

Ажыццяўляюцца агляды архіўных дакументаў, якія тычацца зверстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Пружанскага раёна.

Аляксандр Вярбіцкі, пракурор Пружанскага раёна