Суббота, 7 ноября 2026

Расцілі з душой, прадавалі з усмешкай

402

Здаўна пасля збору ўраджаю ладзіліся кірмашы, на якіх адныя прадавалі тое, што вырасцілі на зямлі, а другія — набывалі зімовыя запасы. Аднак у наш час падобныя гандлёвыя зносіны істотна пашырыліся, набыўшы святочныя адценні. Што і пацвердзіў чарговы кірмаш «Пружанская восень», які маштабна прайшоў у мінулую суботу ў цэнтры горада.

Адразу варта адзначыць, што сёлетняя гандлёвая пляцоўка істотна пашырылася, амаль палова радоў была адведзена пад прамысловую прадукцыю, якую да нас прывезлі прадпрымальнікі. Чым і скарысталіся многія пакупнікі, якія прыбіраліся да надыходзячых халадоў, набываючы цёплае адзенне, абутак, аксэсуары і многа іншае. Попытам карысталіся таксама парфум, дзіцячыя цацкі, сувеніры. І ўсе гэтыя прапановы разгарнуліся на большай частцы вуліцы Савецкай, літаральна ад «Універмага» і да моста праз раку Мухавец.

Аднак «Пружанская восень» усё-такі сельскагаспадарчы кірмаш, таму і пераважная большасць гандлю была адведзена пад сёлетнюю садавіну і агародніну. Прычым другая пераважала: у прыватнасці, яблык на кірмашы па аб’ектыўных прычынах было нямнога, таму што год на іх выдаўся ўраджайным не толькі ў прамысловых садах, але і ў прыватных. Некаторыя пакупнікі куплялі, напрыклад, у ААТ «Айчына-Агра» на спробу прадстаўленыя гатункі, але зрэдку і нямнога.
Знізіўся запыт і на бульбу, якая ўрадзілася таксама ў многіх. Нават кошт у 85 капеек прыцягваў не так, як і ў мінулым годзе цана ў 1 рубель за кіло. Разам з тым і капуста на гэтым кірмашы, па-першае, была не так разнастайна прадстаўлена, а па-другое, не вельмі разыходзілася.

А вось попыт на збожжа і сёлета не паменшыўся, літаральна ў першую гадзіну многія прадаўцы збылі ўсё, што прывезлі на продаж. Як расказала прадстаўнік ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» Наталля Мартынчук, за першую гадзіну было рэалізавана больш за 2 дзясяткі мяшкоў з пшаніцай. І гэта пры тым, што ў прадпрыемства была цана крыху вышэй у параўнанні з «канкурэнтамі». Вось і затрымаліся даўжэй. Так жа хутка разбіралі і іншыя культуры — ячмень, трыцікале, жыта.
Доўгія чэргі сабралі тыя гандлёвыя пляцоўкі, што прапаноўвалі розную гародніну. І хаця памідорамі пружанцаў сёлета складана было здзівіць, аднак часнок, цыбуля, морква, буракі, перац і нават «экзатычныя» баклажаны разыходзіліся шпарка.

Увагі варта была не толькі гандлёвая разнастайнасць, але і арганізацыя кірмашу. У прыватнасці, шэраг прадаўцоў улічылі папярэднія складанасці і падрыхтаваліся да разліку, прапануючы не толькі наяўны, але і безнаяўны спосабы аплаты. Таксама была створана аптымальная схема пад’езду, каб далёка не несці цяжкія пакупкі. А яшчэ працавала «сацыяльнае таксі», ва ўзаемадзеянні з якім шчыравалі валанцёры БРСМ, дапамагаючы пажылым у пагрузцы і разгрузцы набытых зімовых запасаў.

Неабходна адзначыць і святочную атмасферу. На кірмашы можна было набыць гатовых прысмак і пасядзець кампаніяй на фудкорце, паслухаць выдатныя выступленні пружанскіх артыстаў. А таксама сустрэцца са знаёмымі, далёкімі землякамі, пачуць навіны, падзяліцца сваімі радасцямі і проста пабываць у дружнай атмасферы «Пружанскай восені».

Алег Сідарэнка
(тэкст і фота)