
У сераду бягучага тыдня ААТ «Роўбіцкае» дало старт сяўбе яравога рапсу.
Галоўнае ў сельскай гаспадарцы — заўсёды быць нацэленым на вынік, бачыць перспектыву, ніколі не апускаць рукі, быць часткай свайго калектыву. Ну, няма доўгачаканага дажджу, а сеяць усё роўна трэба і верыць, што назло ворагам і на радасць матулі ўсё атрымаецца найлепшым чынам.
Акрамя вышэйназванага сельгаставарыства, у нашым раёне яравы рапс будзе высеяны ў ААТ «Агра-Калядзічы», «Пружанскі райаграсэрвіс», «Радзіма» і «Ліноўскае» (усяго 450 га). І ўсё таму, што дадзеная сельгаскультура вельмі патрабавальная да глебы, ёй падавай тарфянікі — тады можаш разлічваць на добры ўраджай. А яшчэ рэкамендуецца сеяць рапс па вясне на тых участках, дзе годам раней уносіліся арганічныя ўгнаенні, і нядрэнна ўлічыць папярэднікі — гэта могуць быць канюшына, лубін, сіласныя і азімыя збожжавыя культуры. Складанавата, але пры станоўчым раскладзе фінансавая аддача парадуе. І гэта пры тым, што кошт пакупкі адной тоны рапсу вышэйшы за збожжавыя культуры.
У ААТ «Роўбіцкае» на 80 га ўнеслі вясной калій і фосфар, таксама закупілі ў РУП «Брэсцкая АСГДС НАН Беларусі» яравы рапс «віхор». Гэта сярэдняспелы сорт харчовага прызначэння, ураджайнасць можа скласці 50 ц/га, адрозніваецца ўстойлівасцю да палягання і асыпання.
І яшчэ адну акалічнасць на карысць сельгаскультуры называюць у гаспадарцы: у зімовы час шкоду засеяным азімым палеткам наносяць зубры і алені, а цяпер ім корму хапае і ў лясных масівах. Што ж, пралічваць трэба літаральна кожную дробязь: тут і пагодныя ўмовы, і рынкі збыту, і рэнтабельнасць.
А ўжо за сяўбу хвалявацца зусім не трэба. Бо справа даручана вопытнаму трактарысту-машыністу Сяргею Брую, а ён чалавек надзейны. Ужо не першы год працуе ў сельскай гаспадарцы, механізатару знаёмы ўсе тонкасці работы на зямлі.
Вось у такім рэчышчы праходзіць дзень за днём у земляробаў, пра выхадныя і думаць няма калі. Але ніхто не скардзіцца, бо кожны з вясковых працаўнікоў разумее: хто, калі не я?
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік