Вторник, 13 мая 2025

Радыяцыйная бяспека – пад кантролем

569

Сёння роўна 39 гадоў з таго дня, калі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбылася аварыя, што стала адной з найбуйнейшых тэхнагенных катастроф у гісторыі чалавецтва. У атмасферу было выкінута каля 200 відаў радыенуклідаў.

Катастрофа ў Чарнобылі сур’ёзным чынам змяніла сітуацыю ў нашай рэспубліцы і аказала негатыўнае ўздзеянне на яе далейшае развіццё. Радыенуклідамі было забруджана 12% тэрыторыі (46,5 тыс. кв. кіламетраў). У выніку катастрофы нашай краіне была нанесена каласальная сацыяльная і эканамічная шкода. Але дзякуючы істотным намаганням дзяржавы гэтыя тэрыторыі сёння не проста вяртаюцца да звычайнага жыцця, а становяцца прыкладам для іншых рэгіёнаў краіны.

За дзесяцігоддзі пасля аварыі забруджаныя плошчы ў краіне скараціліся амаль у два разы — да 25,5 тыс. кв. кіламетраў. Паступовы вывад населеных пунктаў з зоны радыеактыўнага забруджвання ідзе за кошт паляпшэння радыяцыйнага становішча і сацыяльна-эканамічнага развіцця пацярпелых тэрыторый. Акцэнт робіцца на будаўніцтве неабходных аб’ектаў, што дазваляе павялічваць колькасць працоўных месцаў і паляпшаць умовы працы. Ідзе ўзвядзенне жылля, малочнатаварных фермаў, збожжасушыльных комплексаў, газіфікацыя дамоў і інш. Рэканструявана і пабудавана больш за 20 устаноў аховы здароўя.

Сёння ў Беларусі асноўны ўпор у чарнобыльскай праблематыцы ро-біцца на забеспячэнне радыяцыйнай бяспекі. І гэта тычыцца не толькі паветра, але і прадуктаў харчавання. У Беларусі адна з лепшых у свеце сістэм радыяцыйнага кантролю.

У 2024 годзе ў Пружанскім раёне адабрана і даследавана 8 проб вады з цэнтралізаванай і дэцэнтралізаванай сістэм водазабеспячэння. Усе пробы адпавядалі патрабаванням гігіенічных нарматываў. Праводзяцца вымярэнні магутнасці дозы гама-выпраменьвання ад прыродных радыенуклідаў пры адводзе зямельных участкаў пад будаўніцтва аб’ектаў, пры прыёмцы ў эксплуатацыю жылых дамоў, аб’ектаў грамадскага і вытворчага прызначэння, а таксама па даследаванні радону ў паветры памяшканняў, якія прымаюцца ў эксплуатацыю.

Радыяцыйна-гігіенічны маніторынг у рэспубліцы, у тым ліку на тэрыторыі Пружанскага раёна, працягваецца.

Хутка наступіць сезон нарыхтоўкі грыбоў і ягад. Нагадаем, што для жыхароў Пружанскага раёна даследаванне дзікарослай прадукцыі, выкарыстоўваемай для ўласных патрэб, на ўтрыманне радыенуклідаў праводзіцца на бясплатнай аснове ў лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы Пружанскай раённай ветэрынарнай станцыі на цэнтральным рынку райспажыўтаварыства.

Алена Павядайка, памочнік урача-гігіеніста РЦГЭ