Воскресенье, 19 июля 2026

Радасць у кожнай кропельцы вады

441

Хрышчэнне Гасподняе, якое інакш у праваслаўі называецца Богаз‘яўленнем, завяршыла чараду Калядных дзён. Гісторыя свята злучана з хрышчэннем Ісуса Хрыста ў водах ракі Іардан Іаанам Хрысціцелем. Падчас гэтай падзеі Святы Дух у выглядзе белага голуба сышоў на Ісуса, было пацверджана трыадзінства Бога.

Глыбокі сэнс вялікага свята захаваўся і цяпер. У гэты дзень мяняюць свае ўласцівасці водныя крыніцы, а асвечаная падчас спецыяльнага малітоўнага абраду хрышчэнская вада беражліва захоўваецца вернікамі ўвесь год і не губляе сваёй чысціні і гаючых якасцей.

Як цела ачышчаецца вадой ад бруду, так і душа ачышчаецца шчырай верай ад грахоў. У гэтым таксама сімволіка свята. І людзі імкнуцца праз само датыкненне да святой вады атрымаць Божае блаславенне.

Журналісты пружанскай «раёнкі» ў суботу — хрышчэнскі сачэўнік — пабывалі ў в. Вежнае. Тут знаходзіцца Свята-Мікольскі скіт Брэсцкага жаночага манастыра, а побач – крыніца, таксама асвечаная ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворцы.

Нягледзячы на тое, што студзень сёлета зусім не падобны на зімовы месяц, асаблівая атмасфера наваколля надала вялікаму святу яшчэ больш урачыстасці. Паспрыялі і богаслужэнне ў старажытным мясцовым храме, і неверагодна прыгожы «сярэбраны» перазвон, і від узыходзячага сонца над самым крыжам новабудуемай царквы…

Пасля літургіі ў Свята-Мікольскім храме ўрачыстая працэсія накіравалася да святой крыніцы, дзе адбыўся чын асвячэння вады. І зноў шчырая малітва ляцела ў нябёсы. Кожная кропелька хрышчэнскай вады, напоўненая Божай ласкай, ззяла ў прамянях зімовага сонейка, нібы каштоўны камень. І душа радавалася цуду, сэрца сціскалася ад неверагодных эмоцый, якія — разам з хрышчэнскай вадой — хочацца захаваць на ўвесь год.

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік