Среда, 14 октября 2026

На мінулым тыдні ў райвыканкаме адбылася 8-я сесія раённага Савета дэпутатаў 29 склікання.

586

На парадку дня было разгледжана 9 пытанняў, якія датычацца сумеснай работы органаў мясцовага кіравання і самакіравання па замацаванні кадраў у сельскай мясцовасці; аб продажы жылых дамоў (кватэр) сельскагаспадарчых арганізацый; аб прадастаўленні воднага аб’екта ў арэнду на новы тэрмін; аб змяненні межаў сельскіх населеных пунктаў Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, аб змяненні ўмоў продажу дзяржаўнай маёмасці і іншыя.

Асноўная ўвага была ўдзелена праблеме кадравага забеспячэння арганізацый у сельскай мясцовасці і, у першую чаргу, прыцягнення і замацавання на вёсцы маладых спецыялістаў. Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Наталля Зеляняк у сваім дакладзе падкрэсліла, што рэалізацыя дзяржаўнай кадравай палітыкі павінна ажыццяўляцца шляхам выбудоўвання кіраўнікамі сістэмнай работы па падборы і расстаноўцы кадраў, стварэння ўмоў для іх замацавання, удасканалення механізмаў работы з моладдзю, рэгулявання працоўнай міграцыі, лічбавізацыі кадравай работы.

Сваім вопытам кадравай палітыкі падзяліліся спецыялісты па ідэалагічнай рабоце ААТ «Жураўлінае» Таццяна Асіпчук і ААТ «Ружаны-Агра» Наталля Юрэня. Было падкрэслена, што пытанні заработнай платы, стварэння дадатковых умоў і стымулаў для замацавання моладзі на працоўных месцах знаходзяцца ў зоне адказнасці наймальніка. Менавіта кіраўнік забяспечвае ўключэнне ў калектыўныя дагаворы розных стымулюючых мер для замацавання кадраў, у тым ліку моладзі. Напрыклад, павышэнне тарыфных ставак работнікам, якія прыбылі на работу па размеркаванні, аднаразовая дапамога маладым рабочым і служачым, якія вярнуліся пасля службы ў арміі на ранейшае месца працы, аднаразовыя выплаты пры заключэнні кантракта тэрмінам на 5 гадоў, прадастаўленне дадатковых дзён водпуску і многае іншае.

Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец таксама адзначылі, што ў вырашэнні праблемы дэфіцыту кадраў на першы план выходзіць сістэма прафесійнай арыентацыі дзяцей, пачынаючы з пачатковых класаў, уключаючы ажыццяўленне мэтанакіраванай дзейнасці па падрыхтоўцы да свядомага выбару будучай прафесіі, пашырэнне інфармацыйна-прафесійнага майстэрства, арганізацыя часовай занятасці моладзі, уцягванне падлеткаў у валанцёрскую дзейнасць. І галоўнае — асабісты прыклад бацькоў і іх зацікаўленасць у стабільнай будучыні сваіх дзяцей.

Па выніках сесіі дэпутаты прынялі адпаведныя рашэнні па ўсіх пытаннях, таксама былі вызначаны адказныя асобы для кантролю іх выканання.


Ірына Велясевіч