Четверг, 8 октября 2026

Путь в профессию Анны Куклы

436

Вельмі хацелася звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Працаваць на зямлі, бачыць першыя ўсходы на палетках, быць саўдзельніцай такой важнай для ўсёй краіны справы — жніва. Гаворка пра ўраджэнку раённага цэнтра Ганну Куклу. І першай ступенню для гэтага стала навучанне па мэтавым накіраванні ва УА «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж» па спецыяльнасці «Аграномія».

Ганна паспяхова скончыла навучальную ўстанову і прыйшла на адпрацоўку 8 красавіка 2024 года ў ААТ «Ліноўскае». Паралельна завочна навучаецца ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Па сканчэнні яго, мы не сумняваемся, будзе кваліфікаваным тэхнолагам па вытворчасці расліннай прадукцыі.
Дарэчы, сваю лепту ў выбар прафесіі дзяўчыны ў свой час заклаў бацька Сяргей Мікалаевіч. Ён 10 гадоў працаваў у гэтым сельгаставарыстве механізатарам на трактары
«Т-150 К» і часта браў з сабой малую дачушку. А ў той і
адклаліся ў памяці шчырыя вясковыя працаўнікі, калі магутная тэхніка падрыхтоўвае глебу пад будучы ўраджай, у маленькім сэрцы разгарэлася жаданне стаць часцінкай вялікай справы — быць сапраўднай гаспадыняй на сваёй зямлі.

А пачыналася ўсё ў Ганны з памочніка брыгадзіра. Многаму яшчэ даводзілася вучыцца, не лішнімі былі і падказкі старэйшых калег. Але было б толькі жаданне. А яго ў дзяўчыны не займаць! Таму, калі вызвалілася месца, кіраўніцтва ААТ «Ліноўскае» і назначыла Ганну брыгадзірам участка з 2 мая 2025 года. Канечне, адказнасці прыбавілася, але ж наракаць няма на каго, сама ж вызначылася з прафесіяй. Таму цяпер ні кроку назад, толькі наперад!

Як і кожная жанчына марыла стварыць моцную сям’ю, бачыла сябе ў ролі матулі. Праца і тут дапамагла. Падчас сяўбы кукурузы пазнаёмілася з маладым механізатарам Андрэем. Упадабалі адзін аднаго, як вынік — чаканае вяселле 25 красавіка 2026 года. Было многа віншаванняў з такой нагоды ад родных і блізкіх. Не засталося ўбаку і сельгаставарыства, гучалі цёплыя словы, падарункі таксама мелі месца быць. Жывуць Ганна і Андрэй у арандаваным доме,
ААТ «Ліноўскае» поўнасцю пагашае квартплату. А ў будучым маладыя пераедуць у асабістае жыллё ў аг. Лінова.


Таму можна ўжо зараз меркаваць, што сям’я пусціць свае карані на вёсцы і стане прыкладам таго, што жыць у сельскай мясцовасці можна і працаваць у сельскай гаспадарцы прэстыжна. Няхай так і будзе.
Вадзім Раўнейка

На здымках:

  1. Ганна Кукла ўпэўнена, што толькі моцныя духам людзі могуць працаваць на роднай зямлі.
  2. І яе муж Андрэй з’яўляецца таму яскравым пацвярджэннем.
    Фота Кацярыны Масік