Вторник, 16 июня 2026

Прызванне аддаваць сябе без астатку

985

У свеце, дзе многія мараць аб хуткіх поспехах і змене кар’ерных траекторый, сустракаюцца людзі, чыё жыццё становіцца сапраўднай песняй аб вернасці свайму прызванню. Людміла Міхайлаўна Зарэцкая — адна з іх. Амаль паўстагоддзя яна правяла каля аперацыйнага стала, трымаючы ў руках нябачную нітку паміж страхам і надзеяй. Яе гісторыя не проста пра медыцыну, а пра тое, як любоў да прафесіі становіцца сэнсам усяго жыцця.

Яе выбар прафесіі медсястры-анестэзіста ў пачатку 1970-х не быў выпадковым. Яна заўсёды хацела быць там, дзе вырашаюцца лёсы, словам сказаць, «на перадавой жыцця». Скончыўшы Брэсцкае медыцынскае вучылішча, яна ступіла ў свет, дзе ад яе ведаў, пэўнай стрыманасці і скрупулёзнай дакладнасці залежалі жыцці многіх людзей. Пасля атрымання дыплома маладога спецыяліста спачатку размеркавалі ў хірургічнае аддзяленне Пружанскай ЦРБ паставой медсястрой, а крыху пазней прапанавалі месца ў аперблоку медсястрой-анестэзістам, дзе Людміла затрымалася на цэлых 45 гадоў.

— Памятаю, як у дзяцінстве да нас у вёску прыязджала фельчар з Дабучына. Яна ўсім так падабалася, такая прыветная, заўсёды прывозіла вітамінкі, гуляла з намі, мы бачылі, як яе ўсе чакалі. Гэта недзе захавалася ў душы, і мне захацелася быць падобнай на яе, таму і выбрала медыцыну, вось такая гісторыя, — успамінае Людміла Міхайлаўна. — Прычым не проста медыцыну, а там, дзе складана і напружана. У 87-м годзе ў нас адкрылася рэанімацыйнае аддзяленне і мяне паставілі старшай медсястрой. Тады я ўжо была з пэўным вопытам, таму падвесці свайго загадчыка не мела права. І так на гэтай пасадзе адпрацавала да самай пенсіі.

Праца ў аперацыйнай не кожнаму пад сілу. Гэта пэўны баланс паміж навукай і мастацтвам. Людміла Міхайлаўна не проста разлічвала дозы прэпаратаў, вяла пратаколы, яна вучылася адчуваць пацыентаў, з ювелірнай дакладнасцю прадбачыць рэакцыю арганізма, а галоўнае, умела адцягнуць хворага ад страхаў. Для яе пацыент —не проста выпадак, а гісторыя, якую яна заўсёды старалася зразумець. Бывала, дзяжурствы доўжыліся суткамі: тэрміновыя выклікі, складаныя «кесарава», экстранныя аперацыі. Медыкі разумелі адзін аднаго без слоў, часам размаўлялі поглядамі і жэстамі, і кожны дакладна разумеў, што трэба рабіць. Вось ужо сапраўды — рэальнае майстэрства нараджаецца з адданасці любімай справе.

— У такія моманты забываеш пра стомленасць. Ты — частка механізму, які павінен працаваць ідэальна, — кажа жанчына. — Усё было: і слёзы, і расчараванні, і жаданне ўсё кінуць. Усе мы жывыя і часам даем слабіну, але варта з гэтым пераначаваць, як на раніцу ўсё мяняецца, і ты зноў у страі, як ні ў чым не бывала.


За 50 гадоў медыцына змянілася да непазнавальнасці. Універсальныя наркозныя апараты саступілі сучасным, замест звычайных танометраў цяпер шматфункцыянальныя маніторы, з’явіліся апараты ШВЛ, інфузійныя сістэмы… З 2003 года пасля мадэрнізацыі аддзялення працаваць стала намнога прасцей. Раней даводзілася памятаць дзясяткі параметраў, а цяпер тэхналогіі дапамагаюць кантраляваць мізэрныя змены ў арганізме. Руцін-най працы стала таксама менш, і фокус увагі медсястры ў большай ступені перайшоў на пацыента.

На пытанне пра работу на пенсіі Людміла Міхайлаўна заўсёды адказвае з усмешкай: — Дома сцены маўчаць, а тут усё жывое. З гадамі выпрацаваўся безумоўны рэфлекс ранішніх збораў на працу. А пакуль ёсць сілы і жаданне, і пакуль мяне чакаюць, — я не маю права ўсё пакінуць. У вольны час энергію чэрпаю ад узаемадзеяння з вадой: вельмі люблю плаваць, тады адчуваю сябе проста выдатна.

Энергічная жанчына ніколі не сумавала, нават калі не заўсёды ўсё атрымлівалася. Апроч працы, яна знаходзіла час і для любімых заняткаў, і для сям’і. Разам з мужам Аляксандрам выгадавала сына Аляксандра і дачку Таццяну, якая таксама пайшла па слядах мамы і зараз працуе рэнтгеналабарантам у мясцовай бальніцы. Дарэчы, старэйшая ўнучка Яніна таксама вырашыла падтрымаць маці і бабулю. Скончыла Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт і працягвае сямейную дынастыю пакуль у ролі інтэрна. У будучыні яна — урач-рэнтгенолаг.

Калегі «па цэху» шануюць і паважаюць Людмілу Міхайлаўну за лёгкасць, непасрэднасць і адкрытасць. Старэйшая медсястра неўралагічнага аддзялення ЦРБ Галіна Архуцік з неверагоднай пяшчотай згадвае свае першыя крокі ў прафесію, знаёмства з Людмілай Зарэцкай, яе дапамогу і падтрымку.— Пасля медвучылішча я таксама пачынала паставой медсястрой, а пазней узначаліла сярэдні медперсанал. Спачатку было вельмі цяжка зладзіцца з нагрузкай, вельмі перажывала. Я тады была зусім маладзенькай дзяўчынай, многага не разумела. І ў гэты момант менавіта Людміла, тады ўжо старшая медсястра рэанімацыйнага аддзялення, працягнула руку дапамогі. Я звярталася да яе па любым пытанні, яна ўсё тлумачыла, расказвала, паказвала. Цяпер разумею, наколькі важна для маладога спецыяліста, калі чалавек ужо з вопытам аказваецца побач, і мне вельмі пашанцавала, — з пяшчотай расказвае Галіна Аляксееўна.

Ішлі гады… На заслужаны адпачынак у прамым сэнсе слова Людміла Міхайлаўна не спяшалася. На пенсіі ў звыклым для сябе рытме працягвала працаваць медсястрой-анестэзістам. З яе багажом ведаў і вопытам, а галоўнае велізарным жаданнем прыносіць карысць людзям усядзець у хаце было немагчыма. Праз некаторы час Галіна Аляксееўна прапанавала ёй хоць ненадоўга перайсці ў неўралогію, падмяняць водпускі, бальнічныя, словам, змяніць абстаноўку, і Людміла пагадзілася. І вось гэта «ненадоўга» зацягнулася ўжо на 5 гадоў, а 1 красавіка яе працоўнаму стажу споўніцца роўна 50! Ці не гэта цудоўны прыклад адданасці прафесіі дзецям, унукам, калегам…

Пазнаёміўшыся з Людмілай Міхайлаўнай, я не перастаю здзіўляцца яе аптымізму і жыццялюбству. Яе пылаючыя вочы настолькі выпраменьваюць святло, што бачаць навокал толькі дабро і прыгажосць. І пра што б мы ні гаварылі, яна заўсёды вярталася да працы, кранальным успамінам, з чаго ўсё пачыналася. І тады разумееш, што справа становіцца сэнсам, калі ты аддаеш яму сэрца.

Ірына Велясевіч
Фота з сямейнага архіва