
Рэдкае імя ў нашых краях — Леакадзія. Гучыць нязвыкла, але прыгожа і велічна. І трактуецца ў тлумачальным слоўніку як сімвал сілы, чысціні і высакароднасці. Пасля знаёмства з Леакадзіяй Адамаўнай Тарасевіч, старастай в. Крыніца Шарашэўскага сельсавета, разумееш, што імя сапраўды адлюстроўвае яе стаўленне да людзей і навакольнага свету.
Жанчына ўсяго год на пасадзе старасты, але за гэты кароткі час паспела праявіць сябе як вопытны арганізатар: аб’ядноўвае жыхароў, арганізоўвае суботнікі, нават ператварыла ўборку могілак і тэрыторыі вакол старажытнай капліцы ў агульную справу, дзе працуюць усе – «ад мала да вяліка». Зразумела, у многім спрыяла такому паразуменню і работа, што праводзілі ў папярэднія гады былыя старасты.
У Крыніцы пражывае каля 150 чалавек і ўсе, хто можа, заўсёды дапамагаюць адзін аднаму. Стараста ў нашай размове не раз адзначала шчырасць і асаблівую калектыўнасць вяскоўцаў.
У яе ведамстве яшчэ дзве маленькія вёскі — Акольнік і Мыльніск, у якіх засталося ўсяго некалькі чалавек. У любым выпадку ім таксама неабходны ўвага і клопат, дапамога ў вырашэнні бытавых пытанняў. Жыхарам далёка за 80, і з імі стараста ўвесь час на сувязі.
Усе ініцыятывы Леакадзіі Тарасевіч падтрымліваюць старшыня Шарашэўскага сельвыканкама Генадзь Фасевіч і дэпутат па акрузе Крысціна Вярбіцкая. Мы асабіста з усімі знаёмыя і ведаем актыўнасць гэтых людзей. Яны разумеюць адзін аднаго з паўслова, аператыўна адгукаюцца на любыя просьбы старасты. Тым больш, ураджэнцы тутэйшых мясцін, таму праблемы мясцовых жыхароў ім добра знаёмыя. Ды і да людзей ставяцца заўсёды па-добраму. Яны адразу бяруцца за справу, выязджаюць на месца, пры неабходнасці падключаюць іншыя структуры, і пытанні вырашаюцца хутка і тэрмінова. Ну як тут не адказаць узаемнасцю.
Леакадзія Адамаўна чалавек не публічны і не любіць гучных заяў. Кажа яна мала, але кожнае яе слова мае вагу. Сціплая, з ціхім спакойным голасам і з глыбокімі вачыма, у якіх чытаецца мудрасць і смутак.
Пазней з размовы мы даведаліся, што два гады таму жанчына страціла мужа, з якім пражылі душа ў душу 42 гады. Рана яшчэ занадта свежая і спакойна ўспамінаць пра яго яна проста не можа, настолькі моцнай была сямейная сувязь. Яны разам выгадавалі дачку і двух сыноў, заўсёды працавалі ў адной звязцы, шчыра шанавалі і паважалі адзін аднаго.
— Нас так вучылі: нават у самай цяжкай сітуацыі трэба знаходзіць радасць у дапамозе іншым, — кажа Леакадзія. — Бо ў жыцці заўсёды ёсць месца добрым справам і ўчынкам, і заўсёды ёсць тыя, хто мае патрэбу ва ўвазе і клопаце. Вось гэтым я і займаюся. А яшчэ ў мяне вялікая гаспадарка: кошка Муся, сабака Джэсі, чатыры нясушкі, сад, агарод і любімыя кветкі — лілеі, хрызантэмы, нарцысы. І ўсе патрабуюць увагі і догляду. На выхадныя і святы прыязджаюць дзеці і пяцёра ўнукаў, таму сумаваць не даводзіцца, клопатаў заўсёды хапае. Думала, на пенсіі адпачну, але потым вырашыла вярнуцца ў калектыў, сярод людзей заўсёды лягчэй перажыць любыя цяжкасці. І зараз працую санітаркай на ФАПе, таму першая ў курсе ўсіх вясковых падзей. Людзі неяк цягнуцца да мяне, расказваюць пра свае цяжкасці, а я ўжо даю «зялёнае святло» вырашэнню пытанняў, дамаўляюся з вышэйшымі ўстановамі, і справа рухаецца.
На будучы год у Крыніцы плануецца асфальтаванне дарог, устаноўка каркасаў для гнездавання буслоў на электрычных слупах. Мы заўважылі, што ўздоўж цэнтральнай вуліцы шмат буслянак, якія не дабудаваны. Птушкі ніяк не могуць прыстасавацца, галінкі падаюць, і гняздо разбураецца. Буслы доўга кружаць над гэтым месцам у пошуках новага дома. Захавалася толькі адно гняздо, на якім сямейная пара пярнатых клапатліва чакае патомства. Вельмі хочацца, каб у вёсках заставалася ўсё менш пустых дамоў і людзі, як птушкі, заўсёды імкнуліся вярнуцца на сваю малую радзіму, удыхнуўшы ў роднае месца другое жыццё.
Р.S. На развітанне Леакадзія Адамаўна падзякавала нашаму калектыву за «раёнку», якую яна выпісвае, як кажа, колькі сябе памятае. Прызнаецца, што чытаць газету пачынае з канца: спачатку віншаванні, падзякі, спачуванні, затым глядзіць надвор’е, курсы валют, гараскоп, а потым ужо пераходзіць да першай старонкі. Вельмі падабаюцца артыкулы пра простых людзей, юбіляраў, аповяды пра іх лёс і жыццё, і што ім давялося пераадолець, каб дасягнуць нейкіх вяршынь. Тэма ёй вельмі блізкая, таму так і кранае. А яшчэ падабаюцца матэрыялы пра працаўнікоў вёскі, якія робяць наш край утульным і прыгожым, а па зводках з палёў і фермаў сочыць, якое сельгаставарыства ў перадавіках.
Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік
