Адзін са спосабаў стаць навучэнцам абранай навучальнай установы — мэтавае паступленне. Дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы падпісваецца трыма бакамі: абітурыентам, арганізацыяй-заказчыкам і ўстановай адукацыі.
У нашым раёне прыкладам у выдачы мэтавых накіраванняў могуць служыць сельгаставарыствы. У гаспадарках заўсёды чакаюць маладых аграномаў, тэхнікаў-механікаў, тэхнікаў-электрыкаў і арганізатараў вытворчасці. Канечне, зараз моладзь не вельмі імкнецца да працы на зямлі, але, што вельмі прыемна, усё ж знаходзяцца тыя юнакі і дзяўчаты, якія абіраюць працу ў сельскай гаспадарцы.

Заўсёды гатовы да падпісання мэтавых дагавораў у ААТ «Жураўлінае». Сельгаставарыства бачыць у гэтым перспектыву: абнаўленне кадраў можа прынесці новыя варыянты вырашэння пастаўленых задач як у раслінаводстве, так і ў іншых галінах дзейнасці гаспадаркі.
У сваю чаргу, падпісваецца дагавор аб узаемадзеянні паміж установай адукацыі і арганізацыяй-заказчыкам кадраў пры падрыхтоўцы спецыялістаў, рабочых, служачых. Такі дагавор і быў заключаны паміж «Жураўліным» і Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжам — кузняй работнікаў для сельскагаспадарчых таварыстваў у нашым раёне.
Што ж прадугледжвае гэты дакумент? Установа адукацыі абавязваецца якасна рыхтаваць спецыялістаў, накіроўваць іх у вызначаныя тэрміны на вытворчую практыку ў гаспадарку і размяркоўваць туды выпускнікоў на працу ў колькасці, якая прадугледжваецца ў дагаворы. Гаспадарка, са свайго боку, з’яўляецца базай для правядзення практычнага навучання, практыкі і лабараторных заняткаў, стварае ўмовы для выканання навукова-даследчых работ, апрабацыі і ўкаранення вынікаў навуковай дзейнасці навучэнцаў. Таксама сельгаставарыства ажыццяўляе сумесна з установай адукацыі прафарыентацыйную работу, працаўладкоўвае накіраваных па размеркаванні выпускнікоў.
Канечне, кожны вольны выбіраць, куды і як паступаць.
Але перавага паступлення з мэтавым накіраваннем у тым, што яно гарантуе працаўладкаванне навучэнца пасля таго, як ён скончыць навучанне. Акрамя таго, мэтавае накіраванне дазваляе бясплатна атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю. А гэта, згадзіцеся, важны аспект.
Думаем і робім разумны выбар.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
