Среда, 19 августа 2026

Пружаншчына ў лідарах

376

Нам, беларусам, не патрэбна чужога.
Жывём у цудоўнай краіне, займаемся любімай справай — стваральнай працай, калі кожны заняты работай, стараецца ўнесці лепту ў агульны дабрабыт роднай Беларусі.

Як, напрыклад, хлебаробы, якія штогод напаўняюць залацістым зернем жытнюю скарбонку дзяржавы, надаюць упэўненасці кожнаму беларусу ў тым, што хлеб духмяны на нашым стале госцем ніколі не будзе.

Гэтаму прыкладам служаць і пружанскія працаўнікі, якія ўжо не першы год паказваюць высокія рэзультаты на жніве. Не выключэнне і сёлетняя ўборка, якая радуе нас новымі перамогамі, прыемнымі, шчымлівымі, калі гонар бярэ за землякоў. Людзей працавітых, адданых сельскай гаспадарцы, накіраваных на дасягненне высокіх рэзультатаў і не звыклых да вялікай увагі, бо стараюцца ўхапіць кожную мінуту, пакуль надвор’е дазваляе.

Але ж некалі трэба і прымаць пахвалу і падзяку за свае старанні. Як гэта адбылося ў сераду бягучага тыдня. На палетку за аг. Стараволя сабралася шмат людзей, каб павіншаваць тых хлебаробаў, каго 1000 тон зерня вывела ў пераможцы на ўзроўні Брэстчыны! А гэта ж колькі сіл трэба выдаткаваць, каб тваё імя было ўпісана ў летапіс Першага рэгіёна ў якасці шчырага працаўніка!

Віноўнікамі ўрачыстасці сталі старшы камбайнер з ААТ «Велікасельскае Агра» Аляксандр Сямашка, вадзіцель з ААТ «Айчына-Агра» Дзяніс Мартынюк і малады вадзіцель з ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Крэйдзіч. Гэта ім напачатку мерапрыемства за адданасць нялёгкай рабоце на зямлі прыгожыя дзяўчаты ў беларускіх строях уручылі неверагодныя караваі як сімвал працавітасці, гасціннасці беларусаў. Яны прымалі неаднаразова букеты кветак і шматлікія падарункі.

Першым узяў віншавальнае слова старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Пархомчык:

— Гэта вельмі прыемная нагода сабрацца разам на Пружаншчыне, якая славіцца сваімі людзьмі. Сказаць дзякуй за паказальны вынік на жніве-2026. Мы павінны дамагчыся і сёлета годнага рэзультату. У мінулым годзе ўзялі па краіне высокую планку. І Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу — ні кроку назад. Значыць, набіраемся сіл, цярпення і ўперад, да новых перамог! Дзякуй за сумленнае стаўленне да працоўных абавязкаў, міру вам і дабра!
Ад душы дзякаваў людзям за рэзультат, за нязломную веру ў сябе і сваіх калег, за тое, што не разыходзіцца слова са справай і старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. І падкрэсліў, што сумленных працаўнікоў на Пружаншчыне заўсёды будуць падтрымліваць, даваць ім магчымасць развівацца, рэалізоўваць свае планы. Светлага неба над галавой, моцнага здароўя і шчасця на многія гады ўсім добрым людзям.


Дырэктары сельгаставарыстваў Васіль Севасцьянчык («Велікасельскае Агра»), Аляксандр Пішч («Жураўлінае») і Уладзімір Якімавец («Айчына-Агра») адзінагалосна падкрэслілі: пружанская зямля заўсёды славілася чалавекам працы, мазолістыя рукі былі і будуць у пашане, бо без іх цяжка ўявіць сабе далейшае працвітанне Беларусі. А яшчэ важны крытэрый у дасягненні працоўных вяршынь — зладжаны калектыў, калі адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, гуртам выконваюцца пастаўленыя задачы і бачацца перспектывы развіцця роднай гаспадаркі. Кожны на сваім месцы — і вось ужо прымаем віншаванні з нагоды перамогі на жніве-2026. Малайцы, і не скажаш тут больш нічога!

Моладзь з’яўляецца галоўным стратэгічным рэсурсам і асновай інавацыйнага развіцця аграпрамысловага комплексу Беларусі, які забяспечвае доўгатэрміновую харчовую бяспеку і змену пакаленняў у сельскай мясцовасці. Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, неабходна працаваць на зямлі, і аснова гэтай працы — маладыя людзі, якіх патрэбна прыцягваць ў вёску, каб абнаўляліся гаспадаркі. Аб гэтым у тым ліку гаварыла і першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта БРСМ Лізавета Чамармазовіч. Цяпер ствараюцца ўсе ўмовы для камфортнага жыцця ў сельскай мясцовасці, прыязджай, жыві, працуй. Паказвай сябе, як вось сённяшнія віноўнікі ўрачыстасці, якім дзякуй за працу, старанне, разуменне ўсёй важнасці жніва.

А сапраўды, ці так ужо цяжка жывецца на вёсцы? Аб гэтым і запыталіся ў старшага камбайнера Аляксандра Сямашкі.

— Ведаеце, ні на што не прамяняю вясковае жыццё на горад. Тут дыхаецца на поўныя грудзі, прасторна. Усе ведаюць адзін аднаго, падтрымліваюць, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. І праца ў сельскай гаспадарцы хоць і цяжкая, але пачэсная і высокааплатная. Ты заняты высакароднай справай — даеш суайчыннікам упэўненасць у заўтрашнім дні, што без хлеба, каўбасы і малака не застанёмся, усё ў нас будзе складвацца найлепшым чынам. А я сваё жыццё наогул не ўяўляю без шырокіх палеткаў, гаючага паветра і ўсведамлення таго, што ты — частка вялікай і дружнай сям’і сельскіх працаўнікоў. Таму не баімся і смела папаўняем нашы слаўныя рады.

І, сапраўды, так і атрымліваецца, што працаваць патрэбна ўсюды. За так табе не будзе пашаны і добрых слоў. Гэта пацвярджаюць і нашы шчырыя сельскія працаўнікі, якія не ганарацца сваімі ўзнагародамі, проста сумленна адносяцца да работы, дасягаюць рэзультату і смела ідуць да новых перамог. Ім, упэўнены, пад сілу многае.


Вадзім Раўнейка

НА ЗДЫМКАХ: старшы камбайнер Аляксандр Сямашка прымае ўзнагароду ад старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка; малады вадзіцель Аляксандр Крэйдзіч.
Фота Кацярыны Масік