Суббота, 12 октября 2024

Падпісацца на «раёнку» яшчэ можна і ў інтэрнэце, і ў паштальёнаў. Пружанцы расказалі, чаму застаюцца з газетай

180

Да заканчэння падпіскі засталося зусім мала часу. Заўтра закрыецца інтэрнэт-падпіска на сайце Белпошты, застаецца толькі магчымасць выпісаць прэсу ў паштальёнаў або ў аддзяленні паштовай сувязі. А яшчэ на Днях падпісчыка, якія масава праводзяцца ў арганізацыях раёна. Да такіх сустрэч з чытачамі актыўна далучаюцца і карэспандэнты «раёнкі». Падобны фармат зносін дае магчымасць напрамую даведацца аб меркаваннях падпісчыкаў «Раённых будняў», пра іх прапановы і пажаданні. Атрыманую інфармацыю мы аналізуем, робім для сябе высновы, імкнучыся зрабіць газету больш насычанай і прыцягальнай для аўдыторыі.

У прыватнасці, нямала слушных парад нам выказалі чытачы падчас Дня падпісчыка, які на мінулым тыдні прайшоў у тым ліку ў гарадскіх аддзяленнях паштовай сувязі.

Адразу варта адзначыць, што «Раённыя будні» захоўваюць лідзіруючыя пазіцыі ў попыце чытачоў. Напрыклад, на АПС-4 па вул. Касцякова спецыяліст па паштовай дзейнасці Алена Кот расказала, што з тых, хто вырашыў падпісацца на абласныя або рэспубліканскія СМІ, кожны трэці дадаткова выпісвае «раёнку».

— Кліенты прыходзяць, каб аплаціць за камунальныя паслугі, набыць тавар, адправіць пасылку і дадаткова падпісацца на газеты,— паведамляе Алена Уладзіміраўна. — Здараецца, што і забываюцца за паўсядзённымі клопатамі, мы нагадваем.

Падзяліліся сваімі меркаваннямі і падпісчыкі. Напрыклад, Людміла Сцяпанаўна лічыць сябе пастаянным чытачом «Раённых будняў», таму безумоўна падпісваецца толькі на раённую газету. Як кажа наша чытачка, і цікава, і карысна, пры гэтым не толькі на асобных старонках, а літаральна ўсё, як гавораць, «ад коркі да коркі».

Леанід Кароль прызнаўся, што, здараецца, і забывае падпісацца, таму лічыць сябе «перыядычным» чытачом.

— Вось толькі, калі такое адбываецца, то дома па вечарах сумна без свежай прэсы. А так з задавальненнем чытаем пружанскія навіны, даведваючыся, што і дзе адбываецца. Вельмі падабаецца чытаць пра падзеі ў сельскай мясцовасці, шукаючы знаёмыя мясціны і людзей.

На АПС-2 па вул. Набярэжнай таксама было не менш падпісчыкаў. Наталля Іванаўна пра Дзень падпісчыка не ведала, але ўсё роўна спецыяльна прыйшла, каб падпісацца на «раёнку»:

— Прынцыпова выпісваю ўсе нумары «Раённых будняў»: і за сераду, і за суботу. Толькі такім чынам я ўпэўніваюся, што даведалася пра ўсе навіны. Больш таго, заўважыла, што некаторыя серадоўскія і суботнія аб’явы не паўтараюцца. А яшчэ люблю чытаць рэцэпты і прызнаюся, што з дапамогай газеты зрабіла для сябе некалькі вынаходак.

Галіна мэтанакіравана падпісваецца кожны месяц: так лягчэй не забыцца, што трэба выпісаць газету. Дакладней, падпісвае яна свайго тату Мікалая Сцяпанавіча Пілюціка, які ўжо не адзін дзясятак гадоў з’яўляецца заўзятым чытачом «Раённых будняў». Зразумела, што мы імкнёмся ўлічыць усе перавагі нашых чытачоў, для чаго дзейнічаюць некалькі індэксаў — і на 1 месяц, і на квартал, і для арганізацый. Напрыклад, на квартал падпіска яшчэ і выгадная, што прыцягвае Наталлю Мікалаеўну.

— Ільготная цана адразу за тры месяцы даволі прыемная, эканоміцца амаль сем рублёў. І гэта задавальняе, таму што амаль усё жыццё падпісваюся на «раёнку» і не хочацца адмаўляцца ад любімай газеты, калі яна падаражае. А чытаю ўсё, не прапускаючы ніводнай старонкі. Так прывучылася яшчэ з тае пары, калі раёнка мела назву «Зара камунізму», так і зараз «Раённыя будні» застаюцца не менш цікавымі.

Да канца бягучага тыдня будзе працягвацца падпісная кампанія, як і Дні падпісчыка ў арганізацыях раёна і аддзяленнях паштовай сувязі. Не застаньцеся без свежых навін у любімай газеце.

Алег Сідарэнка.

Фота Кацярыны Масік