Среда, 14 октября 2026

Прапанавалі працу
за мяжой: верыць ці не?

398

У месенджары прыйшла прапанова наконт працы за мяжой, з абяцаннем няцяжкай работы, але з добрым заробкам. Ці можа гэта быць падманам?

Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі
Аляўціна Адзінец:
— За рэальнымі прапановамі на рынку працы зараз часта хаваюцца махляры, што пацвярджае нядаўняя гісторыя з брастаўчанінам. Мужчына ўбачыў аб’яву ў сацыяльнай сетцы з прапановай працаўладкавання за мяжой, перайшоў па спасылцы і пакінуў заяўку. Неўзабаве ў месенджары з ім звязаліся «прадстаўнікі фірмы», якія растлумачылі, што трэба аформіць візу і стварыць крыптакашалёк. А каб «даказаць плацёжаздольнасць», папоўніць яго на суму звыш 12 000 рублёў. Як толькі мужчына пералічыў грошы, то зламыснікі адразу завалодалі імі.
Каб не стаць такой жа ахвярай, варта ведаць: легальныя спосабы працаўладкавання за мяжой магчымы:
— праз ліцэнзаваныя фірмы і ІП, якія абавязаны мець ліцэнзію МУС на адпаведныя паслугі;
— самастойна, шукаючы працу, але з заключэннем працоўнай дамовы з замежным наймальнікам праз ліцэнзаваныя арганізацыі ці ІП.
Пры падазроных прапановах аб працы праверце інфармацыю ў Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь ці на сайце МУС www.mvd.gov.by.