Понедельник, 21 апреля 2025

Прайшоў веснавы прызыў

261

Па традыцыі мерапрыемства адбылося ва ўрачыстай абстаноўцы ў Палацы культуры. У бягучым сезоне павесткі на тэрміновую службу ў арміі атрымалі 65 навабранцаў.

Як паведаміў начальнік групы прызыву райваенкамата Андрэй Якімовіч, пружанскія хлопцы будуць выконваць свой канстытуцыйны абавязак у сілах спецыяльных аперацый, пагранічных, унутраных войсках, супрацьпаветранай абароны, авіяцыі, мотастралковых падраздзяленнях і радыёэлектроннай барацьбы. У асноўным будучыя салдаты будуць праходзіць гэты пачэсны этап жыцця ў Брэсце, Баранавічах, Слоніме, Барысаве, Гомелі. А пасля дэмабілізацыі ўжо могуць заслужана лічыцца абаронцамі Айчыны.

Падчас урачыстасці Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб тэрміновай службе і службе ў рэзерве да ведама прызыўнікоў давёў раённы ваенны камісар Кірыл Шаўчэнка, які пажадаў юнакам захаваць гонар раёна, атрымаць карысныя ўменні і вярнуцца на радзіму ў цывільнае жыццё. Або выбраць армейскі шлях, застаўшыся на кантрактную службу.

Разам з ваенным камісарам пуцёўкі ў «клуб сапраўдных мужчын» уручылі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Яцкевіч, кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання СШ №1 імя ЧБВА г. Пружаны Алег Сапагоў і святар Свята-Аляксандра- Неўскага сабора айцец Дыянісій.

Выступоўцы дзяліліся сваімі ўспамінамі пра армейскую службу і запэўнівалі, што «салдацкая каша» і «штодзень на рамень» дазволяць займець нямала таварышаў, сяброўства з якімі стане непарушным.
Каб кожнаму пружанскаму хлопцу служылася весялей, музычныя словы ў дарогу навабранцам веснавога прызыву падарылі артысты мясцовай самадзейнасці.

Меркаванні ўдзельнікаў мерапрыемства

Бацька прызыўніка Дзмітрый Зубеня:
— Як бацькі, мы з жонкай спадзяёмся, што навучылі сына быць пачэсным грамадзянінам, з гонарам выканаць свой мужчынскі абавязак. І ўвогуле не хвалюемся, што на год развітваемся, разумеем, што ў яго наперадзе дарослае жыццё.

Мікіта Зубеня:
— Я буду служыць у дэсантных войсках вадзіцелем БТРа. Мне вельмі цікава, ці праўда тое, што расказваюць пра армейскае жыццё, і наколькі гэты этап карысны для далейшага жыцця.

Максім Багдановіч:
— Мне 19 гадоў і можна сказаць, што дарослае жыццё толькі пачынаецца. Нялішнім будзе запісаць у яго ўспаміны пра тэрміновую службу, як гэта некалі зрабілі мае родныя.

Юрый Мытнік:
— Я свядома папрасіўся на службу ва ўнутраныя войскі, і маю просьбу задаволілі. Да свайго канстытуцыйнага абавязку стаўлюся з разуменнем, так, як вучыць тата, які таксама прайшоў армейскую школу.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік