
У мінулую суботу аграгарадок Шані стаў цэнтрам сапраўднай вясковай урачыстасці: тут з размахам прайшоў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла — 2025», які сабраў дружныя і працавітыя сем’і Пружанскага раёна. Гэтае свята па ініцыятыве БРСМ ужо стала добрай традыцыяй і зноў даказала, што сельскае жыццё — гэта не толькі цяжкая праца, але і шчырая весялосць, моцная сямейная сувязь і нястрымная рызыка дзеля агульнай справы.

У гэтым годзе геаграфія ўдзельнікаў значна пашырылася. Канкурсантамі папулярнага маладзёжнага конкурсу сталі 7 сем’яў з Пружанскага, Мокраўскага, Ружанскага, Шарашэўскага, Ліноўскага, Сухопальскага, Шаняўскога сельскіх Саветаў. Усе сем’і-канкурсанты маюць па двое-трое дзяцей, што яшчэ раз пацвярджае важнасць і значнасць традыцыйных сямейных каштоўнасцей у беларусаў.
Галоўныя ўмовы конкурсу — пражыванне і праца ў сельскай мясцовасці больш за два гады, вядзенне падсобнай гаспадаркі і ўзрост хаця б аднаго члена сям’і менш за 31 год. Удзельнікі прайшлі строгі адбор, і ў гэты дзень ім прадставілася ўнікальная магчымасць прадэманстраваць свае здольнасці, таленты, салідарнасць і павагу адзін да аднаго.
З самай раніцы на пляцоўцы панавала атмасфера свята: мясцовыя артысты радавалі гледачоў яркімі музычнымі нумарамі, а балельшчыкі, узброіўшыся плакатамі, бубнамі і «крычалкамі», падтрымлівалі сваіх любімчыкаў.

Кожная каманда — унікальная гісторыя, свой характар і свае традыцыі, пра якія мы даведваліся праз выступленні герояў. Змагацца за ганаровае званне «Уладара» давялося ў 5 конкурсных іспытах. Удзельнікі хоць і хваляваліся, але з першых мінут паказалі, што здавацца не ў іх правілах. Знаёмства з душэўнай цеплынёй і кулінарным майстэрствам кожнай сям’і адбылося ў першым конкурсе «Сардэчна запрашаем да нас!», у якім канкурсанты прадстаўлялі на сваім падворку «візітную картку» сям’і з жартамі, прымаўкамі, прыказкамі, знаёмілі гасцей з традыцыямі і ўкладам, прэзентавалі сябе на спецыяльных стэндах.
Але галоўным упрыгожваннем гэтага этапу сталі, вядома ж, традыцыйныя сямейныя стравы. Духмяныя пірагі, залацістыя дранікі, апетытныя саленні, каўбасы — здавалася, быццам патрапіў на шчодры сельскі баль, дзе кожны пачастунак прасякнуты любоўю і цеплынёй сямейнага ачага. Першы конкурс стаў самым кранальным і смачным пачаткам спаборніцтваў.
Другі этап «Дранікі на калодзе» падараваў эмоцыі гледачам. Пад дружныя крыкі балельшчыкаў удзельнікі спрытна чысцілі, церлі бульбу, замешвалі цеста і пяклі аладкі прама на калодзе. Журы ацэньвала не толькі смак, але эстэтычнасць афармлення стравы і акуратнасць прыгатавання. І трэба прызнаць, што кожная сям’я падышла да выканання задачы з душой і неверагоднай фантазіяй.
Пасля першых двух конкурсаў, упэўнена апярэджваючы сапернікаў, відавочным фаварытам стала сям’я Валянціна і Кацярыны Наход з Ліноўскага сельсавета. Сапраўднымі памагатымі бацькам амаль ва ўсіх выпрабаваннях былі дочкі Марыя і Вераніка, якія сваёй актыўнасцю, асабліва ў «Візітцы», ужо з першых мінут пакарылі сэрцы журы.
Пагадзіцеся, немагчыма сабе ўявіць жыхара сельскай мясцовасці, які не ўмее нарыхтоўваць дровы. Выпрабаванне на сілу, зладжанасць і цягавітасць прадэманстравалі сем’і ў трэцім конкурсе «Па дровы», які стаў самым відовішчным і напружаным этапам. Муж і жонка браліся за двуручную пілу, і пачыналася сапраўдная бітва з часам. Затым гаспадар расколваў калодкі на чатыры часткі, а жонка роўна складвала горкай. У гэтым выпрабаванні ўлічваліся не толькі хуткасць выканання задання, але і якасць. Хочацца адзначыць, што да 3-га конкурсу ўдзельнікі ўжо так разагрэліся, што справіліся з ім на «выдатна», але тут і секунды мелі значэнне.
Чацвёрты этап «Касцы» быў выключна мужчынскім конкурсам і стаў сур’ёзным выпрабаваннем для сапраўдных сельскіх асілкаў. Толькі моцныя рукі, добры інструмент і бездакорная тэхніка касьбы маглі прывесці да жаданага выніку. Як толькі раздаўся сігнал старту, поле абвясцілася гулам матораў. Удзельнікі ішлі роўнымі радамі, пакідаючы за сабой акуратна скошаную траву. Журы строга сачыла за якасцю работы, бо кожнае прапушчанае сцябло магло каштаваць жаданых балаў.
Гавораць, каб у сям’і быў лад і спакой, трэба ўсё рабіць разам. Пяты заключны конкурс «Працуем у камандзе» складаўся з чатырох займальных этапаў, дзе правяраліся спрыт, кемлівасць і ўзаемаразуменне мужа і жонкі. Каб перамагчы сапернікаў, кожны выкладаўся па поўнай. Гаспадар дэманстраваў уменне ваджэння тачкі з грузам у выглядзе жонкі, гаспадыня спрытна забівала ў калоду цвікі, маладыя таты спавівалі ляльку і ў завяршэнне разам збіралі розную гародніну з завязанымі вачыма, размяркоўваючы яе па вёдрах. Здавалася, сілы ўжо на зыходзе, але і ў гэтым выпрабаванні ўсе былі моцныя.
Пасля напружанай барацьбы журы трэба было зрабіць нялёгкі выбар. Усе ўдзельнікі паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі і вялікае жаданне стаць лепшым. На п’едэстале гонару месцы размеркаваліся наступным чынам: трэцяе заваявала сям’я Аляксея і Анастасіі Завадскіх Шаняўскога сельсавета, другое дасталася сям’і Уладзіміра і Кацярыны Дырман Ружанскага сельсавета. Безумоўным пераможцам праекта і сапраўдным «Уладаром сяла» стала сям’я Валянціна і Кацярыны Наход Ліноўскага сельсавета. З самага пачатку спаборніцтваў яны лідзіравалі ва ўсіх конкурсах і да самага фіналу трымалі ў напружанні і гледачоў, і балельшчыкаў, не пакінуўшы сапернікам ніводнага шанцу на перамогу.
Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі спецыяльныя сертыфікаты і каштоўныя прызы, а пераможцы — права прадстаўляць Пружанскі раён на абласным этапе конкурсу.
Гэты праект стаў не проста выпрабаваннем сілы і спрыту, а сапраўдным доказам згуртаванасці. Ён паказаў, на што здольная сям’я, калі дзейнічае ў адной звязцы. Менавіта такія сустрэчы — магутны стымул для ўмацавання сямейнай сувязі, перадачы традыцый і выхавання павагі да працы.
Няхай энергія, запал і адзінства, якія панавалі ў гэты дзень, застануцца з удзельнікамі і гледачамі надоўга, натхняючы на новыя перамогі!
Ірына Велясевіч
Фота аўтара
