Среда, 14 октября 2026

Пра інфармацыйную бяспеку і надзённыя пытанні гаварылі ў «Камунальніку» на сустрэчы з інфармацыйна-прапагандысцкай групай

619

Дык падмануць мяне не цяжка, я сам падманвацца рады… Гэтыя словы вялікага паэта Аляксандра Пушкіна даволі трапна падышлі да тэмы, якую прапанавала для абмеркавання інфармацыйна-прапагандысцкая група, узначаленая старшынёй райвыканкама Міхаілам Грышкевічам, на сустрэчы з калектывам КУВП «Каммунальнік» 21 снежня.

У рабоце інфармацыйнай групы прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік, начальнік райаддзела ўнутраных спраў Ігар Амельянчук, я як галоўны рэдактар газеты «Раённыя будні», дырэктар КУВП «Камунальнік» Сяргей Бабрук.

Тэма для абмеркавання — асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне інфармацыйнай бяспекі. Як зазначыў Аляксандр Момлік, сёння мы становімся сведкамі імклівай віртуалізацыі палітычнай прасторы. Нікога не здзіўляе актыўнае выкарыстанне метадаў маніпуліравання грамадскай думкай. Распаўсюджваецца практыка мэтанакіраванага інфармацыйнага ціску, які наносіць істотны ўрон нацыянальным інтарэсам. Саперніцтва, барацьба за дасягненне і ўтрыманне інфармацыйнай перавагі займаюць ключавое месца ў сусветнай канкурэнцыі. Інфармацыйная перавага выступае важнейшай сілай, якая садзейнічае пераразмеркаванню эканамічных, сацыяльных і палітычных рэсурсаў. Аб’ектам непрыкрытага інфармацыйнага ціску з боку шэрага заходніх краін і альянсаў стала і Рэспубліка Беларусь. Узровень тэхналогій, задзейнічаных апанентамі беларускай дзяржавы ў іх спробах дэстабілізаваць наша грамадства, змяніць канстытуцыйны строй, вельмі высокі.

Прыводзіў Аляксандр Момлік шэраг прыкладаў, як інтэрнэт можа ўздзейнічаць на розум людзей, калі фэйкавыя навіны ўспрымаюцца за чыстую манету, а даказаныя бясспрэчнымі фактамі аргументы ўспрымаюцца з недаверам. Нездарма тыя, хто ўпэўніўся, што інтэрнэт — гэта вялікая памыйка, дзе можна злавіць усялякую «заразу», навучыліся аддзяляць зерне ад пустазелля. Але ж многія пападаюцца на вуду фэйкавых каналаў, рознага гатунку махляроў. Аб гэтым больш падрабязна расказаў Ігар Амельянчук. Спачатку ён давёў інфармацыю аб узроўні правапарушэнняў і злачынстваў на Пружаншчыне. Прывёў прыклады, як нашы людзі з лёгкасцю трапляюць у пастку злачынцаў. Доўга не думаючы, расстаюцца са сваімі грашыма, іншы раз — з даволі значнай сумай. Як канстатаваў Ігар Аляксеевіч, могуць доўга прыцэньвацца да наяўнага аўтамабіля, разглядаць яго з ўсіх бакоў, праводзіць іспыты за рулём, а на тым жа самым «Куфары» па фатаграфіі, нярэдка фэйкавай, аддаюць свае грошы невядома куды, невядома каму. Так адбылося з пакупніком міні-трактара, які пералічыў махлярам у банк адной з Прыбалтыйскіх краін больш за 6 тысяч рублёў.

Перад Новым годам пачаўся бум на ёлкі. Клюючы як рыбы на танныя цэны ў тым жа самым Інстаграме, пералічваюць перадаплату і чакаюць прыбыцця зялёных штучных прыгажунь, якія ніхто не збіраўся ім перасылаць. Такіх прыкладаў можна прыводзіць мноства. Зразумела адно: перш чым развітацца назаўсёды са сваімі грашыма, трэба ўключыць розум.

Пасля гэтага перайшлі на тэму дзяржаўных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, якіх у краіне зарэгістравана 413 і 776 — недзяржаўных. Слова было дадзена мне як галоўнаму рэдактару раённага друкаванага СМІ. Калі перайшоў да нашай раёнкі, адна з жанчын у зале кінула рэпліку, маўляў, а што там чытаць? На гэта звярнуў увагу старшыня райвыканкама. Міхаіл Міхайлавіч запатрабаваў ад творчага калектыву рэдакцыі больш увагі надаваць злабадзённым тэмам, аператыўнасці ў інтэрнэце, насычанасці навінавай інфармацыяй. Я выказаў прапанову прысутным на сустрэчы агучыць тэмы матэрыялаў, якія яны хацелі б чытаць у газеце. У адказ — маўчанне, пацісканне плячыма. Аказалася, што многія, як і сама жанчына, не з’яўляюцца падпісчыкамі раёнкі. Ды і даўно трымалі яе ў руках, не тое што чыталі.

Вялікая частка сустрэчы была прысвечана пытанням развіцця раёна ў эканамічным плане, добраўпарадкавання тэрыторыі, будаўніцтва дарог, забеспячэння кадрамі і інш. Падобныя праблемы агучваліся падчас сустрэчы з калектывам філіяла «Пружанскія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга»: прысутных хвалявалі і асфальтаванне дарог, і забеспячэнне камп’ютарным тамографам райбальніцы, занятасць дзяцей і моладзі. Адказы Міхаіла Міхайлавіча на такога кшталту пытанні мы ўжо публікавалі. Што новага можна дадаць цяпер? Задумку будаўніцтва скейт-пляцоўкі памерам не менш за тысячу метраў квадратных. Гэта патрэбна гораду, каб моладзь бавіла час не ў інтэрнэце, губляючы зрок і здароўе ўвогуле, а на спартыўнай пляцоўцы. Тады і думкі будуць у парадку.

Адказы на пытанні занялі даволі значны час сустрэчы. Але такія зносіны з жыхарамі нашага раёна вельмі патрэбны. Яны дазваляюць чуць адзін аднаго.

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара