Неяк падлеткі з нашай вёскі прыхапілі чужы матацыкл, пакаталіся і вярнулі на месца. За што былі аштрафаваны. А мой сваяк таксама «пакатаўся» на аўто, раптоўна пабіў яго і пакінуў на месцы ДТЗ, за што прыгавораны да зняволення. Чаму так?
Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі Аляксей Вакульчык:
— Мера пакарання за ўгон вар’іруецца ад штрафу да 10 гадоў пазбаўлення волі, у залежнасці ад прымянення фізічнай сілы пры ўчыненні злачынства і колькасці ўдзельнікаў правапарушэння. Суды прызначаюць строгую ізаляцыю ад грамадства пры паўторным завалоданні транспартным сродкам, а таксама пры прычыненні вялікай матэрыяльнай шкоды тэхніцы.
Першая частка артыкула 214 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь апісвае «класічны» ўгон — перасоўванне чужога аўтамабіля без намеру прадаць ці разабраць агрэгаты на запчасткі. Даказаць адсутнасць намеру на крадзеж на практыцы складана, аднак пры пацвярджэнні гэтага факту суд ужывае базавыя санкцыі (выплату грашовага штрафу ў даход дзяржавы; папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў; арышт на тэрмін да трох месяцаў; абмежаванне ці пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў).
Выбар пэўнай меры пакарання залежыць ад кошту ўгнанага транспарту і стану, у якім машына была вернута законнаму ўладальніку. Калі парушальнік вярнуў аўто на месца без пашкоджанняў корпуса, верагоднасць абыходжання штрафам ці папраўчымі работамі ўзрастае. А вось ДТЗ з пабітай тэхнікай — зусім іншая размова.
