Воскресенье, 8 декабря 2024

Першыя аматарскія спаборніцтвы па скейце і трукавым самакаце прайшлі на пляцоўцы новага скейт-парка ў Пружанах (+фота)

340

Зусім нядаўна ў нашым горадзе з’явілася цудоўная сучасная пляцоўка для занятку самакатным спортам і скейтбордынгам. Нагадаем, што яна была ўрачыста адкрыта ў першы тыдзень чэрвеня падчас спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі».

За прайшоўшы месяц спартыўны напрамак стаў яшчэ больш папулярным у дзяцей і падлеткаў. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца колькасць людзей розных узростаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі скейт-парку кожны дзень, з раніцы да вечара. Такое адчуванне, што выкананне «фігур вышэйшага пілатажу» на самакаце і скейтбордзе ў Пружанах можа канкурыраваць па папулярнасці нават з футболам і хакеем!

У першых спаборніцтвах па скейце і самакатынгу, арганізатарамі якіх выступіў РФСК «Мухавец», прынялі ўдзел 25 чалавек. А сярод гледачоў і балельшчыкаў былі тыя, хто таксама займаецца самакатным спортам, але пакуль саромеецца паказаць свае навыкі. Пакуль яны толькі глядзелі збоку, як «калегі па цэху» змагаюцца за званне пераможцы.

Згодна з рэгламентам спаборніцтваў усе ўдзельнікі былі падзелены на чатыры ўзроставыя катэгорыі. Першая група — самыя малодшыя, дзеці ад 8 да 10 гадоў. У гэтай узроставай катэгорыі прынялі ўдзел сем чалавек. Самай масавай стала другая група, куды ўваходзіла 11 падлеткаў ад 11 да 13 гадоў. У трэцяй групе спаборнічалі шэсць падлеткаў ад 14 да 16 гадоў. А вось чацвёртая група была прадстаўлена толькі адным удзельнікам, старэйшым за 16 гадоў.

Варта адзначыць, хоць гэта і былі спаборніцтвы ў індывідуальным заліку, а на кану стаялі каштоўныя прызы, многія ўдзельнікі падтрымлівалі адзін аднаго і былі толькі рады паспяховаму выступленню свайго спартыўнага канкурэнта.

Было на што паглядзець на скейт-пляцоўцы ў гэты дзень! Многія выступленні юных самакатараў суправаждаліся прыгожымі трукамі, якімі захапляліся не толькі гледачы, але і суддзі. Складалася ўражанне, што ўдзельнікі спаборніцтваў «навострывалі» сваё майстэрства ўжо не першы год. Дарэчы, так яно і ёсць, толькі раней выкарыстоўвалі для трэніровак прыступкі каля Лядовага ды аматарскую скейт-пляцоўку за райвыканкамам. Цяпер жа ёсць магчымасць трэніравацца ўсур‘ёз.

Па выніках спаборніцтваў вызначыліся прызёры і пераможцы. Так, сярод самых юных самакатараў трэцяе месца дасталося Артуру Гузаву, другое — Ілье Папко, а чэмпіёнам стаў Арцём Каласей. У другой групе тройку прызёраў замкнуў Руслан Лабінскі, другое месца дасталося Мікіце Ковалю, а абсалютным чэмпіёнам стаў Мацвей Фамін. Сярод падлеткаў ад 14 да 16 гадоў трэцяе месца заняў Георгій Іванчук, на другім месцы размясціўся Станіслаў Гузаў, пераможцам стаў Аляксей Папко. Адзіны прадстаўнік старэйшай узроставай катэгорыі Міхаіл Кавалёў таксама здолеў прадэманстраваць майстар-клас і парадаваць публіку сваім выступленнем.

Пасля ўбачанага на скейт-пляцоўцы, думаю, што калі самакатны спорт будзе ўключаны ў алімпійскую праграму — ёсць шанец убачыць сярод пераможцаў гульняў і нашых хлопцаў.

Руслан Басак.

Фота Кацярыны Масік

Больш фота са спаборніцтваў шукайце тут: https://vk.com/album-23306785_303269118 і https://ok.ru/budni/album/980710938504