
Беларусь — краіна яркіх падарожжаў, цікавых маршрутаў і эмоцый, якія застаюцца ў памяці на ўсё жыццё. Не выключэнне ў дадзеным выпадку і Пружанскі раён. У чарговы, 23-ці раз, даказаў гэта Рэспубліканскі турыстычны конкурс «Пазнай Беларусь» — самы аўтарытэтны ў сферы турызму краіны.

Арганізатарамі свайго роду спаборніцтваў самых розных суб’ектаў турызму Беларусі з’яўляюцца Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальнае агенцтва па турызме. Упершыню конкурс правялі яшчэ ў 2003-м. Тады на суд журы паступіла ўсяго 50 заявак. У годзе адыходзячым лепшых выбіралі ўжо з 1653 заявак у 14 намінацыях! Прыемна, што сярод пераможцаў «Пазнай Беларусь-2025» ёсць і прадстаўнікі Пружанскага раёна.
Першымі на сцэну запрасілі прэтэндэнтаў на перамогу ў намінацыі «Падзейнае мерапрыемства года» — тых, хто стварае ў самых розных кутках Беларусі яркія і запамінальныя святы, што становяцца сапраўднымі візітоўкамі рэгіёнаў. Узровень канкурэнцыі тут сапраўды ўражвае: на тое, каб стаць лаўрэатам, прэтэндавалі 130 мерапрыемстваў. Таму вельмі прыемна, што абсалютным лідарам галасавання журы стала падзейнае мерапрыемства з #1рэгіёна. Дакладней, з нашага Пружанскага раёна — рок-фестываль «Сонцастаянне». Менавіта свята року і, адпаведна,
ТАА «Сонцастаянне», удастоены звання лаўрэата ў дадзенай намінацыі.
Значны ўнёсак у экспарт турыстычных паслуг Беларусі робяць айчынныя санаторыі. Пра гэта падчас узнагароджання гаварыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Генадзь Балбатоўскі. Выдатны прыклад паспяховага спалучэння найноўшых медыцынскіх тэхналогій, прыродных, аздараўленчых фактараў і бездакорнага сэрвісу — ААТ «Санаторый «Ружанскі». І вынікі конкурсу гэта даказалі: здраўніца, што размяшчаецца на маляўнічым беразе возера Паперня Пружанскага раёна, стала дыпламантам у намінацыі «Санаторый года». Адзначым, што на перамогу тут прэтэндавалі 25 устаноў. Таксама санаторый «Ружанскі» выступіў яшчэ і партнёрам «Пазнай Беларусь-2025», падрыхтаваўшы падарункі для пераможцаў у намінацыі «Музей года».
І яшчэ адна ўзнагарода конкурсу адправілася ў Ружаны. Касцёл Святой Тройцы, пабудаваны ў гарадскім пасёлку яшчэ ў XVII стагоддзі, сёння прыцягвае турыстаў і з’яўляецца адным з месцаў правядзення штогадовага арганнага фестывалю «Ars Magna Organi», за што атрымаў Грамату ў намінацыі «Аб’ект рэлігійнага турызму года». Канкурэнцыю ружанскаму касцёлу саставілі святыні з усёй краіны: у намінацыю сёлета пададзена 82 заяўкі.
Узнагароды адразу ў трох намінацыях галоўнага турыстычнага конкурсу Беларусі сведчаць пра высокі турпатэнцыял Пружаншчыны. І, вядома, пра тое, што ў наш раён варта прыехаць хаця б аднойчы. Ці, як мінімум, запрасіць у госці сваіх сяброў з іншых куткоў Беларусі. Ім абавязкова спадабаецца! Калі ж патрэбная інфармацыя наконт размяшчэння, славутасцей і цікавых месцаў на карце раёна, звяртайцеся ў Турінфацэнтр Пружанскага раёна. Давайце адкрываць Пружаншчыну разам!
Уладзіслаў Шпарла,
спецыяліст па турызме
ДУ «Турыстычны інфармацыйны цэнтр Пружанскага раёна»
Фота: belta.by, sb.by, Нацыянальнае агенцтва па турызме
