Среда, 17 июня 2026

Парадак ёсць, але і беспарадку хапае

658

Бягучы купальны сезон не радаваў цёплымі дзянькамі, за тры мінулыя месяцы толькі некалькі разоў узнікала магчымасць пакупацца ў спякотнае надвор’е. Тым не менш, адпачывальнікаў на берагах вадаёмаў хапала. Сёлета не абышлося і без трагічных выпадкаў: у раёне патанула два чалавекі, у крыві аднаго з іх было 3,4 праміле алкаголю…

Напярэдадні купальнага сезона «раёнка» пераканалася ў належнай падрыхтоўцы зон для воднага адпачынку, практычна на ўсіх 10 афіцыйна дазволеных для купання вадаёмах была створана належная інфра-структура, арганізаваны дзяжурствы матросаў-выратавальнікаў. Словам, для нармальнага баўлення вольнага часу ўсё было гатова. А вось як зараз, праз некалькі месяцаў, «адчувае» сябе ўсё, што было зроблена загадзя? На мінулым тыдні мы адправіліся ў чарговы «рэйд па вадаёмах» разам з работнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях Інай Хаваўка і старшынёй раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Юрыем Амельянчуком.

Аграгарадок Кабылаўка некалькі гадоў таму займеў уласную зону воднага адпачынку. За мінулы час на мясцовай сажалцы зроблена неабходная інфраструктура для адпачывальнікаў, кожны год напярэдадні сезона яна абнаўляецца. Сёлета была ўстаноўлена камера відэаназірання, бліжэй да лесу створаны куток для пікніка. Словам, усё, што душы на ўлонні прыроды заўгодна, толькі ў межах разумнага. Каб не перашкаджаць іншым адпачывальнікам. У прын-цыпе, можа з-за аддаленасці, а можа з-за належнага кантролю, ніякіх парушэнняў пакуль тут не было, усё ў рамках грамадскага парадку. Напэўна, хутчэй з-за відэакантролю, таму што, як расказалі мясцовыя матросы, у выхадныя на возеры збіраецца нямала людзей, у асобныя дні было і да 90 чалавек. Усё-такі пераконваць наш народ — пустая задума, ён прытрымліваецца правілаў толькі тады, калі ведае, што іх парушэнне будзе адразу зафіксавана з адпаведным пакараннем. У чым потым і пераканаліся на возеры Паперня каля г.п. Ружаны.

Але дагэтуль мы заехалі на саджалку пад вёскай Калазубы, дзе сёлета патануў нецвярозы мясцовы жыхар. Вадаём увогуле непрыстасаваны для купання, амаль поў-насцю закрыты чаротам, а дно — глеем. Але кампаніі тут бываюць, бо да берага праз палі ідзе наезджаная дарога, а каля самой вады «інвестары» зрабілі добраўпарадкаваную альтанку. Якраз там, дзе і загінуў чалавек, што абазначана штучнымі кветкамі (на здымку ўнізе). Калі ж папераджальная шыльда не стрымлівае жадаючых лезці тут у ваду, то можа гэты букецік прымусіць задумацца.

Хаця што можа быць у галаве ў нецвярозага чалавека, калі «мора па калена»? З гэтай нагоды можна сказаць, што на беразе возера Паперня склалася вельмі трывожная сітуацыя, якая патрабуе пастаяннага кантролю з боку праваахоўных органаў. Амаль уся прылеглая да сажалкі тэрыторыя застаўлена палаткамі з турыстамі. З’еха-ліся сюды не толькі жыхары раёна, вобласці або рэспублікі, нямала гасцей з Расіі, нават з Сахаліна прыехалі. І не ўсе кампаніі паводзяць сябе прыстойна, у адным з закуткоў моцна грымела музыка, перашкаджаючы іншым, а насельнікі бавіліся спіртнымі напоямі. На заўвагі матросаў-выратавальнікаў рэакцыі няма, хаця і тыя не вельмі настойвалі, таму што ў іх свая зона адказнасці. Дзе таксама здараюцца розныя выпадкі. У прыватнасці, днямі адна дама вырашыла паплаваць на дошцы для сёрфінгу там, дзе купаліся сем’і з дзецьмі. Калі матрос зрабіў ёй заўвагу, то ў спрэчку ўступіў муж з прэтэнзіямі: маўляў, я грамадзянін Беларусі, маю права. На ўсё, што яму патрэбна, забываючыся, што вакол таксама беларусы, якія маюць не менш правоў за яго. Для вырашэння канфлікту нават давялося выклікаць міліцыю.

Мяркуючы па ўсяму, на Паперні таксама не хапае відэакантролю, тым больш, што бераг возера даволі папулярны летам. Не толькі сярод кампаній добрасумленных турыстаў і сем’яў з дзецьмі.


Алег Сідарэнка

На здымках: дадатковы інструктаж з матросам-выратавальнікам на возеры аг. Кабылаўка праводзіць старшыня раённай ТВВОД Юрый Амельянчук.


Фота аўтара