
На мінулым тыдні з рабочым візітам Пружанскі раён наведаў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык. На гэты раз у полі зроку высокага госця былі Сухопальскі і Шарашэўскі сельсаветы.
Рабочая сустрэча заўсёды запланавана загадзя, паколькі шчыльны графік раз’ездаў Валерыя Паўлавіча прадугледжвае некаторую перыядычнасць: спачатку плануецца будучая работа на месцах, потым ажыццяўляецца яе кантроль. І так на працягу года некалькі разоў.
Брэсцкая вобласць налічвае ўсяго 16 раёнаў і тры гарады абласнога падпарадкавання — Брэст, Баранавічы, Пінск. І кожны населены пункт патрабуе асаблівай увагі як з боку мясцовых улад, якія на месцах бачаць існуючыя праблемы, так і з боку вышэйстаячага кіраў-ніцтва. Такое ўзаемадзеянне паміж імі проста неабходна для хуткага і якаснага вырашэння бягучых пытанняў.
Больш дэталёва Валерый Паўлавіч спыніўся на наведванні аграгарадкоў Сухопаль, Роўбіцк, Мурава і гарадскога пасёлка Шарашэва. У Год добраўпарадкавання найбольш актуальнымі па-ранейшаму застаюцца пытанні, якія датычацца зносу пустых дамоў, пошуку іх уладальнікаў і далейшага мэтавага выкарыстання зямель.
Памочнік Прэзідэнта даў станоўчую ацэнку такой дзейнасці ў Пружанскім раёне. Толькі за мінулы год больш за 30 дамоў прада-дзена, 72 участкі ачышчаны ад старых непрыдатных будынкаў і выкарыстоўваюцца па прызначэнні. Многія з іх аддадзены пад сельгасугоддзі.
— Прыемна ўсведамляць той факт, што работа па добраўпарадкаванні памяшканняў і тэрыторый сельсаветаў ажыццяўляецца мясцовымі ўладамі сумесна з насельніцтвам. Пасля правядзення месячніка па добраўпарадкаванні і рэспубліканскага суботніка гэта асабліва заўважна. Хочацца адзначыць кіраўнікоў гэтых сельвыканкамаў — Ірыну Кузьміч і Генадзя Фасевіча, якія сваім прыкладам, энтузіязмам і сваёй адданасцю роднай зямлі гуртуюць вакол сябе жыхароў і ўсе пытанні вырашаюць разам з вяскоўцамі. Такім чынам бачна, што работа не стаіць на месцы, справы рухаюцца, — адзначыў памочнік Прэзідэнта Валерый Вакульчык.
Работа інспектара была пастаўлена такім чынам, каб паглядзець, як выконваюцца даручэнні Кіраўніка дзяржавы. А таксама сумесна са старшынёй райвыканкама Міхаілам Грышкевічам акрэсліць перспектыўныя тэмы і вызначыць шляхі іх рэалізацыі.
Гарадскі пасёлак Шарашэва са старажытнай гісторыяй адзначаны на турыстычнай карце Пружанскага раёна, а значыць, агляднай экскурсіі мала. Для прыцягнення турыстаў патрэбны і гастратурызм — з дэгустацыяй мясцовых прысмакаў, прыгатаваных па старадаўніх рэцэптах.
Сёння ў Шарашэве крыху больш за паўтары тысячы жыхароў, з іх усяго 300 — моладзь. У зону абслугоўвання мясцовага сельвыканкама ўваходзяць 16 населеных пунктаў, у якіх пражываюць крыху больш за 2000 чалавек, большасць з якіх таксама непрацоўнага ўзросту.
Каб маладыя спецыялісты заставаліся ў пасёлку, неабходны жыллёва-бытавыя ўмовы. У планах кіраўніцтва раёна на бліжэйшы час — рэканструкцыя будынка пад шматкватэрны жылы дом з убудаванымі гандлёва-бытавымі памяшканнямі па вул. Савецкая, 1. Таксама пракладка каналізацыйных сетак з наступным асфальтаваннем вуліц і добраўпарадкаваннем тратуараў.
А на доўгатэрміновую перспектыву, як адзначае старшыня сельвыканкама Генадзь Фасевіч, неабходна ўстанавіць трэнажорную спартыўную пляцоўку і адкрыць маладзёжнае кафэ.
У другой палове дня Валерый Вакульчык правёў у сельвыканкаме прыём грамадзян па асабістых пытаннях. Звароты людзей былі наконт нязгоды з дзеяннямі міліцыі пры расследаванні крымінальных спраў, закраналіся жыллёвыя акалічнасці. Уздымаліся пытанні наконт захавання стацыянарнага магазіна ў в. Чахец, асфальтавання дарогі, якая вядзе да гэтага населенага пункта.
Валерый Паўлавіч дэталёва разабраўся ў кожнай праблеме, даў указанні адпаведным структурам і ўзяў рашэнне пытанняў пад асабісты кантроль.
Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік