Вторник, 16 июня 2026

Памятаем са смуткам…

484

З самых першых майскіх дзён у раёне праходзілі тэматычныя
мерапрыемствы: канцэртныя праграмы, фестывалі, акцыі, аўтапрабегі, вахты памяці і іншыя дзействы. Тым не менш усе яны
былі свайго роду рэпетыцыяй перад адзначэннем свята Вялікай Перамогі.

Нездарма 9 мая 1945 года прыпала якраз на велікодныя святкаванні. Таму ў Вялікай Перамогі, як і ў Вялікадня, практычна аднолькавы рытуальны базіс—свята радасці са слязьмі на вачах. Праз смерць нарадзілася новае жыццё, якое заклікае нас да захавання духоўных каштоўнасцей і будаўніцтва мірнай будучыні. Таму так і павялося адзначаць гэту дату—са смуткам аб мільёнах загінуўшых і з радасцю, што дзяды і прадзеды далі нам магчымасць весяліцца ад душы.


І гэты дзень стаў надзвычай маштабным, як і больш за восем дзясяткаў гадоў таму. Святкавалі ўсе «ад мала да вяліка», што было бачна практычна ва ўсіх кутках раёна. Найбольш грандыёзна атрымалася ў райцэнтры: па папярэдніх падліках, у мітынгах,
шэсці і розных іншых лакацыях прынялі ўдзел больш за 10 тысяч
чалавек. Бадай, што выключна кожны жыхар горада адзначаў
гэту важную падзею.

Пачаліся мерапрыемствы літаральна з раніцы, калі да ўсіх
помнікаў і абеліскаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай
вайны, былі ўскладзены кветкі і вянкі. Потым дзейства перамясцілася да галоўнага мемарыяла—брацкай магілы на гарадскіх могілках. Тут прайшоў першы пераможны мітынг з удзелам кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў розных арганізацый горада і грамадскіх актывістаў. З віншавальнымі словамі да прысутных звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Кацярына Папко.
— Каштоўнасць Вялікай Перамогі не толькі ў тым, што нашы дзяды здолелі здабыць мір,—зазначыла Кацярына Анатольеўна.—Гэта свята яшчэ і засцерагае нас ад памылак, нагадваючы пра цану, якую давялося заплаціць як беларусам, так і народам іншых краін.
І заклікае ўсіх будаваць будучыню толькі на мірнай аснове.
Яе ў сваіх выступленнях падтрымалі намеснік ваеннага камісара раёна Сяргей Канановіч і куратар маладзёжнага руху
Беларускай партыі «Белая Русь» Кацярына Краўчук. Пранізлівым
быў і зварот протаіерэя Ігара Мрыхіна, настаяцеля Свята-Праабражэнскай царквы, які правёў гістарычныя паралелі 1945 года,
калі ўсе асноўныя падзеі адбываліся ў самыя значныя рэлігійныя святы. Што прыводзіць да высновы: любоў Божая перамагае любы змрок, у тым ліку ў душах цэлых народаў.

Далей стартавала цэлая плеяда падзей, кожная з якіх мела значную вагу. Па-першае, ад плошчы каля райвыканкама пасля рэспубліканскай мінуты маўчання пачалося святочнае шэсце, якое па маштабнасці нагадвала той легендарны Парад Перамогі. З той розніцай, што яго фарміравалі не толькі вайскоўцы і сілавікі, але і мірныя дэлегацыі. З гонарам у такім маштабным дзействе прынялі ўдзел калектывы прадпрыемстваў, сацыяльных арганізацый, устаноў адукацыі. Традыцыйна ўзначальваў калону «Беларусь памятае. Памятае кожнага» з фотаздымкамі ветэранаў у руках іх нашчадкаў. Асобнае месца ў шэсці займалі выхаванцы патрыятычных класаў і клубаў, для якіх мерапрыемства стане асаблівым урокам памяці.


На працягу ўсяго маршруту Парад Перамогі мінаў розныя пляцоўкі, на якіх гучалі песні ваенных гадоў, а на гарадской плошчы пераможны вальс і іншыя танцавальныя нумары выконвалі маленькія і дарослыя артысты пружанскай самадзейнасці. Шэсце ў суправаджэнні калоны ваеннай, спецыяльнай і мірнай тэхнікі прайшло да помніка «Спаленым вёскам», дзе адбыўся другі мітынг. І хаця па ранжыру ён стаў працягам ранішняга мерапрыемства, па маштабнасці яго можна было аднесці да разраду асноўных. На скрыжаванні Піянерскай і Савецкай, на мемарыяльнай пляцоўцы размясціліся некалькі тысяч удзельнікаў. Над чалавечым морам луналі дзяржаўныя сцягі, вымпелы калектываў і грамадскіх арганізацый. З удзячнасцю за падобнае яднанне да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.

— Ніколі Перамога не страціць для нас свайго значэння, як сімвал
бяспрыкладнага подзвігу і мужнасці нашых продкаў,—падзяліўся Міхаіл Міхайлавіч.—Яны паказалі нам, як трэба змагацца за мір. Што і мы працягваем рабіць, толькі ўжо на працоўных франтах.

Ад імя моладзі клятву ў захаванні гэтых традыцый выказала першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Анастасія Максіменка. Да духоўнай чысціні, якая была абмыта крывёю мільёнаў людзей і нарадзілася ў ваенным полымі, заклікалі благачынны Пружанскага раёна айцец Міхаіл і ксёндз Юрый.
Пасля мінуты маўчання да абеліска былі ўскладзены кветкі і вянкі.

Як гэта і рабілі ўсе, хто не паленаваўся і наведаў лакацыі гарадскога парка. З апоўдня там былі ўсталяваны палаткі выязнога гандлю, разбіты фудтракі і падрыхтаваны атракцыёны. Ніводная лакацыя не заставалася пустой да канца святочнага дня.
Чым заняцца мелася як дзятве, так і дарослым. Першых зацягвалі інтэрактыўныя выставы ваеннай тэхнікі, аквагрым, фотазоны, розныя салодкасці і цацкі.

Другім было цікава пазнаёміцца з вырабамі «Горада рамеснікаў», паспытаць салдацкай кашы, прыгатаванай работнікамі МНС, а таксама з задавальненнем паглядзець тэматычную канцэртна-паэтычную праграму «Наша вясна! Наша Перамога!», якую падрыхтавалі школьнікі разам з педагогамі і калектывамі пружанскай самадзейнасці. Варта прызнаць, што атмасферу добрага настрою не могуць перадаць статычныя фотаздымкі. Але паверце, аб’ектыў нашага фотакарэспандэнта ні ў адным кутку не зафіксаваў сумных людзей. Той, хто прыйшоў сюды, абавязкова застаўся задаволеным і пакінуў у сваёй памяці выдатныя
ўспаміны.

На працягу ўсяго дня над паркам лунала музыка і песні.
Перад вячоркам аматараў патанцаваць заклікала пляцоўка перад Пружанскім палацыкам, дзе адбылася музычна-танцавальная праграма «Квітнеючы і спяваючы май». А як толькі сонца зайшло за гарызонт, святочнае дзейства перамясцілася на гарадскую плошчу, на
летняй эстрадзе якой пачаўся канцэрт «Музычны салют Перамогі» ў выкананні сталічных артыстаў. За імі песенны марафон працягнуў кавэр-бэнд з Брэста, які надаў святочнай энергіі майскаму вечару. І хаця надвор’е выдалася не па-веснавому халодным, у душы гледачоў было цёпла ад запальных мелодый.

А градус унутранага цяпла яшчэ больш узняў песенны флэшмоб «Спяём «Дзень Перамогі» разам!», у якім прынялі ўдзел некалькі сотняў аматарскіх спевакоў. Сапраўдны гімн міру выдатна выконвалі як людзі «залатога ўзросту», якія выраслі з гэтай песняй на вуснах, так і сучаснае пакаленне, якое ведае пра цану вайны толькі з расказаў.

Вогненна-лазерную кропку святкаванню Дня Вялікай Перамогі паставіў грандыёзны салют.

Яго было бачна з усіх куткоў горада і чуваць далёка навокал. Аднак весялосць яшчэ працягвалася і далей, бо раніцай пачыналася нядзеля і можна было доўга не класціся спаць, а прыняць удзел ў энергічнай начной дыскатэцы на гарадской плошчы.


Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік

Больш фота тут