
Ёсць у Пружанскім раёне маленькая лясная вёсачка Прыкалесь, якая прытулілася да самай Белавежскай пушчы. Сёння ў ёй засталося некалькі пажылых жыхароў, а некалі тут кіпела жыццё: нараджаліся дзеці, гулялі вяселлі, працавалі ад ранку да вечара, спявалі народныя песні… Прырода спрыяла быту жыхароў, якія былі не толькі земляробамі, збіральнікамі грыбоў і ягад, але і таленавітымі паляўнічымі, леснікамі, дрэваапрацоўшчыкамі.
У гэтым маляўнічым куточку, калі прырода асыпала зямлю залатым лістападаўскім дажджом, у 1922 годзе нарадзіўся мой дзед Сяргей Сцяпанавіч Купраш, чалавек складанага лёсу, шчырага сэрца і адкрытай душы, удзельнік, інвалід і герой Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

Дзядуля паходзіў з заможнай працавітай сялянскай сям’і Купрашаў. Да вайны працаваў на сваёй гаспадарцы, дапамагаў бацькам: араў, сеяў, касіў. У дваццацігадовым узросце пазнаёміўся з будучай жонкай (маёй бабуляй) Вольгай Канстанцінаўнай Міхальчук, ураджэнкай вёскі Буда. Цёплым красавіцкім днём, у дзень 18-годдзя Вольгі, маладыя ўзялі шлюб. Але шчасце маладой сям’і было нядоўгім. У 1942 годзе іх прымусова вывезлі на працу ў нацысцкую Германію. Мільёны савецкіх грамадзян былі адпраўлены ў няволю, дзе працавалі на заводах і ў прыватных гаспадароў у цяжкіх умовах. Дзядулю з бабуляй разлучылі: яны апынуліся ў розных гаспадароў, хаця бабуля ўжо насіла пад сэрцам маленькага Валодзю, майго бацьку. Яна трапіла ў горад Оснабрук (Ніжняя Саксонія). Тут размяшчаўся буйны лагер для ваеннапалонных і грамадзянскіх асоб. Лагерны нумар бабулі быў 4476. Яна працавала пакаёўкай у гаспадароў. Тут 29 лютага 1943 года нарадзіўся яе сын Валодзя.
У 1944 годзе пасля вызвалення Вольга Канстанцінаўна з маленькім сынам вярнулася дадому, да бацькоў мужа. А Сяргею Сцяпанавічу трапіць дахаты не ўдалося: 12 студзеня 1945 года дзядулю прызвалі на фронт. У красавіку 1945 года ў адным з баёў пад Кёнігсбергам быў моцна паранены: мінай адарвала левую нагу. Знаходзіўся ў стане непрытомнасці, і яго палічылі мёртвым. На шчасце, дзядуля ачуняў. Яго знайшлі санітары і адправілі ў ваенны шпіталь горада Казань, дзе ён доўга лячыўся. Сувязі з роднымі не было, не ведаў, ці жывыя яны, што з жонкай і з маленькім сынам.
Бабуля ў хуткім часе атрымала пахавальны ліст, у якім было напісана, што муж яе загінуў у адным з баёў пад Кёнігсбергам і пахаваны ў брацкай магіле. Вялікім было гора маладой жанчыны, але трэба далей жыць, гадаваць сына. Многія мужчыны вёскі прапаноўвалі ёй сэрца і руку, бо ўдаўцоў, адзінокіх людзей у той час было шмат. Але яна сэрцам не верыла пахавальнаму лісту і працягвала чакаць. І цуд адбыўся: у канцы 1945 года дзядуля вярнуўся, хаця і інвалідам. Вярнуўся да сына, да сваёй любай Олюшкі (так усё жыццё называў ён маю бабулю). У сям’і пазней нарадзілася яшчэ двое дачок, а потым з’явіліся і сямёра ўнукаў.
6 красавіка 1985 года дзядулю ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны І ступені.
Даўно ўжо няма ў жывых маіх продкаў, але памяць жыве. Яна вечная, таму што адводзіць нас ад спакусы рабіць памылкі, а яшчэ вучыць жыць па законах чалавечнасці. Не будзе такой памяці — не будзе сям’і, не будзе і дзяржавы. Як пісаў Анатоль Вярцінскі: «Жыць трэба, сябры мае, памятаючы…»
Ірына Астапчук, настаўніца СШ № 4
г. Пружаны
