Вторник, 16 июня 2026

Пакуль раса…

909

Некалі так і касілі: з самага ранку нашы дзяды і бацькі дружна выходзілі на нарыхтоўку кармоў для свойскай жывёлы. Работа была цяжкай, але вельмі неабходнай. Час ідзе, але ў жывёлагадоўлі і зараз без якаснага корму карова малака многа не дасць. Таму гаспадаркі раёна актыўна прыступілі да першага ўкосу, які павінны скончыць на працягу дзесяці дзён. План для Пружаншчыны па ўборцы траў — 26 тыс. га. На 29 мая ўжо маем 51212 тон сенажу, у працэнтных суадносінах гэта 14,9%.

У ліку першых пачалі нарыхтоўку травы для жывёлагадоўлі ў ААТ «Велікасельскае Агра», план па ўборцы першага ўкосу — 1300 га. У гаспадарцы самыя вялікія надоі малака на карову ў раёне, у тым ліку дзякуючы збалансаванаму харчаванню жывёлы, калі нават і думкі не дапускаецца аб няякасным кармленні, выключаюцца любыя форс-мажорныя сітуацыі. У гэты панядзелак пачалі касьбу і, па словах спецыяліста па кормавытворчасці Аляксандра Давідзюка, на бягучым тыдні закончаць, дзякуй, што надвор’е спрыяе.


На момант прыезду карэспандэнтаў «раёнкі» ва ўрочышча Галлі, што за вёскай Зарэчча, работа кіпела поўным ходам. Вока радавалася зладжанасці і адказнасці за даручаную справу. Сапраўдны калектыў сельскіх працаўнікоў.

Тры адзінкі тэхнікі на адным палетку займаліся касьбой, пагода сухая, таму стараюцца механізатары на ўсю сілу, за дзень убіраюць у сярэднім да 150 га. Пасля чаго трава падвяльваецца тры-чатыры гадзіны. Абавязковы крытэрый — утрыманне сухога рэчыва (норма — 34-37%) у травяной масе, якое вызначаецца тут жа партатыўным аналізатарам. Інакш можна загубіць корм.

Далей прыступаюць да валкавання (для таго дастаткова двух трактароў), далейшага здрабнення і вывазкі. Для апошняга віду работ выкарыстоўваецца прыблізна дзесяць аўтамабіляў «МАЗ», на якіх даводзіцца па 60 тон грузу. Цяпер асноўная ўвага МТФ «Вялікае Сяло № 1», куды і дастаўляецца сянажная маса. Каб хутка падкісліць раслінную сыравіну і забяспечыць абарону ад разагрэву корму, у сельгаставарыстве выкарыстоўваецца кансервант кампаніі «Лалеманд» (Францыя). Па навуцы і рэзультат адпаведны будзе. Трамбоўка і ўкрыццё сенажу — ключавыя этапы яго нарыхтоўкі, ад якіх залежаць выдаленне кіслароду і папярэджанне развіцця цвілі. Для якаснага кансервавання масу ўшчыльняюць два «Амкадоры» і «Джон Дзір» з кампактарам, затым герметычна закрываюць мнагаслойнай плёнкай. Дарэчы, пасля ўборкі травы ў ААТ «Велікасельскае Агра» ўсе палеткі адразу падкормліваюцца. Гэта дасць магчымасць узяць добры ўраджай другога ўкосу.

Рабочы час для працаўнікоў — дванаццаць гадзін: нямала, але нельга ўпусціць ніводнай мінуты, бо ад яе залежыць, як аператыўна спрацуюць, колькі корму назапасяць для жывёлагадоўлі. Кіраўніцтвам гаспадаркі робіцца ўсё магчымае, каб заахвоціць людзей, у тым ліку і ў грашовым эквіваленце. Таксама кожны ўдзельнік касавіцы забяспечаны гарачымі, смачнымі абедамі і вячэрамі, якія гатуюцца ў сталовай сельгаставарыства. Увага кожнаму — і вынік адразу навідавоку. Гэтым і славіцца ААТ «Велікасельскае Агра».

Час бяжыць няўмольна. І вось зноў клічуць родныя палеткі, прайшла сяўба, сваёй чарадой ідзе касьба, не за гарамі і збор ураджаю. Сельскія працаўнікі з году ў год займаюцца высакароднай справай, якая ніколі не згубіць сваёй важнасці і актуальнасці.

Вадзім Раўнейка

На здымках: працуе зялёны канвеер; быць адданым сельскай гаспадарцы — для вадзіцеля Юрыя Бірука не пустыя словы.

Фота Кацярыны Масік