Назвай новага зборніка вершаў паэтаў Брэстчыны «Чыстая музыка неба», які выпусціў у свет выдавецкі дом «Звязда», стаў радок з твора аднаго з яго аўтараў — Міколы Антаноўскага. Напэўна, менавіта гэтая метафара найбольш яскрава, на думку рэдактараў, падкрэсліла не проста любоў аўтараў зборніка да роднай зямлі, але і імкненне з дапамогай паэтычнага слова прымусіць чытача да роздуму пра сэнс жыцця, сваё месца на зямлі.
І, пэўна, на свеце так трэба,
Каб марамі вечна былі
І чыстая музыка неба,
І светлая песня зямлі…
Прэзентацыя зборніка сабрала ў Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы аматараў паэзіі, людзей, нераўнадушных да мастацкага слова, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, а таксама навучэнцаў аграрна-тэхнічнага каледжа.

З пружанскімі чытачамі сустрэліся адзін з аўтараў зборніка, наш зямляк Мікола Антаноўскі, а таксама старшыня Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч і літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Уладзімір Сенькавец.
Як расказала Таццяна Дземідовіч, галоўнай нагодай дня сустрэчы стала прыемная падзея — выхад у свет паэтычнага зборніка, у якім сабраны пад адной вокладкай — лепшыя вершы баранавіцкага аўтара Міколы Бусько, пінскага — Анатоля Шушко і пружанскага —Міколы Антаноўскага.
— Сёлетні год у нашай краіне — гэта Год якасці. У стаўленні да творчасці, да нашай дзейнасці якасць — гэта больш увагі да сапраўднай літаратуры, — падкрэсліла Таццяна Анатольеўна. Як сапраўдную, якасную паэзію яна ахарактарызавала творчасць Міколы Антаноўскага, які ўнёс значны ўклад у скарбонку сучаснай літаратуры.

Нагадаем, што Мікалай Дзмітрыевіч Антаноўскі 32 гады (1984—2016) быў галоўным рэдактарам пружанскай раённай газеты і менавіта гэты перыяд яго жыцця стаў асабліва плённым: былі выдадзены зборнікі вершаў «Святаяннік» і «Падсочаны бор», выйшла ў свет кніга нарысаў «Зялёная рапсодыя: лясы і лесаводы Пружаншчыны». Але муза не пакінула паэта і пасля выхаду на заслужаны адпачынак. У 2019 годзе з‘явіўся зборнік вершаў і роздумаў «Як ліст сярод лістоў…», які прынёс перамогу ў абласным літаратурным конкурсе «Духоўная веліч». Мікола Антаноўскі ў 2021 годзе стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка ў намінацыі «Паэзія», а ў 2022-м за верш «Балада пра вятрак» атрымаў дыплом пераможцы конкурсу «Слёзы сясцёр Хатыні».
Уладзімір Сенькавец больш падрабязна і прафесійна прааналізаваў вершы Міколы Антаноўскага з новай кнігі, ацаніў іх высокі мастацкі ўзровень, глыбокі сэнс, гармонію.
— Творчасць Антаноўскага — вельмі глыбокая, гэта сапраўдная повязь лірычнага, эстэтычнага, духоўнага і інтэлектуальнага пачаткаў, — адзначыў Уладзімір Адамавіч. — Паверце, я чытаў вершы і кожны мне хацелася прамовіць услых. Наогул, паэзія — дзіўная рэч, яна прымушае думаць, асэнсоўваць, адчуваць. Мастацкае слова — вялікі чараўнік, а той, хто валодае гэтым словам, стварае сапраўдны цуд, уздымаецца да філасофскіх вяршынь. Сярод такіх стваральнікаў цудаў — і ваш зямляк.
Кожны год Хрыстос уваскрасае,
Каб памерці перад гэтым зноў
На крыжы.
Пра тое ўсякі знае,
Ды не ўсякі ходзіць
да крыжоў.

У размове пра творчасць, наладжанай гасцямі і работнікамі бібліятэкі, мог прыняць удзел кожны прысутны. Зразумела, чыталі вершы, задавалі пытанні. Некага зацікавіла паэтычная «кухня». Але на пытанне, як нараджаюцца вершы, Мікола Антаноўскі не змог даць канкрэтнага адказу: натхненне — рэч капрызная, ён сам, напрыклад, большасць твораў «нарадзіў» па дарозе ў рэдакцыю, падчас пешай хады. Падкрэсліў толькі, што майстэрства дасягаецца штодзённай працай, і заклікаў юнакоў не спяшацца стаць дарослымі, а паступова набываць уласны жыццёвы вопыт.
Мікалай Дзмітрыевіч расказаў пра свой жыццёвы і творчы шлях, пра родную вёску Сташаны на Піншчыне, ураджэнцам якой таксама быў і Анатоль Шушко (на жаль, у 2018 годзе ён пайшоў з жыцця).
Падаюць і падаюць лісты…
Дзе мае згубіліся сляды?
Іншымі, напэўна, затаптаны
Ці сцяжыны параслі быллём,
Бо не так прыветліва Сташаны
Прывячаюць смехам і цяплом.

Мне здаецца, эмацыянальнае і артыстычнае выступленне Уладзіміра Сенькаўца, шчырыя аповеды пра сябе Міколы Антаноўскага і Таццяны Дземідовіч, якія, што называецца, ішлі ад сэрца, былі найперш карысныя юным удзельнікам творчай сустрэчы. На жаль, у цяперашні час папяровая кніга адыходзіць на другі план, а жывое слова саступае пальму першынства смайліку, «лайку», віртуальнай выяве. Але ж менавіта ў слове, думцы, натхненні, мастацкім вобразе, створаным чалавекам, а не штучным інтэлектам, — наша сэрца, наш розум. І размова, падобная да той, што адбылася ў бібліятэцы, падштурхоўвае да роздуму, да працы душы.
Магчыма, у гэтым і ёсць асноўная задача паэзіі?
Ірына Сядова
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_304989491 і https://ok.ru/budni/album/985380233864
