Среда, 19 августа 2026

Падчас пасяўной усё ідзе чарадой

426

Некаторыя сельгаскультуры ў нашым раёне ўжо пасеяны. А вось з кукурузай яшчэ трэба пачакаць. З сяўбой на зялёны корм на панядзелак бягучага тыдня гаспадаркі справіліся на 27 %, на 2245га (66 %) «царыцу палёў» пасеялі і на зерне.

У ААТ «Агра-Калядзічы» ўжо не першы год ураджай кукурузы атрымліваюць вельмі высокі. Бо пралічваюць усе нюансы, у тым ліку і кліматычныя ўмовы: апошнім жа часам дажджоў не так ужо і многа.

Праводзяцца доследы з гібрыдамі сельгаскультуры, тым самым падбіраецца насенне, якое найбольш прыдатнае да глебы ў гаспадарцы, вытрымлівае засуху. Дарэчы, плошча ў 1600 га (з іх 200 на зерне) дазваляе поўнасцю забяспечыць сябе кармамі на цэлы год, каб не турбавацца, чым накарміць жывёлу і не знізіць надоі малака.

А яшчэ ў таварыстве стаўка робіцца на замежную селекцыю. Вось, напрыклад, ва ўрочышчы «Маяк» на 180 га каля в. Дабучын высяваўся пазаўчора ранні гібрыд «талісман», устойлівы да нізкіх тэмператур, непераборлівы да глебы, наогул лідар па пасяўных плошчах у Беларусі. У мінулым годзе атрымалі ад гэтага сорту 370-400 цэнтнераў зялёнай масы і 100-110 ц на зерне.

Каля вёскі Замошша ў той жа дзень закладвалі ў зямлю ранні гібрыд «прэмія», які вылучаецца ўстойлівасцю да хвароб і палягання, выдатнай вільгацеаддачай, высокай стойкасцю да спёкі. З часам дойдзе чарга і да позніх сартоў «мадлен» і «імпульс». Усё робіцца для таго, каб потым уборка на корм праводзілася паступова, па тэрмінах выспявання, без асаблівай спешкі, закладваючы ў траншэі толькі якасны корм.

На першым палетку шчыраваў вопытны, у нечым нават незаменны механізатар Віктар Чэрнік, якому ўжо не першы год кіраўніцтва ААТ «Агра-Калядзічы» давярае такую важную работу, як сяўба. На трактары «Фэндт» у счэпцы з 16-раднай сеялкай «Кінза» Віктар Аляксандравіч засявае за дзень па 60 га. А такому шчыраму працаўніку ўсё пад сілу, бо душой за зямлю і любоўю да справы.

А каля Замошша па-маладзецку спраўляўся з сяўбой кукурузы на трактары «Беларус 1221» трактарыст-машыніст Сяргей Янушка. І дае сабе 25 га, канечне, менш за свайго калегу, але ж і сеялка «Плантар 3» у два разы меншая па радках. Толькі тут галоўнае — працавітасць і адказнасць, а гэтага механізатару не займаць!

З цягам часу мяркуецца падключыць трэцюю сеялку і да 9 мая разлічыцца з кукурузай. І можна не сумнявацца, што так і будзе, бо працаўнікі ў ААТ «Агра-Калядзічы» слоў на вецер не кідаюць.

Нельга забыць і вадзіцеля «МАЗа» Уладзіміра Зеленяка, які задзейнічаны на падвозе насення кукурузы на дзве сеялкі. Мужчына многа гадоў аддаў сельгаставарыству, спраўна выконвае свае працоўныя абавязкі, для яго любая работа важная, другараднай не бывае. Сказалі падвозіць кукурузу — будзе зроблена.

Паездзіш па палетках, палюбуешся роднымі краявідамі, пагутарыш са сціплымі і шчырымі людзьмі. І на душы становіцца спакойна за будучыню сваёй краіны. Ну, не можа ў нас быць інакш з такімі адданымі справе сельскімі працаўнікамі!

Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі