Понедельник, 9 декабря 2024

Падарунак ад НАК на «Вытокі»: у Пружанах урачыста адкрылі новы скейт-ролер парк (+многа фота)

317

У бягучым годзе юбілейны 20-ы спартыўна-культурны фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу», які праводзіць Нацыянальны алімпійскі камітэт, было вырашана правесці ў пашыраным фармаце. Для чаго быў абраны адзін горад у Беларусі, і ім сталі Пружаны. Але сёлетнія змены закранулі не толькі спосаб правядзення свята, але і падыходы арганізатараў. У прыватнасці, у рамках падрыхтоўкі фестывальнай пляцоўкі райцэнтру ад НАК быў падораны шматпрофільны скейт-ролер парк, цырымонія адкрыцця якога прайшла на другі святочны дзень.

Мерапрыемства сабрала тысячы гледачоў. Сярод іх былі не толькі жыхары нашага горада і раёна, Брэсцкай вобласці: на аўтамабільных стаянках занялі месцы легкавікі і аўтобусы амаль з усіх рэгіёнаў Беларусі. Таму адкрыццё стала адной з маштабных падзей фестывалю. І гэта тычылася не толькі гледачоў, але і ўдзельнікаў цырымоніі.

Распачаў яе старшыня Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктар Лукашэнка, які з першых слоў выказаў свае прыемныя ўражанні ад прыгажосці Пружан, а яшчэ больш — ад гасціннасці пружанцаў. Госцю таксама спадабалася стаўленне гараджан да свайго населенага пункта, тая шчырасць, з якой мясцовыя работнікі і ўстановы рыхтаваліся да грандыёзнага мерапрыемства.

— І своеасаблівай падзякай за вашу самаадданасць стане наш падарунак — скейт-ролер парк, — зазначыў Віктар Аляксандравіч. — Хаця зараз яго нельга назваць «чыста» нашым, таму што ў будаўніцтве і давядзенні да фінальнага выгляду прымалі ўдзел сотні работнікаў з дзясяткаў іншых арганізацый. А ўпрыгожвалі яго сваімі рукамі самі юныя пружанцы ў рамках мастацкага майстар-класа «стАРТ».

Варта больш падрабязна спыніцца на асаблівасцях падарунка. Гэта не проста гульнявая пляцоўка, яе аб’екты — перашкоды і выпрабаванні — распрацаваны з улікам патрабаванняў алімпійскага ўзроўню. І цяпер у гэтым парку можна рыхтаваць нават будучых удзельнікаў сусветных алімпіяд па такіх відах спорту, як кікскутэрынг, скейтбордынг, маўнцінбайк і веласіпедны мотакрос (ВМХ). Таму варта спадзявацца, што да заняткаў дзевяці алімпійскімі відамі спорту, што зараз практыкуюцца ў Пружанах, дабавяцца яшчэ некалькі. З перспектывай займець сярод нашых землякоў алімпійскіх чэмпіёнаў.

Пацвярджэннем такіх спадзяванняў стала відовішчная апрабацыя адкрытай пляцоўкі, што ажыццявілі шматразовыя чэмпіёны Расіі па скейтбордынгу і ўдзельнікі Алімпійскіх гульняў у Токіа Аляксандр Гусеў, Ягор Кальдзікаў, Аляксандра Цімоніна, а таксама лепшыя беларускія прадстаўнікі ролер-спорту, мацнейшыя каманды па брэйкінгу (LKZ і Young Generation), якія складаюцца з чэмпіёнаў Еўропы, свету 2017 года і чэмпіёнаў Рэспублікі Беларусь. Пасля такой дэманстрацыі можна ўпэўнена сцвярджаць, што новая спартыўная пляцоўка — падарунак ад НАК — стане папулярным месцам баўлення вольнага часу і нават для прафесійных заняткаў спортам не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых. У чым можна не сумнявацца, бо адразу пасля заканчэння цырымоніі адкрыцця скейт-ролер парк «захапілі» дзясяткі юных пружанцаў на скейтах і веласіпедах.

Увогуле мерапрыемства, нягледзячы на хуткасць сцэнарыя, стала вельмі відовішчным за кошт танцавальных і песенных нумароў вядучых калектываў Беларусі. Іх нумары настолькі гарманічна былі ўпісаны ў дзею, што нават перарэзванне чырвонай стужкі, у якім прынялі ўдзел старшыня НАК Віктар Лукашэнка, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка і старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, таксама стала часткай выступлення. Увогуле, кожны трук суправаджаўся шчырымі апладысментамі глядацкай аўдыторыі, а фінальны салют адкрыцця парку аказаўся настолькі нечаканым, што ўразіў усіх удзельнікаў.

Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з «Вытокаў» глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_302969448 і https://ok.ru/budni/album/979734712200