Ён дакладна ведае, што падарожнічаць у часе ўсё ж магчыма, а на пытанне: «Ці можна ажывіць гісторыю?» — дае станоўчы адказ. Ужо некалькі гадоў метадыст гарадскога Палаца культуры Вячаслаў Краўчук з’яўляецца рэканструктарам і такім чынам робіць свой унёсак у захаванне гістарычнай памяці.

З маленства Славу цікавілі падзеі Вялікай Айчыннай. Успамінае, што заўсёды з вялікім інтарэсам чытаў пра баі, ваенную форму і атрыбутыку, тэхніку. Нядзіўна, што самым любімым яго прадметам у школе была гісторыя. З ёй Вячаслаў вырашыў звязаць жыццё, таму і паступіў на гістарычны факультэт Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С. Пушкіна.
— Гэта быў сапраўды цікавы і насычаны час, як, мабыць, і ў любога студэнта. Менавіта на гістфаку, асабліва падчас вывучэння спецдысціплін, сутыкнуўся з ваеннай гісторыяй больш цесна. Ну а як, калі жывеш у Брэсце, не трапіць на ваенную рэканструкцыю 22 чэрвеня? Калі першы раз апынуўся на ёй у якасці гледача, у прамым сэнсе слова дух заняло. Здавалася, што ты сапраўды на нейкі час перанёсся ў страшную раніцу 41-га… — успамінае наш герой.
Праўда, думка пра далучэнне да рэканструктарскага руху ў Вячаслава Краўчука ўзнікла пазней, ужо падчас службы ва Узброеных Сілах. Разумеў: узровень яго ведаў дазваляе стаць удзельнікам ваенна-гістарычнага клуба. Выйшаў на будучага калегу з Камянца, які падказаў, з чаго трэба пачынаць. А яшчэ адразу абазначыў праблему: сярод рэканструктараў вельмі не хапае людзей, якія змаглі б сыграць ворагаў. Усе ж хочуць быць «нашымі», чырвонаармейцамі. Вячаслаў думаў доўга, але ў выніку рашыўся. Так ён стаў членам бярозаўскага ваенна-гістарычнага клуба «Заходняя мяжа».

— Чаму вермахт, а не Чырвоная Армія? Гэтае пытанне даводзіцца чуць часцей за іншыя, — кажа метадыст. — Але тут няма ніякай палітычнай падаплёкі ці, крый божа, праслаўлення тых страшных зверстваў. Вайна адбілася болем для кожнай сям’і, для нашай — таксама: майго прадзеда расстралялі пад Слабудкай. Калі ж сутыкаюся з папрокамі ў свой адрас, адказваю, што без паказу варожага боку не адбылося б і самой рэканструкцыі. Па сутнасці, гледачы прыходзілі б на выставу ваеннай формы і тэхнікі. Толькі наяўнасць дзвюх сіл — ворагаў і абаронцаў — дазваляе ажывіць гісторыю.
Разглядаем фотаздымкі. Калі б яны не былі каляровымі, а на заднім фоне не віднеліся гледачы, можна было б падумаць, што гэта дакументальная фотахроніка. Менавіта такога эфекту, па словах мужчыны, і імкнуцца дасягнуць рэканструктары. Калі ўдзельнікі цалкам пагружаюцца ў акцёрскую гульню, а гледачам здаецца, што ўсё ўбачанае адбываецца насамрэч, рэканструкцыя атрымліваецца сапраўды ўдалай.
Немалаважнае значэнне пры гэтым мае асэнсаванне таго, які гістарычны прамежак ты ажыўляеш. Вячаслаў кажа, што іграе вайскоўца 45-й пяхотнай дывізіі 135-га палка вермахта. Адпаведна, удзельнічае ў рэканструкцыях падзей 1935-1942 гадоў. Згодна з гэтым перыядам падбіралася ўніформа (яе шылі на прыватнай фірме ў сталіцы). А вось каскі, боты, рамяні даволі часта ўнікальныя. У дадзеным выпадку рэканструктары становяцца рэстаўратарамі. У рабоце ўдзельнікаў ваенных клубаў для стварэння большага ўражання ёсць свае нюансы. Напрыклад, патрабуецца мець максімальна акуратную вопратку, калі іграюць наступленне, і ў літаральным сэнсе запэцкацца, калі паказваюць паражэнне. Нават «паміраць» трэба правільна: таму, каго «забілі», рухацца нельга зусім.
— Мы ўсе — людзі розных прафесій, жывём у розных гарадах. Сярод амаль 40 членаў клуба ёсць жыхары Бярозы, Камянца, Масквы… Але гісторыя сапраўды аб’ядноўвае. Многія сталі сябрамі, фактычна, другой сям’ёй, — дзеліцца Вячаслаў.

Толькі сёлета разам з калегамі па захапленні ён пабываў на рэканструкцыях у Бярозе, урочышчы Хаваншчына і ў Брэсцкай крэпасці. Аказваецца, усе яны зафіксаваны ў салдацкай кніжцы ці ваенным білеце, які выдаецца кожнаму рэканструктару і з’яўляецца своеасаблівай працоўнай кніжкай. Дарэчы, менавіта ў Брэсцкай крэпасці Вячаслаў атрымаў сваю першую рэканструктарскую ўзнагароду — дыплом ад аблвыканкама, абласнога ЦМТ і брэсцкага клуба «Гарнізон».
— Выдатна памятаю сваю першую рэканструкцыю, якая адбылася ў комплексе «Гасціны двор», што ў вёсцы Няхачава Івацэвіцкага раёна. Хваляванне захоўваецца дагэтуль, — расказвае Вячаслаў. — Вельмі хочацца, каб падобныя рэканструкцыі хаця б раз на год праходзілі і ў нас, у Пружанах. Паверце, гэта магчыма. А мы, рэканструктары, робім гісторыю жывой толькі для адной мэты — захавання памяці і разумення таго, што страшныя падзеі не павінны паўтарыцца ніколі.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік і з асабістага архіва Вячаслава Краўчука
