Вторник, 16 июня 2026

Пад мірным небам. Шані

644

Падчас правядзення Другога фестывалю, прысвечанага святу Вялікай Перамогі, колькасць людзей у гэтым аграгарадку павялічылася на парадак. Што ж прыцягнула сюды шматлікіх гасцей з розных куткоў як Пружаншчыны, так і іншых рэгіёнаў?

Пагалоска пра Першы фестываль, які быў летась наладжаны па ініцыятыве кіраўніцтва ААТ «Шані-аграпрадукт», разышлася настолькі далёка, што ў бягучым годзе яго паўтарэнне вырашылі наведаць і жыхары іншых краёў. І ніхто не застаўся расчараваным.

У прыватнасці, мерапрыемства істотна пашырылася. Няма сэнсу пералічваць розныя лакацыі, дастаткова сказаць, што для таго, каб наведаць усе і атрымаць задавальненне, можна было патраціць не больш за паўгадзіны. А інакш усюды і не ўдалося б патрапіць. Таму многія проста выбіралі аднудзве лакацыі па душы і «завісалі» там на пару гадзін. Нехта захапляўся гандлёвымі лаўкамі, якія прапаноўвалі прысмакі, сувеніры, цацкі, падарункі. Іншыя выпрабоўвалі сваю трапнасць на стрэльбавых стэндах, выбіваючы «яблычак» з пнеўматычных пісталетаў або аўтаматаў. Шмат наведвальнікаў з радасцю пабывала на інтэрактыўных пляцоўках з ваеннай, спецыяльнай і сельскагаспадарчай тэхнікай. А там можна было нават пасядзець за рулём кулямётнага аўтамабіля або запусціць сірэну МНС. А колькі было розных атракцыёнаў, некаторыя з якіх былі даволі новыя — гіганцкі дартс, крыа-шоу, лятаючая цукровая вата, аблокі бурбалак і многія іншыя. А паміж імі хадзілі люстэркавыя зайкі, роставыя лялькі і хадулісты, побач з якімі фатаграфаваліся на памяць сотні і сотні чалавек.

Безумоўна, арганізатары прадумалі такое размяшчэнне лакацый, каб наведвальнікі маглі задаволіць не толькі душу, але і цела. Для чаго былі створаны фудтракі з рознымі прысмакамі і напоямі, а яшчэ салдацкай кашай. Найбольшая чарга выстраілася менавіта да палаткі «Шчодрыя Пружаны», у якой работнікі «малочкі» частавалі ўласным марожаным. Здзіўлялі сваім асартыментам прапановы і ад райспажыўтаварыства, і ад ААТ «Ружаны-Агра».

Святкаванне распачалося апоўдні, і да самага змяркання цэнтр аграгарадка змяшчаў не адзін дзясятак тысяч наведвальнікаў. Ні на секунду не сціхала музыка, гоман галасоў і смеху. Асаблівую нотку ў гэта фестывальнае асяроддзе ўносілі музыкальныя выступленні. Спачатку знаёмыя многім песні і мелодыі выканаў ваенны аркестр унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь. Потым яго змянілі артысты Палаца культуры, разам з якімі на сцэну падымаліся і мясцовыя выканаўцы — выхаванцы шаняўскіх устаноў адукацыі. Дарэчы, ім кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі ўручыла карысны падарунак — новенькі прынтар.

Нумары цягнуліся за нумарамі, не было ніводнага перапынку да самага заходу сонца. Як толькі сціхала музыка, усе госці і мясцовыя жыхары запрашаліся на розныя афіцыйныя часткі праграмы. Напрыклад, сёлетняй «рызынкай» фестывалю «Пад мірным небам. Шані» стала адкрыццё ўласнага «цуду аграгарадка» — сухога ці пешаходнага фантана з падсветкай. Традыцыйную чырвоную стужку перарэзалі і далі старт гэтаму аб‘екту дырэктар ААТ «Шані-аграпрадукт» Аляксандр Якімавец і намеснік па ідэалагічнай рабоце таварыства Алёна Пакала. Вось так у Шанях з’явілася яшчэ адно месца для правядзення запамінальных прагулак і збору сэлфі. Не здзіўлюся, калі хутка ў гэтым аграгарадку заўважна падаражэе нерухомасць.

Пасля чаго быў праведзены розыгрыш прызоў, колькасць якіх сёлета таксама падрасла. Разам з рознымі рэчамі, грашовымі сертыфікатамі разыгрывалася і сельскагаспадарчая жывёла, дзякуючы чаму нехта завалодаў пеўнікам, а хтосьці і парсючком.


Андрэй:
— Я сам з Пружан, але на першы фестываль не трапіў, аб чым зараз шкадую. За гэты дзень атрымаў вельмі шмат уражанняў, а яшчэ і падарунак ад арганізатараў, які застанецца на памяць.

Ксенія:
— На адкрыццё фестывалю не паспела, але і праведзеных некалькіх гадзін хапіла, каб прывесці мяне ў стан прыемнага шоку. Асабліва спадабалася марожанае ад «малочкі». І, канешне, выйграны прыз, які буду з любоўю расціць.

А як толькі пачало змяркацца, на галоўную сцэну фестывалю падняўся кавэр-бэнд, які запальваў гасцей і гаспадароў насычанай музычнай праграмай. Пасля чаго святла дабавіла фаер-шоу, якое ператварыла ноч у дзень. З працягам — дыскатэкай ад «Радыё Брэст». Заключнай часткай стаў маштабны феерверк, які расквеціў святочнае неба рознымі колерамі. Разыходзіліся-раз’язджаліся наведвальнікі фестывалю толькі з адным пажаданнем: каб такое мерапрыемства паўтарылася і ў наступным годзе.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік